Четверг, 14 ноября 2019

Заместитель Главы Администрации Президента Андрей Кунцевич провел прием граждан, который длился около 9 часов

474

У чацвер у будынку райвыканкама прыём грамадзян і юрыдычных асоб правёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Міхайлавіч Кунцэвіч. На прыём да яго запісалася звыш дваццаці чалавек не толькі з Пружаншчыны, але і з гарадоў Брэста і Кобрына. Многія прыходзілі не адныя. Але да ўсіх было надзвычай уважлівае стаўленне як гэтай вышэйшай службовай дзяржаўнай асобы, так і кіраўніцтва райвыканкама. Магчыма, таму прыём грамадзян доўжыўся каля дзевяці (!) гадзін.

Забягаючы наперад, адзначу, што большасць пытанняў, з якімі прыйшлі на прыём да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь людзі, у свой час разглядаліся на розных, у тым ліку і рэспубліканскіх, узроўнях. Аднак так як не былі разгледжаны на карысць заяўнікоў, тыя ўзнімалі іх зноў.


Са сваёй бядой – гібеллю сына і вядзеннем следства па гэтым факце звярнулася на прыём сямейная пара брастаўчан. Таксама бацькоў непакоіла пытанне раздзелу маёмасці, якая засталася пасля смерці сына, з яго ўдавой.
Былыя работнікі прадпрыемства “БелОвощМикс” падымалі праблему нявыплаты заработнай платы на працягу звыш года, якая ўтварылася на перыяд стадыі банкруцтва прадпрыемства. Справа ў тым, што менавіта ў такі перыяд выплата зарплаты не з’яўляецца першачарговай, таму праблема існуе дагэтуль.
А вось дырэктар ПУГП “Чайка-Олгіз” прасіў умяшання ўлады ў вырашэнне яго праблемы: з-за несвоечасовай аплаты арэнды і пені па арэндзе філіял “Ваенсэрвіс” не прадоўжыў з ім дагавор арэнды, і цяпер прадпрыемства не працуе.


Людзі пакідалі пісьмовыя звароты, на якія намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта абяцаў даць дэталёвыя адказы пасля вывучэння сітуацый адпаведнымі службамі і структурамі.
Два звароты датычылі імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”. Аднак пажылым людзям, якія ўсё жыццё сумленна працавалі, цяжка было зразумець, што гэта, як і іх прыстойнасць, не ўлічваюцца пры пераафармленні чэкаў нябожчыцы сястры. Справа ў тым, што такое афармленне патрэбна было ажыццявіць да 2007 года. Аднак час упушчаны і зрабіць гэта зараз няма ніякіх законных падстаў. Па такой жа прычыне няпроста даказаць памылку пры налічэнні імянных чэкаў іншаму чалавеку, што імкнулася даказаць яшчэ адна жыхарка Пружан.


З надзвычай асабістым пытаннем – немагчымасцю пражывання з былым мужам у адной кватэры, а таксама просьбай спагнання з яго запазычанасці па аліментах у суме звыш васьмі з паловай тысяч рублёў звярнулася гараджанка.
—А як жа дзеці? Вы можаце ўявіць, як яны выхоўваюцца побач з неадэкватным п’яніцам? – пыталася яна.


