Гэтае фота даслаў для рубрыкі «Гісторыя з фатаграфіяй» Руслан Вітко. Ён піша: «На фотаздымку першы злева — мой дзядуля Іван Аляксандравіч Булаўскі, будаўнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, яго ўжо няма ў жывых. Адлюстраваны пасляваенны час: ідзе будаўніцтва аднаго з дамоў па вуліцы, якая цяпер носіць імя Рыгора Шырмы. На заднім плане Белыя лаўкі, справа — агароджа Аляксандра-Неўскага сабора».

Зразумела, што на здымку — пачатак будаўніцтва двухпавярхоўкі адразу за былым Домам быту (цяпер гандлёвы цэнтр «Алена») . Фота магло быць зроблена ранняй вясной 1956 або 1957 года: згодна з інфармацыяй у газеце «Чырвоны сцяг», дом здалі ў эксплуатацыю ў апошнія дні 1957-га. У гэты час, як узгадваюць родныя, І.А.Булаўскі працаваў мулярам у Пружанскай рамбудканторы.
Цікава, што на заднім плане бачны рабочыя, якія ўкладваюць брук на дарозе. Паміж калонамі Белых лавак расцягнута палотнішча з надпісам «Культмаг».
Ірына Сядова.
Фота з архіва Руслана Вітко.