Среда, 11 декабря 2019

В Пружанской ЦРБ прошел Единый день информирования

966

У рамках Адзінага дня інфармавання з удзелам старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуна ў Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы ў мінулую пятніцу абмеркавалі развіццё сацыяльнай інфраструктуры рэгіёна ў інтарэсах камфортнага пражывання грамадзян.
Пра становішча спраў у галіне медыцыны, сістэмах адукацыі, культуры, а таксама спорту і турызму, складаючых сацыяльную інфра-структуру, аўдыторыі расказаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
Як ідуць справы на Пружаншчыне па кожным з гэтых накірункаў, Руслан Васільевіч растлумачыў даволі падрабязна. Рэалізацыя разнастайных праектаў, у тым ліку пілотных, укараненне новага абсталявання, дасягненні ў гэтых галінах і многае іншае стала прадметам гаворкі ў калектыве, з якім сустрэлася інфармацыйна-прапагандысцкая група. «Акрамя раённага бюджэту, можна знаходзіць іншыя крыніцы фінансавання, каб сацыяльная інфраструктура развівалася ў інтарэсах камфортнага пражывання грамадзян. І добра, што ў многіх галінах іх пачалі знаходзіць. Гэта ў тым ліку і ўдзел у конкурсах ініцыятыў, рэалізуемых у партнёрстве з ПРААН»,— падкрэсліў выступоўца.
Тым часам работнікі статыстыкі падводзяць рысу пад галоўнай сацыяльнай кампаніяй гэтай восені — перапісам насельніцтва. Пра яе вынікі, вядома, гаварыць яшчэ рана, але папярэдне некаторыя лічбы ўжо можна агучыць.
«Па папярэдняй інфармацыі, на Пружаншчыне перапісалася каля 45 тысяч чалавек, — расказаў старшыня райвыканкама Юрый Бісун. — На жаль, павялічваецца колькасць не толькі пустуючых дамоў, але і выміраючых населеных пунктаў: у 10% населеных пунктаў раёна жыхары лічацца толькі намінальна — ніхто там ужо не пражывае».
Што да сацыяльна-эканамічнага становішча раёна, як зазначыў Ю.Ю.Бісун, на Пружаншчыне яно застаецца стабільным. Ён расказаў пра выкананне кожнага з чатырох ключавых паказчыкаў, па якіх ацэньваецца работа рэгіёна.


Карыстаючыся магчымасцю, прысутныя маглі задаць кіраўніку раёна пытанні. Так загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Т.А.Бут выказала занепакоенасць тым, што матэрыяльна-тэхнічная база аддзялення адстае ад іншых раёнаў, а таксама яе хвалюе размяшчэнне аддзялення — у розных корпусах бальніцы.
Калі пытанне аб’яднання пастоў, якія з уводам у эксплуатацыю новага будынка апынуліся ў розных корпусах, з вялікай верагоднасцю можна вырашыць, то з пакупкай найноўшага абсталявання для тэрапіі давядзецца пачакаць. «Трэба быць аб’ектыўнымі: на ўсё адразу грошай не хапае. А сёння перад сістэмай аховы здароўя раёна адной з першачарговых задач з’яўляецца ўвод у эксплуатацыю стаматалагічнага аддзялення».
Яшчэ адно праблемнае пытанне, якое было ўзнята медыкамі падчас сустрэчы, — адсутнасць ліфта для агульнага карыстання.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).