Четверг, 14 ноября 2019

Гісторыя з фатаграфіяй. На «рагатым» ровары…

250

Слова «веласіпед» з‘явілася ў лексіконе пружанцаў, напэўна, пасля 1939 года. Раней гэты транспартны сродак мясцовыя людзі называлі «роварам» або «равэрам» на польскі манер. Ды і зараз многія сталыя гараджане так гавораць. А таксама ўзгадваюць, што доктар Гарустовіч шмат гадоў і пасля вайны ездзіў менавіта на такім веласіпедзе польскага ўзору, з ручкамі руля, узнятымі ўверх, нібы рогі.


Датаванне гэтага здымка можна зрабіць па ўзросце хлопчыка на веласіпедзе — гэта Міхаіл Нічыпаровіч, які нарадзіўся ў 1924 годзе. Тут яму гадоў 15-16, так што фота можна аднесці да 1939-40 гг. Наперадзе ў Міхаіла Антонавіча — яшчэ доўгае годнае жыццё, першай вяхой выпрабаванняў якога стане ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне…
Фота зроблена каля моста на вуліцы Савецкай. Пад коламі веласіпеда, там, дзе падае цень, бачны каменні брукоўкі. За спінай хлопца — дрэвы каля Мухаўца з пабеленымі стваламі. Наводдаль бачны будынак цяперашняга Дома быту «Прэстыж» — былая аптэка, а перад ім нейкае збудаванне з востраканцовым дахам. Калодзеж? Не.
Як расказала былы начальнік метэастанцыі Лілія Іванаўна Стасевіч, у гэтым месцы існаваў вадамерны пост, дзе вяліся гідралагічныя назіранні (пры-бралі яго толькі напрыканцы 1960-х). Работнік некалькі разоў у дзень вымяраў узровень вады ў рацэ і яе тэмпературу. Варта ведаць, што Мухавец тады быў паўнаводным, падчас паводкі вада затоплівала нават мост на Дзярэчыне (цяперашняй вул. Р.Шырмы).
Ірына СЯДОВА. Фота з архіва сям‘і Нічыпаровічаў.