Понедельник, 9 декабря 2019

Рэцэпты на Біс: «шпроты» з кількі

327

Рэцэпт ад  галоўнага бухгалтара УРГ «Раённыя будні» Таццяны ПЯТРАНЬ.

Гэты рэцэпт з’явіўся ў нашай сям’і ў гады татальнага дэфіцыту 80-х гадоў, калі звычайныя шпроты было немагчыма «дастаць».

Прайшло шмат гадоў, і на паліцах сучасных магазінаў, не кажу ўжо пра супер- і гіпермаркеты, можна знайсці  любы тавар і прадукт. Тыя ж шпроты — ад любога вытворцы. Я з задавальненнем карыстаюся рознымі навінкамі на сваёй кухні, люблю эксперыментаваць з прадуктамі. Але «маміны шпроты» засталіся ў нас адной з самых любімых страў.

Яшчэ адзін «плюс» хатняга іх прыгатавання: смачнай рыбы атрымліваецца многа.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

кілька марожаная — 1,2 кг,

сухая чайная заварка (можна выкарыстоўваць шалупінне цыбулі) — 1 ст.л. на шклянку кіпеню,

алей — 100 г,

соль — 1 ч.л.,

цукар — 0,5 ч.л.,

лаўровы ліст, перац-гарошак.

ПРЫГАТАВАННЕ

Пачысціць кільку. На дно каструлі выкласці лаўровыя лісцікі, затым акуратнымі пластамі рыбу. Заліць  настоенай і  астуджанай заваркай, дадаць соль, цукар і перац.

Гатаваць на невялікім агні дзве гадзіны пад шчыльнай накрыўкай. У апошнія 30 мінут накрыўку неабходна зняць, каб лішкі вільгаці выпарыліся,  і  пасля гэтага  ўліць алей.

Гатовыя «шпроты» можна дадаваць у салаты, рабіць з імі бутэрброды ці ўжываць як самастойную страву.

Смачна есці!