Воскресенье, 21 января 2018

Фоторепортаж с празднования Дня Победы

1 005

Горад адзначыў 66-гадавіну Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Святочная калона пад гукі аркестра рушыла ад будынка райвыканкама і прайшла па дзвюх галоўных вуліцах горада да помніка спаленым вёскам. Узначалілі калону аўтамабілі з ветэранамі. Але трэба адзначыць, што сярод воінаў Перамогі былі і тыя, хто ўпэўнена крочыў пешшу трымаючы за рукі праўнукаў. Здаецца, увесь горад выйшаў на вуліцы, каб павіншаваць тых, дзякуючы каму мы сёння жывем пад мірным небам і аддаць даніну памяці тым, хто не дажыў да сёлетняга Дня Перамогі.

Урачысты мітынг адкрыў старшыня райвыканкама А.І. Юркевіч. Аляксандр Іванавіч нагадаў аб тым, які вялікі ўклад у агульную перамогу ўнеслі жыхары і ўраджэнцы Пружаншчы, сярод якіх ёсць і Героі Савецкага Саюза. Грамілі ворагаў на тэрыторыі раёна і партызанскія атрады імя Кірава, Чапаева, Дзімітрава, “Савецкая Беларусь”: партызанамі сталі тры тысячы жыхароў Пружаншчыны. За тры гады акупацыі гітлераўцы з цынічнай метадычнасцю знішчалі нашых людзей. Расстрэльвалі, палілі жывымі не толькі тых, хто трымаў у руках зброю, але і дзяцей, жанчын, старых. У выніку наш раён недалічыўся больш 19 тысяч сваіх сыноў і дачок, спалена 58 вёсак. Аляксандр Іванавіч падзякаваў ветэранам не толькі за іх баявы, але і за іх працоўны подзвіг у гады аднаўлення разбураннай краіны.
У сваёй шчырай прамове старшыня раённай арганізацыі былых вязняў фашызму Л.П. Шылава са слязьмі ў голасе расказала пра сваё скалечанае вайной дзяцінства і юнацтва. Гэта боль цэлага пакалення, які не павінна больш ніколі паўтарыцца. Лізавета Пятроўна выказала шчырыя словы ўдзячнасці воінам, дзякуючы якім былі вызвалены вязні фашысцкіх лагераў смерці.
Словы ўдзячнасці ветэранам прагучалі ад ваенных 181 баявой верталётнай базы, падзякавала за Перамогу і маладое пакаленне, а таксама госці з суседняй Польшчы. Малебен па загінуўшым адслужыў айцец Міхаіл. Завяршыўся мітынг мінутай маўчання і трохразовым залпам, пасля чаго прадстаўнікі працоўных калектываў і арганізацый раёна ўсклалі да помніка вянкі і кветкі.
Пасля мітынгу гараджане мелі магчымасць працягваць святкаванне ў гарадскім парку. Шмат гледачоў сабраў канцэрт наладжаны калектывамі ўстаноў культуры раёна. На стадыёне прайшлі спартыўныя спаборніцтвы прысвечаныя Дню Перамогі. Жадаючыя маглі памерацца сілай у армрэслінгу, перацягванню каната, гульні ў дартс, падняцці гіры. Актыўны ўдзел у спаборніцтвах прынялі навучэнцы каледжа і вучні школ.
Нягледзячы на тое, што сёлета ўрачысты мітынг адбыўся ля помніка спаленым вёскам, людна было і на гарадскіх могілках. Гараджане неслі кветкі не толькі да помнікаў сваіх бацькоў і дзядоў, але і да брацкай магілы, у каплічцы памаліўся за загінуўшых і памёршых айцец Ігар.
Нямала было жадаючых патанцаваць пад адкрытым небам на плошчы ля Палаца культуры. А ў 22 гадзіны гараджане змаглі палюбавацца прыгожым святочным салютам.
Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *