Среда, 11 декабря 2019

Гісторыя з фатаграфіяй. Дзяўчына ў скверы

327

У другой палове 20-га стагоддзя да Пружаншчыны дайшла «мода» на рознага кшталту скульптуры — сімвалы эпохі. Знакамітай дзяўчыны з вяслом, здаецца, не было, але выявы  жанчын і дзяўчат з каласамі, снапамі, птушкамі, кніжкамі,  піянераў з адпаведнай атрыбутыкай упрыгожвалі  школьныя двары, скверы, перасячэнні вуліц.

Былі скульптуры, зразумела,  з ліку недарагіх, таму з часам яны выглядалі не вельмі прыгожа. Да знікнення  адной з апошніх  — манументальнай жанчыны з голубам міру, якая некаторы час стаяла на скрыжаванні Савецкай і Чырвонаармейскай, — дарэчы, прыклала руку (журналісцкае пяро) і  наша «раёнка». Хутка пасля публікацыі артыкула ў сярэдзіне 1980-х  скульптуру, з якой тырчала арматура, замянілі на кампазіцыю «Мацярынства». Яна і сёння  стаіць тут.

А выява, якую вы бачыце на гэтым  здымку, у 1960-х гадах упрыгожвала сквер па вуліцы Чырвонаармейскай (у 1972 годзе тут з‘явіўся іншы помнік, увекавечылі памяць лётчыка Сцяпана Гудзімава).

Ажурная агароджа з белай цэглы, клумба, сцежкі, лавачкі і калодзеж са смачнай вадой — такім быў сквер у тыя часы.

Дзяўчына, якая пазіруе на фота, наша былая калега — журналістка Людміла Васільева. 

Ірына СЯДОВА.