Среда, 11 декабря 2019

Главные проблемы Ружанщины: бобры, мусорки и пожары

449

Без перабольшання, самая маштабная падзея сёлетняга года, якая ўвойдзе ў гісторыю Ружан, — фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2019». Таму невыпадкова, асноўныя падзеі адыходзячага года тым ці іншым чынам тут звязаны з падрыхтоўкай да свята. Пра звязаныя з ім змяненні ў абліччы пасёлка і найбольш важныя падзеі «раёнка» расказвала, а пра некаторыя — нават і не раз.


Але, як гаворыць старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская, пасля «Дажынак» жыццё ў сельсавеце не спынілася.
— Адной з праблем мясцовага маштабу, якая ніяк не губляе вастрыню, з’яўляецца барацьба з… бабрамі. У сельвыканкам рэгулярна паступаюць як пісьмовыя, так і вусныя звароты ад жыхароў вуліцы Горкага. Людзі занепакоены тым, што тут, на ўскрайку пасёлка, абжываюцца бабры. У выніку дзейнасці гэтых жывёл падае ўзровень вады ў калодзежах. Да слова, падобная праблема наспела і ў Бярэзніцы. Тут бабры нават пракладваюць сцежкі праз сядзібы. Пускаць сітуацыю на самацёк нельга.
Каб быць падрыхтаванымі да сустрэчы з бабром, які некалі з’яўляўся рэдкай жывёлай і нават быў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у сельвыканкаме прайшла пашыраная нарада з удзелам зацікаўленых службаў, на якой выпрацоўвалі стратэгію барацьбы з гэтымі жывёламі. Па яе выніках арганізацыі, на чыіх тэрыторыях канстатуецца ўмяшальніцтва баброў, атрымалі шэраг даручэнняў. Як мяркуецца, рэгулярнае разбурэнне пабудаваных бабрамі плацін вымусіць шкоднікаў мігрыраваць, а на дазволенай для палявання тэрыторыі ўзмацніцца вылаў жывёл. У красавіку будзе дадзена адзнака выніковасці ўсіх гэтых мерапрыемстваў.
— Інакш баброў давядзецца перасяляць прымусова, — удакладняе Аксана Уладзіміраўна.

Занепакоенасць у мясцовай улады выклікае сітуацыя з пажарнай бяспекай: трэцяя частка пажараў, якія зарэгістраваны на тэрыторыі раёна з пачатку года, здарылася менавіта ў Ружанскім сельсавеце.
— Прафілактычная работа, вядома, праводзіцца, але, мяркуючы па сумнай статыстыцы, яе варта ўзмацніць, — расказвае А.У.Юркоўская. — На пасяджэнні назіральнай камісіі прынята рашэнне наведваць жыллё ўразлівай катэгорыі грамадзян яшчэ часцей. І гэта асобна ад работы назіральнай камісіі. Фронт работ, без перабольшання, вялікі: мяркуйце самі, толькі на тэрыторыі гарадскога пасёлка налічваецца каля 1400 дома-ўладанняў.
Аксана Уладзіміраўна аддае належнае і супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі сельскіх сходаў, выступаюць у школах, перад працоўнымі калектывамі.
— Бясспрэчна, усе гэтыя намаганні не будуць мець выніку, калі самі грамадзяне не стануць больш адказна ставіцца да пытанняў пажарнай бяспекі.

Увогуле ў спецыялістаў Ружанскага сельвыканкама — самага вялікага на Пружаншчыне — работы хапае і па іншых накірунках. Напрыклад, барацьба са стыхійнымі сметнікамі.
— Рэгулярна за межамі населеных пунктаў знаходзім новыя месцы, куды людзі выкідваюць смецце. Навошта? Незразумела: бытавыя адходы збіраюць смеццявозы па графіку. У дачыненні да парушальнікаў, відавочна, пара прымаць больш кардынальныя меры — прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.
Тым часам, мясцовая ўлада працягвае добраўпарадкаванне Ружан. Толькі ў лістападзе за кошт бюджэтных сродкаў сельвыканкама былі закуплены туі заходнія, елкі канадскія, спірэі на суму больш за 8 тысяч рублёў. Дрэвы і кусты паступова высаджваюцца на вуліцах пасёлка. Паралельна праводзяцца так званыя кампенсацыйныя высадкі. Аксана Уладзіміраўна дадае, што пачэснае месца на вуліцах зойме і глог: гэтыя стракатыя невялікія дрэўцы — памяць пра заслужанага настаўніка БССР Уладзіміра Рэкуця, які ў свой час зрабіў яго адметнасцю зялёнага афармлення пасёлка.


— На маю думку, задача не толькі мясцовай улады, але і жыхароў пасёлка — захаваць тое, што было зроблена да «Дажынак». А па магчымасці яшчэ і прымножыць.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.