Среда, 11 декабря 2019

Великое Село — великие успехи

710

Дырэктар ААТ “Велікасельскае Агра” В.Л.Севасцьянчык на просьбу назваць лепшае падраздзяленне гаспадаркі ўсміхаецца: маўляў, кожнае на сваім месцы.

—Уклад у стварэнне эканамічнага дабрабыту раёна — агульная справа ўсяго калектыву нашага сельгаспрадпрыемства, — кажа Васіль Лявонцьевіч. І з нагоды надыходзячага свята аграрыяў звяртаецца да працаўнікоў:

– Шаноўныя работнікі таварыства! Усе вы – людзі годныя і добрасумленныя, руплівыя і працавітыя! І заслугоўваеце агульнага прызнання, паколькі робіце вялікі ўнёсак у  харчовую бяспеку раёна, і краіны ў цэлым. Сёлетні сезон, як і мінулыя, вы правялі ў сумленнай працы. Толькі дзякуючы вам, сваё прафесійнае свята мы сустракаем з высокімі вынікамі.  Смела будуйце свае планы, а мы, кіраўнікі, са свайго боку, пастараемся зрабіць усё магчымае для іх ажыццяўлення: за добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў і стварэнне належных умоў для захавання тэхналагічнага працэсу гаспадаркі кожнага работніка будзе чакаць годная аплата і матэрыяльнае стымуляванне.

Давайце і надалей разам працаваць з такім жа імпэтам  і руплівасцю!

Дасягненні  аграпрамысловага комплексу — гэта заслуга не толькі кіраўніка і адміністрацыйных работнікаў (юрыстаў, кадравікоў, бухгалтараў, эканамістаў). Вельмі шмат, калі не больш, залежыць ад «вузкіх» спецыялістаў, пад пільнай увагай якіх непасрэдна апрацоўваецца зямля і вырошчваецца збожжа, даглядаецца жывёла і атрымліваецца малако і мяса.

–  Малочнатаварны комплекс № 1 таварыства вылучаецца ўнушальнымі вынікамі па надоях, – сцвярджае малады спецыяліст Юрый Анатольевіч Богуш, якому адразу пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта была даверана адказная пасада начальніка комплексу. – У прыватнасці, за 10 месяцаў бягучага года надой на адну карову ў сярэднім склаў 6590 кг! Што на 456 кг больш, чым у мінулым годзе.

–  Рэалізавана малака класам “экстра” 82 %, – запэўнівае лабарант Таццяна Канстанцінаўна Кунда, якая ўжо тры гады сочыць за якасцю малака.

Дакладнымі лічбамі і фактамі пацвярджае словы калег намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Андрэй Іванавіч Іваноў:

–  Сапраўды, наша таварыства  па многіх сваіх паказчыках займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. Таварнасць малака – 95%! Напрыканцы года плануем перасягнуць па надоях 8-тысячны рубеж. Каб дамагчыся такіх высокіх паказчыкаў, мы з толкам выкарыстоўваем кармы. У прыватнасці, іх расход на 1 ц малака складае 0,7 ц кармавых адзінак… Радуюць нас і сярэднясутачныя (больш чым 700-грамовыя) прывагі цялят. Увогуле імкнёмся рабіць акцэнт на вырошчванне дужага і здаровага маладняку, паколькі гэта – залог будучай высокай якасці малака. Фарміраванне высокапрадукцыйнага статка –  наша галоўная мэта. Для яе дасягнення без эфектыўнага менеджменту і ўкаранення новых тэхналогій не абысціся. Да прыкладу, нядаўна набылі самаходны падштурхоўшчык кармоў, такім чынам зменшылі нагрузку на жывёлаводаў. Прызнацца, і самі кароўкі гэты агрэгат ахвотна “вітаюць”, паколькі, дзякуючы яму, кармавая сумесь выглядае больш апетытна. Як вынік – лепшыя надоі…

Трэба адзначыць, што Андрэй Іванавіч уражвае на рэдкасць цёплым стаўленнем да жывёлы: расказвае пра кароў, цялушак і маладняк з такой любоўю, што адразу становіцца зразумела: жывёлагадоўля – яго прызванне.

Сапраўдныя спецыялісты сваёй справы працуюць і на  МТК «Вялікае Сяло-2» (на здымку злева направа). За здароўем усяго статка пільна сочыць ветурач-гінеколаг А.С.Клімянценка. Стварэнню трывалай асновы ўсёй племянной справы  спрыяе заатэхнік-селекцыянер С.Л.Пацапня. А вось аператары машыннага даення Г.У.Шатроўская і І.К.Казмярчук вынікі сваёй працы, павялічваючы надоі ад кароў, бачаць штодзённа. Спраўна кіруе ўсімі працэсамі начальнік  комплексу Л.М.Шарашовец. За добрасумленную працу і ўласны ўнёсак у агульны дабрабыт гаспадаркі павагай у таварыстве карыстаецца жывёлавод А.А.Чэга.

Яшчэ больш інфармацыі пра працаўнікоў таварыства чытайце ў нумары «Рб» за 16 лістапада.

Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).