Четверг, 18 апреля 2024

В Ружанском сельсовете скоро появится первый фермер

635

Ружанскі сельсавет на Пружаншчыне самы вялікі, але вось парадокс: на яго тэрыторыі пакуль не зарэгістравана ніводнага фермера.
Тым не менш, людзей, якія ведаюць, як атрымаць ад зямлі даход, на Ружаншчыне хапае. Адзін з іх — Мікалай Хвясько.


Жыхар Ружан лічыць, што фермерам можа стаць кожны — было б жаданне працаваць. Ён, напрыклад, да сельскай гаспадаркі раней не меў ніякага дачынення. Але, перш чым брацца за рэалізацыю сваёй ідэі, чытаў спецыялізаваную літаратуру, шукаў адпаведную інфармацыю ў інтэрнэце, вывучаў вопыт фермераў, у тым ліку і замежных. І толькі затым звярнуўся да мясцовай улады: пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі тут яму выдзелілі каля чатырох гектараў ворыўнай зямлі.
Мікалай расказвае:
— Першапачаткова вырашыў вырошчваць маліну, клубніцы і буякі. Саджанцы, як і запланаваў, сёлета купіў, пасадзіў. Але, як вядома, гэтыя культуры на доўгатэрміновую перспектыву: каб атрымаць аддачу, трэба набрацца цярпення — як мінімум на год. Таму знаёмыя фермеры параілі не марнаваць гэты час у чаканні першага ўраджаю ягад, а заняцца вырошчваннем яшчэ і агародніны.
На сённяшні дзень у падсобнай гаспадарцы М.Хвясько ягаднымі культурамі заняты прыкладна гектар зямлі. Астатняе — капуста, морква, бульба, буракі. Вырашчаную прадукцыю земляроб рэалізоўвае на рынку, сельскагаспадарчых кірмашах.
— Вядома, без дапамогі сям’і — нікуды. Ды і які земляроб сёння абыходзіцца без сельгастэхнікі?! Я — не выключэнне: маю трактар.
Так Мікалай на ўласным вопыце пераканаўся, што праца на зямлі патрабуе немалых намаганняў, фізічных сіл і цярпення ў чаканні вынікаў. Але яго гэта не палохае: першы «ўраджай» ад свайго сельскагаспадарчага занятку ён ужо сабраў і пакідаць задуманае не збіраецца. Больш за тое, цяпер М.Хвясько рыхтуе дакументы для адкрыцця фермерскай гаспадаркі.
— Тады можна будзе ўжо тэхніку купіць, прычапныя агрэгаты, узяць крэдыт на развіццё справы, набываць насенне са скідкамі праз спецыялізаваныя фірмы, і — што немалаважна — наймаць на работу людзей, — тлумачыць ён.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.