Четверг, 14 ноября 2019

«Лесной» студотряд принял участие в посадке леса

350

Ужо стала добрай традыцыяй рэгулярная дапамога навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа пружанскай лясной гаспадарцы. Маладыя людзі штогод з задавальненнем прымаюць удзел ва многіх “лясных’” імпрэзах: вясной, да прыкладу, гэта – дабрачынная акцыя “Тыдзень лесу”, калі ўзнаўляюцца пасадкі, а восенню – акцыя “Чысты лес”, падчас якой праводзіцца санітарная ачыстка лесапаласы.

– Зыходзячы з вопыту мінулых гадоў і ведаючы адказнасць хлопцаў і дзяўчат, сёлета быў створаны “лясны” студатрад, які аддана і з веданнем справы працуе ў Ліноўскім лясніцтве. Усе яго члены — дасведчаныя і добрасумленныя людзі. Таму, карыстаючыся выпадкам, хацелася б выказаць вялікую ўдзячнасць адміністрацыі каледжа за іх узорных выхаванцаў, – кажа намеснік дырэктара ДЛГУ “Пружанскі лясгас” Ірына Васільеўна Раманюк.
– Васямнаццаць “байцоў” атрада, які прыступіў да працы з 21 кастрычніка, выконваюць усе даручаныя задачы якасна, паміж сабой і з работнікамі нашай гаспадаркі адразу знайшлі паразуменне і паспелі нават адчуць сябе часткай дружнай лясной каманды, – хваліць юных “лесаводаў” кіраўнік Ліноўскага лясніцтва Ганна Аляксандраўна Траццяк. – Калі і даводзіцца ім нешта падказваць, то толькі па маленькіх нюансах. Увогуле вельмі важна, што моладзь праз падобныя студатрады далучаецца да справы захавання прыродных багаццяў. Хто ведае, раптам хтосьці з навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа ў будучыні прысвеціць сябе лясной гаспадарцы.
Увесь працоўны дзень студатрадаўцы займаюцца ачысткай тэрыторыі ад хмызняка, каранёў дрэў, аднаўляюць лес і даглядаюць маладняк. Новыя лясныя культуры ўжо занялі плошчу ў 9 гектараў.
У чацвер, даволі марозным ранкам, мы пацікаві-ліся, чаму хлопцы і дзяўчаты прыйшлі ў лес на працу.
– Нам падабаецца сумесная праца на свежым паветры, – усміхаюцца сяброўкі Анастасія Каваленка і Юлія Кандрашова.
– Час трэба бавіць з карысцю! Каму перашкодзіць дадатковы заробак? – рытарычнае пытанне задае Аляксей Новік.
І тут жа атрымлівае адказ ад аднагрупніка Валерыя Кавалевіча:
– Грошы грашыма. Але галоўнае, лічу, што пасадка лесу – гэта бясцэнны жыццёвы вопыт. Мы падтрымліваем экалогію, садзім, так бы мовіць, “лёгкія” раёна, якія нам жа дапамогуць дыхаць чыстым паветрам. Больш за тое, у хуткім часе лес аддзячыць нам ягадамі і грыбамі.

На здымку: на пасадцы дрэўцаў пад пільным кіраўніцтвам лесніка У.М.Перкаўца працуюць Аляксей Новік,Юлія Кандрашова, Анастасія Каваленка і Валерый Кавалевіч, навучэнцы агранамічнага аддзялення каледжа (група 3-67).
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.