Понедельник, 21 октября 2019

Ко Дню работников культуры. Знакомьтесь: самый молодой директор

1 116

Алёна Вакульчык – самы малады дырэктар установы культуры ў Пружанскім раёне. Ганаровую пасаду Алёне Вячаславаўне прапанавалі ўсяго праз год работы ў Шарашэўскім цэнтры культуры і вольнага часу. Пра свае першыя крокі ў прафесійнай дзейнасці малады кіраўнік кажа так: “Ад лёсу не збяжыш”.

— Я з вёскі Дабучын, вучылася ў Хараўской СШ і, колькі сябе памятаю, прымала ўдзел у многіх школьных канцэртах. Мне вельмі падабалася быць вядучай, рыхтаваць сцэнарыі, «прымяраць» розныя ролі. Тым не менш, думала, што стану гісторыкам ці настаўнікам гісторыі. Пры паступленні мне не хапіла некалькіх балаў для бясплатнага навучання. І тут  зразумела, што гэта проста знак: мне неабходна звязаць лёс з тым, аб чым  марыла з дзяцінства. Так я стала студэнткай Пінскага каледжа мастацтваў. Падчас вучобы  канчаткова пераканалася ў правільнасці свайго выбару. Работа з сферы культуры – гэта маё.

— Алёна Вячаславаўна, вучоба – гэта адно, а вось работа ў глыбінцы – зусім іншае. Няўжо ні разу не пашкадавалі?

— Шчыра сказаць – ні разу. Магу даказаць. Калі я па размеркаванні толькі трапіла ў Шарашэва, то была настроена адпрацаваць тут два гады і за гэты час канчаткова вызначыцца з прафесіяй і далейшым жыццём. Цяпер жа ў маіх планах — атрыманне вышэйшай про-фільнай адукацыі.

І ў нашай сферы, і ў вясковым жыцці   хапае складаных момантаў. Няма ў мяне “ружовых акуляраў”. Проста, калі  чалавек жыве сцэнай, выступленнямі, зносінамі з людзьмі, усе перашкоды пераадольваюцца лягчэй і работа прыносіць толькі задавальненне.

— Работа ў “чужым” пасёлку вас не напалохала, няўжо і займаць пасаду дырэктара не было страшна?

— Вы жартуеце? (Смяецца.) Але, па-першае, гэта было настолькі нечакана, што я не паспела па-сапраўднаму спалохацца. Па-другое, мяне ва ўсім заўсёды падтрымлівае сям’я.  Тата мяне выхоўваў так: дачушка, у цябе ўсё атрымаецца. І на гэты раз я пачула ад яго такія словы. Не верыць яму ў мяне няма падстаў!

— Як прыняў калектыў маладога кіраўніка?

— Калі яшчэ дырэктарам тут была Наталля Пятроўна Вакула, я ўбачыла, што ўсе рашэнні ў невялікім творчым калектыве прымаюцца пасля агульнага абмеркавання. Так мы і працягваем працаваць. Разумееце, у культуры могуць працаваць толькі апантаныя людзі, таму кожны супрацоўнік зацікаўлены ў тым, каб у нас было больш наведвальнікаў і гледачоў. Не толькі наш цэнтр, а і наогул увесь пасёлак – гэта адна вялікая сям’я. Калі мы самі не зробім наша культурнае жыццё больш разнастайным, то ніхто нам не дапаможа.

— А што наогул уяўляе сабой работа цэнтра культуры і вольнага часу?

— Работа ў нас кіпіць! Мы рыхтуем тэматычныя канцэрты. Толькі сабралі вяскоўцаў на канцэрт да Дня настаўніка, як цяпер запрашаем на канцэрт да Дня маці, плануем вечар шансона, які пройдзе ў лістападзе. Для кожнага канцэрта свой сцэнарый і свае нумары. Цяпер яшчэ і здымаем, а фота і відэа выкладваем у сваіх групах у сацыяльных сетках.

Акрамя гэтага, прапануем заняткі ў самых разнастайных гуртках і аб’яднаннях. Можам навучыць жадаючых (як дзяцей, так і дарослых) вакальнаму ці акцёрскаму майстэрству, смачна гатаваць. Можна ў нас займацца фітнесам, гуляць у тэніс ці більярд. Усяго адразу і не пералічу. Нядаўна пачалі ствараць уласны музей. Праводзім звычайныя і тэматычныя дыскатэкі. Апошнія карыстаюцца большай папулярнасцю. Напрыклад, на рэтра-дыскатэку, прысвечаную 90-м гадам мінулага стагоддзя, завітала каля 60 жыхароў пасёлка.

Я вельмі спадзяюся, што з кожным мерапрыемствам колькасць нашых наведвальнікаў будзе расці. Пакуль нам застаецца толькі марыць аб тым, што ў пасёлку будзе пражываць больш моладзі. Але мы зробім усё, што залежыць ад нас, каб свой вольны час шарашэўцы бавілі весела і з карысцю.

Гутарыла Кацярына ПАШКЕВІЧ.     Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА