Четверг, 12 декабря 2019

ОАО «Шени-агропродукт»: когда желания совпадают с возможностями

578

Для ААТ «Шані-аграпрадукт» працоўны сезон 2019 года заканчваецца з добрымі вынікамі. Як зазначае дырэктар таварыства Д.М.Хвастоў, нягледзячы на пэўныя складанасці, удалося па ўсіх пазіцыях атрымаць рост паказчыкаў. А па некаторых нават паставіць рэкорды як у гісторыі самой гаспадаркі, так і на ўзроўні раёна.

— Працаваць з-за неспрыяльных умоў надвор’я давялося ў сціслыя тэрміны,— расказвае Дзмітрый Мікалаевіч.— Гэта прымушала пераходзіць да аўральнай работы на сяўбе,  і прыспешваць людзей і тэхніку. І дзякуючы зладжаным дзеянням усіх падраздзяленняў і асобных работнікаў, калектыў «Шані-аграпрадукт» зноў паспяхова пераадолеў выпрабаванні надвор’ем і атрымаў добры ўраджай.

Ёсць чым ганарыцца гаспадарцы ў жывёлагадоўлі, няблага спрацавалі па цукровых бураках: атрымалі ўраджайнасць больш за 690 цэнтнераў з гектара, што вывела таварыства ў раённыя лідары. Больш за тысячу тон насення атрымалі з рапсавых палеткаў пры ўраджайнасці 30,3 ц/га, што можна лічыць рэкордам для шаняўскіх аграрыяў. На ўборцы збожжавых культур максімуму не атрымалася, тым не менш, удалося затрымацца на трывалых пазіцыях адносна мінулагодніх паказчыкаў. У выніку хлебаробы «Шані-аграпрадукт» атрымалі амаль 36
цэнтнераў на «круг».

Дзякуючы выдатнай рабоце раслінаводчай галіны, назіраецца станоўчая дынаміка і ў жывёлагадоўлі. За 10 месяцаў з пачатку года рост надояў склаў амаль 106%, у выніку «малочная рэчка» зараз падыходзіць да сямі тысяч тон. Пры гэтым з пачатку года гаспадарка атрымлівае да 92% малака гатункам «экстра». Такія паказчыкі мяркуецца ў будучым яшчэ палепшыць, тым больш, што гаспадарка даволі сур’ёзна падрыхтавалася да зімоўкі. Нарыхтавана больш за 22 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву, хаця першы і другі ўкосы не далі чакаемага выніку. Але ж разлічваюць мясцовыя жывёлаводы толькі на ўласныя запасы: аднаго сіласу нарыхтавалі больш за 27 тысяч тон.

Дасягненне больш высокіх вынікаў дае гаспадарцы магчымасць не спыняцца, а паступова развівацца. Напрыклад, сёлета пабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю дзве сіласныя траншэі, якія ўжо запоўнены кармамі, па 1500 тон кожная. Вясной будзе пачата ўзвядзенне навеса для маладняку на 400 індывідуальных домікаў, што палепшыць умовы ўтрымання папаўнення статка і створыць лепшыя ўмовы для персаналу.

Вядзецца таксама абнаўленне машынна-трактарнага парка, для чаго паступова набываюцца новыя адзінкі тэхнікі айчыннай і імпартнай вытворчасці. Стаўка на гэта дае магчымасць укараняць новыя тэхналогіі. Напрыклад, спецыялісты гаспадаркі вывучаюць неабходнасць пашырэння палеткаў пад шматгадовыя травы, вядуць пошук новых гібрыдаў кукурузы, а таксама больш перадавых тэхналогій у кормавытворчасці. Адну з такіх — упакоўку ў рукавы — нядаўна паспрабавалі ўкараніць і зараз чакаем вы-нікаў.

Добрыя перспектывы, належныя ўмовы працы і годныя заробкі дазволілі стварыць у гаспадарцы моцны калектыў, які зладжана бярэцца за любую справу і дае адпаведны вынік. Так працуюць практычна ўсе структурныя ўчасткі: агранамічная служба пад кіраўніцтвам галоўнага агранома Т.І.Наджафавай, інжынернае падраздзяленне разам з механікамі В.В.Зарэцкім, С.М.Борсукам, В.У.Мілаванавым, галоўным інжынерам С.В.Якутам, заатэхнічная служба з галоўным заатэхнікам У.У.Асіпчуком і іншыя.

Для прыцягнення кадраў рэгулярна здаюцца ў эксплуатацыю жылыя дамы, набываюцца кватэры ў аграгарадку і ў  райцэнтры.

МТК «Каштанаўка» — адзін з самых выніковых комплексаў гаспадаркі. Тут працуюць начальнік М.А.Рыбачок, аператар машыннага даення С.В.Зуева і жывёлавод В.Г.Лобус.

У ліку лідараў па вытворчых паказчыках цялятніца Н.С.Удоўчанка.

Нягледзячы на восеньскія халады, у майстэрнях таварыства вельмі горача. Работу па падрыхтоўцы тэхнікі, якую выконвае трактарыст-машыніст А.А.Аўдзейчык, кантралюе механік па трактарах В.В.Зарэцкі.

Яшчэ больш інфармацыі пра працаўнікоў таварыства чытайце ў нумары «Рб» за 16 лістапада.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).