Среда, 11 декабря 2019

Наша землячка Вероника Антошок спела вместе с Русланом Алехно на сцене Кремлевского Дворца

788

– Алё…
– Добры дзень! Вераніка?
– Рада Вас чуць, Алена Сяргееўна! – зменены да непазнавальнасці голас на тым канцы проваду падказаў, што маленькая дзяўчынка, з якой мы сустракаліся тры гады таму, ужо паспела пасталець, а шчырае вітанне засведчыла, што мяне памятаюць…

Помню і я, як у той дзень хвалявалася, ці стрымаю эмоцыі пры сустрэчы з дзесяцігадовай Веранікай Анташок, якая з-за дрэннага зроку амаль не бачыла гэты свет. А яна з усмешкай сустрэла мяне каля парога, узяла за руку і павяла за сабой у пакой, дзе на прафесійным сінтэзатары без запінкі сыграла “Адажыа” з балета “Лебядзінае возера” Чайкоўскага…
Тады, як шчыра кажучы, і зараз, для паўнацэннага жыцця Веранікі патрабаваліся спецыяльнае абсталяванне і кваліфікаваныя спецыялісты, але яна ніколі не адчувала і не адчувае сябе ў чымсьці абмежаванай. Больш за тое, паспела перамагчы на Міжнародным фестывалі-конкурсе інклюзіўнай  творчасці «Пад крыламі Арыёна». А потым годна прадстаўляла нашу краіну  на XVI Міжнародным фестывалі рэлігійнай песні ў Польшчы…
Сёння Вераніка Анташок вучыцца ў 7 класе Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната і, да агульнай радасці, працягвае спяваць на розных конкурсах і фэстах.
Сёлета яна прайшла рэспубліканскі адбор і разам з яшчэ адной дзяўчынкай з г.Гродна выступіла за гонар краіны на Х Міжнародным дабрачынным фестывалі “Белая палка” (для невідушчых дзяцей), галоўным арганізатарам якога з’яўляецца вядомая расійская спявачка Дыяна Гурцкая.

У Маскве дзяўчынка пазнаёмілася і пасябравала з многімі таленавітымі дзецьмі. З найбольшым цяплом Вераніка ўспамінае хлопчыка Даніка з г.Самара, які ў свой час прымаў удзел у музычным тэлепраекце “Ты супер!” і ўразіў яе сваім цудоўным голасам і яшчэ адну зорку эстрады…


– Можаце сабе ўявіць, я выступала на галоўнай сцэне Крамлёўскага Палаца перад тысячамі гледачоў. Ды не адна! Разам з Русланам Аляхно мы спявалі песню “Ніколі”. Я моцна хвалявалася, паколькі ніякіх спевак і сумесных рэпетыцый не было. За кулісамі сустрэліся з Русланам, ён, прызнацца, вельмі абрадаваўся, калі даведаўся, што я з Беларусі, нават абняў мяне. За пару мінут абмеркавалі свае сцэнічныя вобразы і смела выйшлі пад святло яркіх сафітаў…


Алена Зялевіч.