Четверг, 14 ноября 2019

Старшеклассники школы искусств выступили для первоклашек

258

Па традыцыі ў канцы кастрычніка ў Пружанскай ДШМ імя Рыгора Шырмы наладжваецца шэраг святочных праграм, прысвечаных першакласнікам установы. Нядаўна свае віншаванні юным музыкантам дарылі лепшыя выхаванцы народнага аддзялення, на якое сёлета паступіла 18 дзяцей.
Гэта было сапраўднае свята душы для ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць будучых баяністаў і акардэаністаў. Утульная актавая зала, упрыгожаная гірляндамі з пажаўцелага лісця, з парога настройвала ўсіх на асаблівы, лірычны лад.
Першакласнікі з задавальненнем прымалі цудоўныя музычныя падарункі ад старэйшых выхаванцаў школы мастацтваў Паўла Залогі, Арцёма Абрамчука, Паліны Шаўчэнка, Яна Чаюка, Мікіты Зубені, Крысціны Крысевіч і Анастасіі Кабрынец.


Парадаваў віноўнікаў урачыстасці і ўзорны баянны аркестр “Імпрэс” (кіраўнік – Валянціна Захаркіў), які сёлета на Міжнародным музычным конкурсе “YOUR STYLE- 2019” стаў лаўрэатам адразу I і II ступені.
Самі першакласнікі таксама не прамінулі паказаць гледачам свае здольнасці: яны з задавальненнем спявалі, танцавалі, чыталі вершы, разгадвалі “музычныя” загадкі і рэбусы, а напрыканцы наперабой дзяліліся сваімі першымі ўражаннямі:
– Свет без музыкі быў бы шэрым і сумным!
– Музыка ўздымае настрой!
– Няхай у актаве толькі сем нот, а пачынаеш іграць нават простую мелодыю —усё быццам бы ажывае!
Усе госці, бацькі і сябры юных музыкантаў, якія прысутнічалі на свяце, былі ўражаны яркімі выступленнямі, шчыра дзякавалі настаўнікам аддзялення за іх плённую працу і жадалі вучням высокіх дасягненняў у прыгожым музычным свеце.
На здымку: узорны баянны аркестр «Імпрэс».
Алена Зялевіч.