Четверг, 14 ноября 2019

Солистка оркестра Ольга Якимова стала победительницей областного конкурса эстрадно-джазовой музыки

745

Якіх толькі дзівосаў на свеце не бывае! Вось так прыходзіш у цырульню, сядаеш у крэсла да незнаёмага майстра, заказваеш з лёгкім недаверам сваю стандартную прычоску і… раптам ад іншых кліентаў даведваешся, што стрыжэ цябе не проста выдатны цырульнік і майстар перманентнага макіяжу, а пераможца абласнога конкурсу… эстрадна-джазавай музыкі ў намінацыі “Салісты-вакалісты”.


Нядаўна на базе музычнага каледжа г. Брэста і абласнога грамадска-культурнага цэнтра адбыўся фінал абласнога фестывалю сучаснага мастацтва “Эстрадны МІХ”. У папулярным форуме ўзялі ўдзел сотні музыкантаў з розных калектываў, якія перамаглі на раённых этапах конкурсу. І адметна, што ў сваіх намінацыях упершыню дыпломамі I ступені былі адзначаны славуты народны эстрадны аркестр “Біг-Бэнд” Пружанскага гарадскога Палаца культуры пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча і салістка аркестра Вольга Якімава.
Мы сустрэліся са спявачкай і пагаварылі пра яе музычнае жыццё, якое яна, між іншым, шматдзетная маці, паспявае весці ў абход усіх гэтых нажніц, фенаў і касметычак…

Вольга спявае з самага дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Магілёўцы. Ні адно святочнае мерапрыемства ў Магілявецкай школе не абыходзілася без музычных нумароў у выкананні дзяўчыны.
— Здаецца, я спявала ўвесь свой вольны час. Уключала магнітафон ці слухала радыё і старалася капіраваць вакальную манеру артыстаў, якія выконвалі ўпадабаныя мною музычныя кампазіцыі. Увогуле мне грэх было не спяваць: я займалася ў музычнай школе па класе фартэпіяна, больш-менш разбіралася ў нотах. Ды і бацькі (тата — музыкант па адукацыі, а мама – выдатная спявачка) давалі мне патрэбныя рэкамендацыі, – кажа Вольга.
Але падабалася ёй не толькі спяваць. Адразу пасля школы дзяўчына паступіла ў Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж, паколькі не менш, чым песню, любіла… пэндзлі і фарбы. Пасля працягнула навучанне на факультэце мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Вольга з задавальненнем малявала, але і вакальны свой талент “у зямлю не закопвала”: прымала ўдзел у розных музычных конкурсах. Пасля перамогі на адным з іх была запрошана ў якасці спявачкі ў кафэ “Эдэм”. А роўна 10 гадоў таму па запрашэнні Сяргея Більшэвіча, даўняга сябра бацькі, Вольга Якімава стала салісткай эстраднага аркестра “Біг-Бэнд”.
— Спяваць разам з нашым аркестрам ды яшчэ пад кіраўніцтвам такога прафесіянала, як Сяргей Рыгоравіч, — вялікая ўдача для вакаліста-аматара! — хваліць калег спявачка, якая, да слова, вымушана траціць на вывучэнне партый значна больш часу і сіл, чым прафесійныя музыканты. А партыі ў Вольгі, шчыра кажучы, такія, што іх не кожны прафесіянал можа выканаць на годным узроўні: “It‘s only a paper moon”, “Time After Time”, “Skyfall” і іншыя.
— Мы вельмі стараемся, і апошнія дыпломы – найлепшы доказ нашай плённай агульнай працы.

Калі вы жадаеце пачуць прыгожы голас Вольгі Якімавай, а наступнага эстрадна-джазавага конкурсу чакаць і чакаць, – спяшайцеся ў цырульню “Піцер” і смела заказвайце ў маладой жанчыны разам з прычоскай яшчэ і “Bеsame mucho” ў жанры кубінскага балеро…
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).