Среда, 11 декабря 2019

Помощник врача Наталья Ластовецкая: «К выбору профессии подтолкнул «Доктор Хаус»

670

Знаёмства, праўда, завочнае, з гэтай дзяўчынай пачалося падчас майго дзяжурства ў рэдакцыі. “Напішыце, калі ласка, пра нашу “чараўніцу”, Наталлю Аляксандраўну! – тэлефанавала ўсхваляваная чытачка. – Я нядаўна стала мамай і хачу праз вашу газету аддзячыць нашу маладую акушэрку. Уважлівая, пяшчотная, добрая. На працягу ўсёй цяжарнасці яна пільна сачыла за маім станам і заўсёды знаходзіла патрэбныя словы, каб пазбавіць мяне залішніх хваляванняў. Нягледзячы на свой узрост – усяго 21 год, яна выклікае поўны давер да сябе як да спецыяліста…”


Такой характарыстыкі хапіла, каб падчас чарговага наведвання пушчанскага рэгіёна мы накіраваліся ў Сухопальскую амбулаторыю, дзе другі год на пасадзе памочніка ўрача па лабараторна-паліклінічнай дапамозе і акушэрстве працуе Наталля Аляксандраўна Ластавецкая.
Наталля Ластавецкая — жыхарка вёскі Роўбіцк — адразу пасля школы, у старэйшых класах якой і выявілася яе асаблівая любоў да біялогіі і… мастацкага серыяла “Доктар Хаўс”, вырашыла паступаць у медуніверсітэт на спецыяльнасць “Урач-дыягност”. На пытанне, чаму першапачатковы выбар прыпаў менавіта на дыягноста, дзяўчына адказвае: правільны дыягназ — гэта палова лячэння, а значыць — самы кароткі шлях да папраўкі пацыента.
На жаль, усяго некалькіх балаў не хапіла абітурыентцы, каб наблізіцца да запаветнай мары. Аднак Наталля не разгубілася і паступіла ў Брэсцкі медыцынскі каледж, пасля заканчэння якога па размеркаванні вярнулася на радзіму…
Урач агульнай практыкі Сухопальскай амбулаторыі Святлана Іванаўна Шульган хваліць сваю памочніцу:
— Працавітая, безадмоўная і выхаваная — адно задавальненне працаваць з такім спецыялістам. І не толькі медыцынскую справу ведае, але і ў камп’ютарных тэхналогіях разбіраецца: заўсёды нам, “старым”, падкажа, як з патрэбнай праграмай спраўляцца… Наша Наталля Аляксандраўна — медык з вялікім патэнцыялам. Прызнацца, сумна ўсведамляць, што хутка скончыцца яе ад-працоўка. Але ад усяго сэрца жадаю ёй стаць дыпламаваным урачом.
— Дзякуй за такую падтрымку! — і Наталля, развітаўшыся з намі, з цёплай усмешкай запрашае ў кабінет наступнага пацыента.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.