Четверг, 12 декабря 2019

Три принципа работы Петра Билецкого

576

Акцыянернае таварыства «Мурава» па ўсіх параметрах варта лічыць узорна-паказальнай гаспадаркай. Так было 20 год таму, калі на базе тагачаснага калгаса праводзілі семінары абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню. Так працягваецца і зараз, бо менавіта ў гэтым сельгаспрадпрыемстве заўсёды пільна вывучаюць новыя тэхналогіі і ўкараняюцца ўсе перадавыя ідэі.

Якім чынам удаецца рэалізоўваць падобныя планы і задумкі? Аб гэтым мы напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў пагаварылі з дырэктарам П.М.Білецкім.

— Сакрэтаў тут няма,— зазначае кіраўнік з больш чым трыццацігадовым стажам.— Галоўнае, стварыць належныя ўмовы працы. Аднак менавіта ў гэтым і хаваецца асноўная акалічнасць. Напрыклад, зараз у сэнс гэтых слоў укладваюцца толькі годныя заробкі і наяўнасць жылля. Але, як паказвае мой вопыт, гэта не ўсё і далёка не самае галоўнае.

Складана не пагадзіцца з Пятром Мікалаевічам, бо сёння маладыя спецыялісты амаль у кожнай арганізацыі аграпрамысловага комплексу могуць разлічваць на наяўнасць работы, высокія зарплаты і нават асобны дом. Але затрымліваюцца далёка не ўсе. Чаго не хапае, каб зацікавіць застацца і працаваць менавіта тут?

Па словах П.М.Білецкага, каб павысіць дабрабыт арганізацыі, стварыць кадравы патэнцыял, які дае добрыя вынікі, неабходна захоўваць тры асноўныя прынцыпы.

— Па-першае, кіраўнік павінен поўнасцю валодаць сітуацыяй на сваім прадпрыемстве, ведаць, на якім этапе рэалізацыі знаходзіцца запланаванае і што трэба для далейшай работы,— сцвярджае кіраўнік акцыянернага таварыства.— А таксама ўмець  кіраваць фінансавымі патокамі, шукаць новыя крыніцы іх паступлення.

Акрамя таго, як зазначае Пётр Мікалаевіч, варта не камандаваць падначаленымі, а разам ствараць сумесныя «мазгавыя атакі», каб спецыялісты прапаноў-валі ідэі і бралі на сябе адказнасць па іх рэалізацыі. Тады больш гарантыі на атрыманне станоўчых вынікаў, бо аўтар ідэі, маючы ўласны інтарэс, сам будзе імкнуцца да такога фіналу.

Кожнаму гэтаму пастулату, якімі П.М.Білецкі кіруецца ў сваёй рабоце, можна атрымаць відавочнае пацвярджэнне. І лепш за ўсё пра гэта сведчаць лічбы. За 10 месяцаў бягучага года мясцовыя жывёлаводы атрымалі больш за 10 тысяч тон малака, прадукцыйнасць адной каровы дасягнула амаль 6500 кілаграмаў (гэта больш на тры з лішкам цэнтнеры ў параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі). На перапрацоўку з акцыянернага таварыства пайшло 9525 тон малака, практычна ўсё — гатункам «экстра», што ўзняло рэнтабельнасць малочнай вытворчасці да 55%. Але гэта не мяжа, і асобныя комплексы паказваюць магчымасць дасягнення па выніках года надояў у 7,5 тысяч кілаграмаў.

Няблага сёлета спрацавалі і  раслінаводы, якія стварылі трывалую кармавую базу. Нарыхтавана амаль 12 тысяч тон сенажу, 665 тон сена і больш за 17 тысяч тон сіласу. Такім чынам, на зімоўку назапашана амаль 29 цэнтнераў кармоў на ўмоўную галаву. Важкім атрымаўся і ўраджай кукурузы, які дабавіў у агульную скарбонку больш за 440 тон фуражу.

А трэці прынцып, якога на працягу 32 гадоў кіраўніцтва няўхільна трымаецца Пётр Мікалаевіч, — гэта адносіны да людзей.

— Варта не толькі загружаць працай, але і даваць магчымасць работнікам адпачываць. І як мага больш сумесна, напрыклад, ладзіць агульныя экскурсіі, падтрымліваць удзел у культурным і спартыўным жыцці.

Напэўна, таму каманда ААТ «Мурава» часта на слыху падчас мерапрыемстваў розных узроўняў: у спаборніцтвах сандружын, зімовым і летнім мнагаборстве «Здароўе», у тым ліку і на рэспубліцы. На працягу многіх гадоў мураўцы атрымліваюць першыя месцы. А яшчэ гаспадарка нярэдка выступае і ў якасці фундатара добрых спраў. Апошні прыклад — удзел у адкрыцці музея гісторыі райаддзела міліцыі. Таксама таварыства садзейнічала набыццю спартыўнага інвентару для аграрна-тэхнічнага каледжа.

— Кіраўнік павінен рабіць усё магчымае, а людзі самі выберуць, дзе ім працаваць лепш,— напрыканцы гаворыць П.М.Білецкі.— І не трэба трывожыцца наконт таго, што моладзь звальняецца пасля адпрацоўкі пэўнага тэрміну. Яны ўжо сталі спецыялістамі-практыкамі, атрымалі нямала «палявых» ведаў і абавязкова прынясуць карысць сваёй краіне. Няхай і не ў «Мураве», а недзе  ў  іншай гаспадарцы, але ж будуць працаваць для Беларусі.

На здымку: токар А.В.Масленнікаў, зваршчык А.М.Пятручык, слесары Д.А.Шапавал і А.І.Грыпа сваёй стараннай працай забяспечваюць спраўнасць тэхнікі і сельгасагрэгатаў.

Яшчэ больш інфармацыі пра працаўнікоў таварыства чытайце ў нумары «Рб» за 16 лістапада.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей Талашкевіч (фота).