Вторник, 19 ноября 2019

Посмотрите, какие чудесные близняшки учатся в Щерчовской школе!

556

Міша і Данік вучацца толькі ў першым класе, аднак, па сцвярджэнні дырэктара ўстановы, ужо дамагліся прызнання дасведчанай школьнай публікі.
– Маленькія, ды ўдаленькія, – кажа пра хлопчыкаў Любоў Аляксандраўна Чарнак. – Не толькі выдатна для свайго ўзросту чытаюць, пішуць і задачкі рашаюць, але яшчэ любяць спяваць і танцаваць, таму арганічна ўпісаліся ў шэрагі вядучых артыстаў нашай школы.


Пры гэтым хлопчыкі ўжо вельмі адказна заяўляюць, што звязваць сваё дарослае жыццё “са сцэнай” не плануюць: Міша пад уражаннем кінастужак пра вайну марыць стаць афіцэрам, каб Радзіму ад ворагаў абараняць, а Данік, адданы прыхільнік мультфільма “Шчанюковы патруль”, збіраецца пайсці па слядах галоўных герояў – стане выратавальнікам альбо… паліцэйскім…
Не менш сур’ёзна адказваюць на пытанні журналістаў другакласнікі Кірыл і Мікіта Хайко. Яны жывуць у вёсцы Гарадзечна, гадуюцца ў шматдзетнай сям’і і кожны дзень разам са сваёй старэйшай сястрычкай спяшаюцца ў Шчарчоўскую школу.
– Як бачыце, яны вельмі актыўныя, на адным месцы не могуць пастаяць. І гэта зразумела: у іх шмат планаў, якія стараюцца як мага хутчэй рэалізаваць. Дзеля гэтага шмат чытаюць і, як вынік, шмат ведаюць. Да прыкладу, нядаўна ў школе выступаў інспектар ДАІ, дык Кірыл з Мікітам яму столькі правілаў дарожнага руху пералічылі, што той здзівіўся. І такі разумны падыход у братоў Хайко да ўсіх вучэбных прадметаў, – расхвальвае выхаванцаў дырэктар.
Мікіта асабліва любіць такі прадмет, як “Чалавек і свет”, паколькі шануе прыроду і шкадуе жывёл, якіх лічыць не братамі нашымі меншымі, а роўнымі чалавеку разумнымі істотамі. Кірыл жа аддае перавагу беларускай мове, чытае беларускамоўныя пазнавальныя часопісы і кнігі, дзе галоўны герой бусел. І марыць стаць… касманаўтам.
– Так і будзе, – усміхаецца хлопчык. — Я намалюю на абшыўцы касмічнага карабля гэтую “брэндавую” беларускую птушку і ўзлячу разам з ёй пад нябёсы, каб перадаць жыхарам Сусвету прывітанне ад Рэспублікі Беларусь.
– У космас паляцім разам, – з усмешкай адказвае брату Мікіта, – блізняты адзін аднаго ў небяспецы не пакідаюць. Возьмем з сабой і Мішу з Данікам. Вы, хлопцы спадзяюся, не супраць?
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.