Среда, 11 декабря 2019

Семья Ромаш: «Лучшие спутники жизни — доброта, незлопамятность, доверие»

312

Як сваім жыццём заслужыць павагу акружаючых? Як адважыцца ў сталым узросце памяняць вясковае жыццё на гарадское? Як жыць у згодзе са сваёй другой палавінкай?

Сям’я Ромашаў адказы не толькі на гэтыя, але і на многія іншыя пытанні не трымае ў сакрэце. Вера Пятроўна і Іван Якаўлевіч разважаюць не толькі з вышыні пражытых гадоў — у першую чаргу, зыходзячы з уласнага багатага жыццёвага вопыту.
Вось ужо без малога дваццаць гадоў як Ромашы пераехалі ў Пружаны. Але большую частку свайго свядомага жыцця Вера Пятроўна і Іван Якаўлевіч пражылі ў Лазоўцы: атрымалася так, што, дзе нарадзіліся, там і згадзіліся. Але калі зарабілі заслужаны адпачынак, адважыліся на кардынальныя змены ў жыцці.


— Родная вёска пачала аджываць свой век ужо даўно. Вядома ж, баліць душа, што такі лёс напаткаў нашу малую радзіму. Тым не менш, ехалі ў Пружаны без шкадавання: тут у нас жыве сын. І сёння, калі прайшло 19 гадоў, павінны прызнацца, што прынялі правільнае рашэнне. Тым больш, што і ў горадзе пенсіянерам хапае карысных спосабаў забавіць свой час.

Простыя сельскія жыхары змалку былі прывучаны да цяжкай працы. Іван Якаўлевіч вельмі рана стаў сіратой: яго бацька загінуў, калі малому не было і года. А ў 12 гадоў застаўся і без маці. Выхаванне хлапчука лягло на плечы старэнькіх бабулі і дзядулі.
— Хаця і было не да навукі, тым не менш, чатыры класы скончыў. Бег у школу, а пасля заняткаў спяшаўся ў поле, — расказвае Іван Якаўлевіч. — Так атрымалася, што кожны клас заканчваў пры рознай уладзе: першы — пры польскай, другі — пры савецкай, трэці — пры нямецкай, чацвёрты — ізноў пры савецкай…
А ў 1951 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў армію.
Вера расла па суседстве. Увішная, працавітая дзяўчына не цуралася любой сялянскай працы. Яна не адразу звярнула на сябе ўвагу суседскага хлопца. Гэта ўжо пасля «дэмбеля» Івану параілі: «Далёка жонак не шукаюць — глядзі паблізу».
— Аднойчы зайшоў у хату і кажа: «Пойдзеш за мяне?». Ну, я і згадзілася, — успамінае Вера Пятроўна. — Не прайшло і месяца, як мы ўзялі шлюб. На веласіпедах заехалі ў Старавольскі сельвыканкам, распісаліся, а на наступны дзень абвянчаліся ў царкве. Мне на вяселле, як адной з лепшых работніц, у калгасе выдзелілі грузавую машыну…
Хаця з таго памятнага дня 16 лістапада мінула роўна 65 гадоў, «жалезныя» юбіляры, быццам учора было, узгадваюць той дзень, калі яны сталі сям’ёй.
— У чым вярнуўся з арміі, у тым і пайшоў пад вянец, — зазначае гаспадар. — Але шчыра і нястомна працавалі — і неўзабаве разжыліся ўсім неабходным.
Дарэчы, юную Веру залічылі ў рады калгаснікаў, як толькі ёй споўнілася пятнаццаць. У мясцовым калгасе «Перамога» жанчына адпрацавала ў паляводстве чатыры дзясяткі гадоў. Зарабіла і павагу сярод аднавяскоўцаў, і ўзнагароды ад гаспадаркі, заслужана пайшла на пенсію як ветэран працы.
У працоўнай кніжцы Івана Якаўлевіча нямала запісаў: цагельны завод у Клятным, Пружанскі КБМ, райспажыўтаварыства, ПМК…
— У той час памяняць працу было прасцей: рабочыя рукі нідзе не былі лішнімі, — тлумачыць суразмоўца. — А я стараўся працаваць не там, дзе лягчэй, а дзе больш плацілі.

Сёння пенсіянеры не лічаць граматы і ўзнагароды сваім галоўным здабыткам, значна большая іх каштоўнасць — дзеці, унукі і праўнукі. З нейкім асаблівым гонарам яны расказваюць пра кожнага з іх:
— Сын у нас — педагог. Мікалай выкладае замежную мову ў кале-джы. Дарэчы, ён валодае некалькімі мовамі. Дачка Валя абрала сабе рабочую прафесію, якой аддаецца з усёй душой: у Жабінцы, дзе яна жыве, карыстаецца павагай як выдатны повар, удзельнічае ў выставах, мае шмат грамат…
Памяняўшы вясковае жыццё на гарадское, пенсіянеры не сумуюць: хату яны купілі сабе ў прыватным сектары Пружан. Звыклыя да сельскага ладу жыцця, некаторы час трымалі немалую гаспадарку, засаджвалі агароднінай увесь свой участак у 15 сотак, ездзілі ў лес на «ціхае паляванне»…

16 лістапада Вера Пятроўна і Іван Якаўлевіч Ромашы прымалі віншаванні з нагоды 65-годдзя сумеснага жыцця. Цёплыя словы з нагоды такой саліднай юбілейнай даты ім адрасавалі не толькі родныя і знаёмыя: памятны падарунак уручыла і начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Наталля Цібароўская.
На натуральнае пытанне, што найбольш цікавіць у такіх выпадках: якія сакрэты не проста доўгага сямейнага жыцця, але міру і згоды на працягу больш як шасці дзясяткаў гадоў, — Вера Пятроўна дае, здавалася б, банальныя і ўсім вядомыя адказы. Але парады яе ўзяты не з кніжак і кінафільмаў, а вынікаюць з уласнай мудрасці.
— У нас, напэўна, вельмі ўдала супалі характары: у любой сітуацыі ўмелі саступаць адзін аднаму. Прычым, павінна аддаць належнае мужу, ніколі не пачула ад яго нецэнзурнага слова. Спрэчных пытанняў за жыццё, вядома, у нас хапала, але мы ніколі не гублялі чалавечнасці і не пераходзілі на абразы. Так што, лічу, лепшыя спадарожнікі сямейнага жыцця — дабрыня, незлапамятлівасць, давер і ўзаемапавага.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.