Четверг, 14 ноября 2019

«Вы будете в шоколаде»… Горьком. Раскрываем еще одну схему обмана

476

Дзейсным спосабам павышэння продажаў тавару лічацца прэзентацыі. Адны прадаўцы і вытворцы выкарыстоўваюць іх для таго, каб сапраўды пазнаёміць са сваёй прадукцыяй. А іншыя імкнуцца атрымаць прамы доступ для ўплыву на наіўных пакупнікоў. Не ўсе купляюцца на розныя методыкі вербальнага ўздзеяння, але нядобрасумленным гандлярам і адзінак хопіць з улікам завоблачных цэн на прапануемыя імі тавары.

Часцей за ўсё ў якасці сваіх ахвяр яны выбіраюць вясковых жыхароў, аб чым сведчаць хвалі распаўсю-джання «фільтраў для вады», якія праходзяць праз наш раён штогод. Іншыя робяць стаўку на пенсіянераў, якіх спецыяльна запрашаюць на прэзентацыю «коўдраў з поўсці ламы», «цуду-посуду» або розных сродкаў «для аздараўлення і амаладжэння». Адну з такіх гісторый нам расказаў жыхар горада Васіль.

Яго жонку запрасілі на чарговую прэзентацыю, дзе пажылую жанчыну вельмі спрытна «апрацавалі» і літаральна прымусілі набыць матрац з вярблюджай поўсці.

— Днямі мы прадалі сваю старэнькую машыну за 500 рублёў, а жонка якраз атрымала пенсію,— расказвае Васіль.— Вось гэтай сумы ў 800 рублёў якраз і хапіла на тонкі кавалак тканіны. Увечары, калі жонка «абрадавала» пакупкай, мы прачыталі інструкцыю да яе. Там было напісана, што «для атрымання максімальнага эфекту аздараўлення на матрацы трэба спаць галышом. Мне — 75 гадоў, ёй — 72. Уяўляеце, якога эфекту мы даб’ёмся?

А днямі жонка Васіля атрымала яшчэ адно запрашэнне на прэзентацыю. На гэты раз жанчына цвёрда паабяцала, што больш не будзе рабіць неабдуманых пакупак. Але не ўлічыла, што тэхналогіі псіхічнай апрацоўкі не застаюцца нязменнымі. На гэты раз ніякіх прапаноў не было, проста сярод тых, хто прыйшоў на мерапрыемства, арганізатары правялі бясплатную латарэю. І, на шчасце, нашай гераіні выпаў прыз — патэльня. Пераможцу прывялі ў асобны кабінет, дзе за яе ўзяліся, відавочна, вельмі кваліфікаваныя псіхолагі. Ёй расказалі, што падарунак яна атрымае, калі зробіць якую-небудзь пакупку. Напрыклад, хуткаварку. Пры гэтым аплачваць адразу яе кошт не трэба, будзе дадзена растэрміноўка на 5 месяцаў пры ўнясенні папярэдняй аплаты ў 200 рублёў. У радасці жанчына падпісала дамову, адзін экзэмпляр якой яна разгледзела дома, калі
адзела акуляры. У ім было вызначана, што хуткаварка каштуе… 1600 рублёў і астатнія 1400 дзеляцца на роўныя 4 часткі.

— Дзякуй Богу, што нам дапамагла дачка, якая добра ведае пра падобныя махінацыі,— успамінае наш чытач.— Яна звярнулася ў таварыства па абароне правоў спажыўцоў, дзе дапамаглі скласці акт на вяртанне набытага тавару. Але для гэтага нам неабходна было наведаць фірму па месцы яе знаходжання.

На нанятай машыне ўсе разам яны адправіліся ў Гродна, дзе з цяжкасцю знайшлі кампанію. Трэба прызнаць, што ніякіх складанасцей з вяртаннем набытай хуткаваркі не ўзнікла: работнікі фірмы «ацанілі» настрой наведвальнікаў і правільнасць запаўнення дакументаў. Вось толькі папярэднюю аплату вяртаць ніхто не стаў: маўляў, тыя, хто ўзяў грошы, ужо не працуюць у кампаніі і ніякіх справаздач ад іх не засталося. Прапанавалі «кансэнсус»: замест грошай блэндар.

Насамрэч, мэта кожнага прадаўца атрымаць прыбытак, хаця некаторыя ў сваіх апетытах проста здзіўляюць. Таму і выкарыстоўваюцца розныя абяцанні, кшталту «Вы будзеце ў шакаладзе». Вось толькі нярэдка пасля падобных слоў гэта смаката становіцца горкай.

Каментарый юрыста

Загадчыца юрыдычнай кансультацыі А.В.Мацаюк тлумачыць:

— Заключаны з прадаўцом дагавор можна скасаваць па згодзе абодвух бакоў або калі выяўлены парушэнні дамоў ці інтарэсаў. Таксама прычынай могуць стаць і змяненні абставін, напрыклад, чалавек перадумаў рабіць такую дарагую пакупку.

У дадзеным выпадку падыходзіць менавіта гэта падстава, бо хутчэй за ўсё тавар быў належнай якасці. Згодна з п.1 арт.28 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», можна на працягу 14 дзён вярнуць пакупку, калі яна не змяніла свайго таварнага выгляду і не была ў спажыванні. Грошы вяртаюцца адразу або на працягу сямі дзён. Гэта тычыцца і папярэдняй аплаты, бо наймальнік нясе адказнасць за сваіх работ-нікаў.

Разам з тым, хачу папярэдзіць, што спажыўцам не варта разлічваць на поўную абарону сваіх правоў і смела «купляцца» на запрашэнні на падобныя прэзентацыі. Не ўсе нехарчовыя тавары падлягаюць вяртанню або абмену, устаноўлены адпаведны спіс такіх выключэнняў. Таму, магчыма, што ў наступны раз за набытую па цане касмічнага карабля рэч давядзецца расплачвацца.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.