Вторник, 19 ноября 2019

Детская писательница Екатерина Ходасевич-Лисовая встретилась с юными пружанскими читателями

281

Чары прыгожай феі і дзівацтвы новага казачнага героя, дэфіле з кнігай і падарожжа праз магічны партал… Ужо амаль два месяцы прайшло, як лета перадала свае паўнамоцтвы восені. Але ўдзельнікі чытацкага конкурсу «Лета з добрай кнігай», наладжанага супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі імя Алены Лось, працягваюць атрымліваць сюрпрызы ад арганізатараў. Так днямі ў гэтай установе адбылася сустрэча з беларускай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, з творчай спадчынай якой дзеці знаёміліся на працягу лета.


Пісьменніца прыехала да самых актыўных юных пружанскіх чытачоў, каб прэзентаваць сваю новую, адзінаццатую, кнігу пад назвай “Вухуцік”. Але ў кнігі ёсць і іншая назва — “Васявасілёк”: новае выданне — гэта так званая “перакрутка”. Па задумцы аўтара, адна частка кнігі прызначаецца дзяўчынкам, а другая – хлопчыкам. Адным словам, як ні круці – адкрывай і чытай, а калі стомішся – гуляй: пасярэдзіне кнігі, менавіта там, дзе сустракаюцца героі, размешчана гульня-рэбус па матывах сюжэта твора.


ра гэтыя і іншыя хітрыкі “Вухуціка” ў інтэрактыўнай форме распавяла сама пісьменніца, якая з’явілася перад дзецьмі ў вобразе казачнай Феі з краіны Сноў і прывезла з сабой галоўнага героя – ляльку Вухуціка. Як і належыць, сустракалі пісьменніцу з кветкамі: цудоўны букет валошак, зробленых з паперы, паднёс госці пераможца чытацкага конкурсу Ілья Чайкоўскі (на здымку), чым расчуліў яе да слёз. Кацярына Хадасевіч-Лісавая паабяцала нават, што на ўласнай карце Беларусі, якую папаўняе пасля сваіх вандровак па краіне, горад Пружаны будзе адзначаны чырвоным сэрцайкам у знак яе любові і павагі да нашых чытачоў.


Далей дзяцей чакала “вандроўка” праз магічны партал на планету Жаданняў, дзе загадалі, каб быў мір ва ўсім свеце, каб усе людзі былі здаровыя і шчаслівыя і каб ніхто не ленаваўся чытаць кнігі. На шчырую рэпліку з залы, што сёння чытаць нямодна, спадарыня Кацярына прапанавала наладзіць дэфіле з… кнігай на галаве як доказ таго, што чытаць кнігі модна і весела. Дэфіле стала адным з самых яркіх момантаў сустрэчы.


Напрыканцы дзеці і пісьменніца абмяняліся падарункамі: юныя чытачы атрымалі на памяць друкаваную прома-прадукцыю і кнігі. А Кацярына Хадасевіч-Лісавая павезла ў сталіцу прыгожую эка-торбу, выкананую народным майстрам Беларусі Марыяй Кулецкай. А ў торбе той, раскрыем сакрэт, былі розныя цёплыя рэчы: усмешкі, словы ўдзячнасці і абяцанні дзяцей чытаць як мага больш кніг беларускіх пісьменнікаў.

Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.