Таму найперш з гэтай нагоды пытанні задаваліся прадстаўнікам праваахоўных органаў. Дарэчы, менавіта яны былі і першымі адказчыкамі па разбіральніцтве паміж суседзямі – самым распаўсюджаным пытанні, з якім на гэты прыём прыходзілі людзі. З просьбай знайсці ўправу на дрэнных суседзяў звярнулася добрая чвэрць з іх. Некаму заміналі галіны старога арэха, некаму не давала спакою “вечнае” зямельнае пытанне – мяжа паміж домаўладаннямі. Хтосьці скардзіўся на хамства і нават жорсткасць суседзяў, у тым ліку не толькі ў дачыненні людзей, але і дамашніх жывёл. І кожны прасіў: “Я хачу спакойна жыць. Калі ж гэта скончыцца?”. Аднак на зваротнае пытанне, ці імкнуліся гэтыя людзі, хто вядзе “неабвешчаную вайну” з суседзямі на працягу дзесяцігоддзяў, памірыцца з імі, ціха прызнаваліся, што не маюць ніякіх зносін. А можа, жадання? Таму былі і такія, хто наракаў яшчэ і на неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
—Я ніколі не меў ніякіх праблем з законам. Чаму ж мяне, калі першы раз спынілі на веласіпедзе за праезд у неналежным для гэтага месцы, адразу аштрафавалі. Няўжо не існуе папярэджання? – пытаўся мужчына.
Аказваецца, існуе. Аднак супрацоўнік ДАІ палічыў мэтазгодным прымяніць штраф, і ён таксама мае на гэта права. Але, калі чалавек адчувае сябе пакрыўджаным, ён усё роўна будзе вінаваціць міліцыянераў. І такіх абвіначванняў у іх адрас чулася нямала.
Двойчы на прыёме ўзнімалася пытанне функцыянавання электразабеспячэння ў прыватных жылых дамах. І калі па адным яно будзе вырашана на раённым узроўні, то па іншым – будаўніцтва знешніх размеркавальных сетак – прапрацоўваецца аптымальны варыянт з удзелам Міністэрства энергетыкі і “Брэстэнерга”. У любым выпадку людзі без электрычнасці не застануцца.
З прэтэнзіямі да дзеянняў загадчыцы аднаго з дзіцячых садкоў горада звярнуўся на прыём былы работнік. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта распарадзіўся правесці там комплексны маніторынг з адзнакай прафпрыдатнасці кіраўніцтва садка.
Але не толькі з асабістым прыходзілі на прыём людзі. Адразу некалькі праблем, якія наогул датычацца ўсіх, агучыла шмат-дзетная мама. У прыватнасці, яна падымала пытанне арганізацыі ў горадзе аднабаковага руху, абмежавання хуткасці і кантролю за выкананнем хуткасных рэжымаў. У той жа час указвалася на праблематычнасць руху на веласіпедах па гарадскіх вуліцах і павольнае ажыццяўленне адпаведных работ па праграме еўрапейскага веламаршруту. Аднак, як было растлумачана, пэўныя работы па агучаных праблемах ужо выконваюцца. Распрацаваны план па паступовым паніжэнні гарадскіх бардзюраў і прапанаваны шэраг вуліц, па краі праезнай часткі якіх будзе дазволены веласіпедны рух. Адразу на прыёме жанчына атрымала і адказ з нагоды правамернасці (як ставіла пытанне) адлічэнняў на суботнікі, арганізуемыя райвыканкамам. Як неаднаразова пісала і наша газета, выручаныя ад а вераснёўскага суботніка грошы будуць выдаткаваны на добраўпарадкаванне могілак як у Пружанах і Ружанах, так і ў сельскіх населеных пунктах раёна. І такая работа ўжо вядзецца.
Некаторыя пытанні людзей былі вырашаны адразу на прыёме. Цяпер не трэба будзе хвалявацца былой грамадзянцы Узбекістана. Пытанне з яе афармленнем грамадзянства Рэспублікі Беларусь ужо вырашана. Як вырашана і праблема гарадской пенсіянеркі: выплачваць урон за затапленне суседскай кватэры ёй не давядзецца. Як было ўстаноўлена, затапленне адбылося па прычыне прыроднай стыхіі.
У завяршэнні, падводзячы вынікі прыёму ў Пружанах, Андрэй Міхайлавіч Кунцэвіч адзначыў, што пытанні, якія падымаліся жыхарамі, тыповыя для ўсёй вобласці. А прынятыя па іх рашэнні на ўзроўні раёна адрозніваюцца кампетэнтнасцю і не патрабуюць дапрацоўкі ў рэспубліцы, што сведчыць аб зладжанай рабоце раённай выканаўчай улады.
Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча.