Среда, 20 ноября 2019

12 вопросов священнику. Отвечают отец Дионисий и ксендз Павел

676

Нядаўна на службу ў культавыя ўстановы горада прыбылі новыя служыцелі: айцец Дыянісій Папоў дапамагае благачыннаму здзяйсняць набажэнствы ў Свята-Аляксандра-Неўскім храме, а ксёндз Павел Ярашэвіч апякае вернікаў у касцёле Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі.

Каб пазнаёміцца з імі, мы задалі абодвум аднолькавыя пытанні.

1.  Колькі Вам было гадоў, калі адбылася Ваша сустрэча з Богам? Які Ён?

2. На якой мове размаўляеце з Богам, а на якой служыце?

3. Рэлігія і навука, вера і веды – сумяшчальныя паняцці?

4. Што значыць быць хрысціянінам у XXI стагоддзі?

5. Ваша любімая запаведзь?

6. Хто такі бліжні? Якой павінна быць паўсядзённая міласэрнасць?

7. Што чытаюць і глядзяць святары? Якая кніга, фільм могуць прынесці карысць душы і прымусяць чалавека задумацца пра Бога?

8. Няхрышчанаму чалавеку шлях у Рай закрыты?

9. Як ставіцеся да субкультуры, маладзёжных плыняў, якіх зараз шмат?

10. Хрысціянін і сацыяльныя сеткі – сумяшчальныя?

11. Святар можа быць няверуючым?

12. Пра што Вы марыце?

Айцец Дыянісій:

1.

— Гасподзь запрасіў мяне пазнаёміцца з Ім у школьныя гады. У класе пятым мяне прывабіла серыя публікацый пад назвай “Біблейскія апавяданні і паданні” ў  часопісе “Мурзілка” – пра стварэнне свету, Адама і Еву, Вавілонскую вежу і Ноеў каўчэг. Гэта і было тое зерне, якое залегла ў маім сэрцы. Праз некаторы час я з татам прыйшоў да Бога ў госці – у Пакроўскі сабор г. Баранавічы. Там адчуў таямнічую і цёплую атмасферу Яго дома. Сёння Бог для мяне – сапраўдны Бацька, які дае мне ўрокі жыцця і вядзе мяне па ім бяспечнымі сцежкамі.

2.

— Па традыцыі служу Богу на царкоўнаславянскай мове, а размаўляю  на мове сэрца і ўчынкаў.

3.

— Несумненна, так. Пра гэта кажуць нават выбітныя навукоўцы. Вывучаючы Сусвет, адкрываючы законы прыроды, немагчыма заставацца атэістам і сцвярджаць, што Бога не існуе.

4.

— Цяпер залаты час для таго, каб адкрыта верыць у Хрыста: у нашай краіне за веру не праследуюць, не пазбаўляюць жыцця.  З іншага боку, сёння патрэбна мець мудрасць, каб адсякаць той псеўдахрысціянскі сурагат, які падаецца са сродкаў масавай інфармацыі. Жыць у свеце, напоўненым хлуснёй і спакусамі, і заставацца верным Богу словам і ладам свайго жыцця, а таксама ў гэтым ключы выхоўваць сваіх дзяцей – вось выклік XXI стагоддзя.

5.

— “Залатое” правіла апосталаў:  не рабіць іншым таго, чаго сабе не жадаеш.

6.

— Вычарпальны адказ дае Ісус Хрыстос у прыпавесці пра міласэрнага самараніна. Гасподзь кажа: «Што зрабілі аднаму з малых братоў Маіх, тое зрабілі Мне». Вось вам прыклад: едзеш за рулём аўтамабіля і бачыш, што на дарозе галасуе чалавек,  – спыніся і падвязі.

7.

— Такіх кніг і фільмаў мноства! Асабіста для мяне такой кнігай з’яўляецца Біблія. А калі казаць пра свецкую літаратуру, то падабаюцца гістарычныя кнігі, заснаваныя на рэальных падзеях. Цікава прасочваць, з якімі цяжкасцямі галоўным героям даводзілася сутыкацца і як яны пераадольвалі рознага роду выпрабаванні. Гэтыя кнігі здольныя павярнуць мысленне няверуючага чалавека да Бога. Што да фільмаў, то старую савецкую класіку, якая, што цікава, стваралася ў атэістычную эпоху, заўсёды гляжу з непадробнай цікавасцю. У ёй ёсць мараль, цеплыня і душэўнасць.

8.

— Рабаўнік на крыжы першым увайшоў у Рай, хоць і не быў ахрышчаны. Памятайце і пра тое, што не кожны ахрышчаны туды ўвойдзе.

9.

— Сярод мноства плыняў субкультуры ёсць цалкам прымальныя, якія не нясуць у сабе нічога дрэннага. Да іх можна аднесці, напрыклад, рух графіці, байкераў, прыхільнікаў спартыўнага ладу жыцця… Значна шырэй спіс даволі сумніўных плыняў, якія не стасуюцца з хрысціянскім міралюбным духам, паколькі нясуць у сабе, у прыватнасці, тыя ж скінхеды, разбуральную сілу. Таму маладым людзям трэба быць вельмі ўважлівымі ў выбары сваіх забаў. Хоць для Бога, безумоўна, дарагі кожны чалавек на зямлі.

10.

— Калі жадаешь паразмаўляць і паразважаць  з блізкімі табе па духу людзьмі, то чаму б і не скарыстацца гэтым сучасным сродкам сувязі? Але сядзець у інтэрнэце дзеля сумніўных лайкаў і пустых каментараў – гэта, лічу, бессэнсоўны  занятак. Як казаў апостал Павел: “Усё мне можна, ды не ўсё на карысць”.

11.

— З такой з’явай, на шчасце, не сутыкаўся, але не выключаю падобнага сумнага стану нават у святара.

12.

— Усё, што я загадваў у Калядную ноч, заўсёды збывалася – і я гэтаму вельмі рады. Большага мне і не трэба. Дзякуй Богу за ўсё!

Ксёндз Павел:

1.

— У адрозненне ад многіх людзей, якія шукаюць Бога ўсё сваё жыццё, мне вельмі пашанцавала: я нарадзіўся ў  сям’і, дзе бацькі (тата – каталік, мама – праваслаўная) і  бабуля рэгулярна наведвалі храм. Таму, можна сказаць, я “з пялюшак” ведаў, дзе жыве Бог. Але толькі ў гадоў 16 адбылася мая асабістая сустрэча з Ім: нягледзячы на мой не ва ўсім удалы жыццёвы вопыт і пэўны стыль жыцця, Гасподзь не адвярнуўся ад мяне і прыняў, як самае дарагое дзіця. З той пары я касцёл не пакідаю, а Бога ўспрымаю, як Тату, любячага і ў той жа час строгага, які выхоўвае і загартоўвае мяне ў цяжкасцях.

2.

— Так склалася, што набажэнствы ў касцёле праходзяць на беларускай і польскай мовах. А ў простым  жыцці я дадаю і рускую, паколькі шмат хто з маіх блізкіх і  сяброў размаўляе менавіта на ёй. Няма святых моў, любая гаворка на зямлі – гэта апостальскі дар. На якой бы мове да Бога ні звярнуўся,  Ён пачуе і зразумее.

3.

— Ніякіх супярэчнасцей, як любяць заяўляць атэісты, паміж гэтымі паняццямі не існуе. “Цудоўнае ўладкаванне космасу і гармонія ў ім могуць быць растлумачаны толькі тым, што Сусвет быў створаны па задуме ўсёмагутнай  Асобы. Вось маё першае і апошняе слова”, – сведчыў Ісаак Ньютан.

4.

— Сёння, як і ў іншыя часы, трэба быць вельмі паслядоўным у сваёй веры і, спадзеючыся на Бога, не адступаць ад Яго запаведзяў ні на ёту. Не проста звацца хрысціянінам і рэгулярна хадзіць на набажэнствы, а кожным сваім учынкам па-за сценамі храма, кожным словам, вымаўленым першаму сустрэчнаму, сведчыць аб тым, што ты варты звацца вучнем Хрыстовым. Як сказаў Гасподзь: “Па тым пазнаюць, што вы Мае вучні, калі бу-дзеце мець любоў між сабой”.

5.

— “Любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім” і “Любі бліжняга свайго, як самога сябе” – на гэтых дзвюх запаведзях трымаецца ўвесь закон.

6.

— Кожны чалавек, сустрэты на вашым шляху, – бадзяга, ці алкаголік, ці нават адкрыты нядобразычлівец і вораг – і ёсць ваш блізкі. І вы па вызначэнні, калі лічыце сябе хрысціянінам, павінны працягнуць яму руку дапамогі, як свайму сваяку ці сябру. Як бы цяжка – не будзем хітрыць – у такіх выпадках не было. Міласэрны Гасподзь убачыць вашыя добрыя намеры і ў адказ дапаможа вам.

7.

— Калі вы шукаеце Бога, то, упэўнены, у любой кнізе, у любым фільме можна Яго знайсці – у асобах тых герояў, якія робяць дабро і шукаюць праўду на зямлі. Уласна мяне вельмі кранулі кнігі Уільяма Янга “Хаціна” і “Ева”. А з фільмаў рэкамендаваў бы паглядзець, напрыклад, нядаўна зняты фільм “Зялёная кніга”, у якім паказана пераўтварэнне чалавека і апяваюцца лепшыя хрысціянскія каштоўнасці – дабрыня, пакорлівасць і любоў.

8.

— Дзверы ў Рай зачыненыя толькі для тых, хто свядома туды ісці не збіраецца.

9.

— У першую чаргу, глядзець трэба на душу чалавека, а не на яго знешнасць: нярэдка бывае, што за прыгожымі тварамі могуць хавацца даволі цёмныя асобы, а пад «іракезамі» панкаў, наадварот, – тонкія, ранімыя душы. Увогуле  Святы толькі Гасподзь – Яму і судзіць усіх нас, грэшных. Храм Божы адкрыты для ўсіх.

10.

— Калі ўспрымаць сацыяльныя сеткі як спосаб камунікацыі і евангелізацыі людзей, то чаму б і не. Свет не стаіць на месцы, развіваецца. Павінны ўдасканальвацца і формы хрысціянскай місіі. У сацыяльных сетках – велізарная аўдыторыя, выказаныя ўслых думкі імгненна разносяцца па ўсім свеце. Чаму б гэтым і не скарыстацца хрысціянскім прапаведнікам?

11.

— На жаль. На маім шляху сустракаліся такія «ваўкі ў авечых шкурах», для якіх служба Богу – проста работа. Бог ім суддзя.

12.

— Адкажу так: у мяне няма завоблачнай мары, паколькі атрымаў ад жыцця ўсё, што хацеў. Але ёсць заданне: пражыць так, каб мне не было сорамна ні перад людзьмі, ні перад Богам.

Падрыхтавала  Алена ЗЯЛЕВІЧ.

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.