Понедельник, 21 октября 2019

Умей крутиться. Рискнула и отказалась … от шампанского

877

Штогод на Пружаншчыне адкрываюцца новыя прыватныя прадпрыемствы. Гэта вельмі радуе: тут і стварэнне працоўных месцаў, і здаровая канкурэнцыя.
А яшчэ ўласная справа дае магчымасць рэалізавацца прадпрымальным людзям. Адна з іх — Вольга Севасцьянчык, уладальніца кафэ «Овертайм», якое не так даўно адкрылася ў Лядовым палацы.


Як расказвае Вольга Міхайлаўна, ёй даўно хацелася рэалізавацца як прадпрымальніцы. Пасля заканчэння гандлёва-кулінарнага каледжа жанчына працяглы час працавала ў якасці наёмнага работніка. Работу спецыяліста кафэ ААТ «Жураўлінае», дзе раней працавала, высока ацэньвалі кіраўніцтва і кліенты. Але самастойна займацца справай усё ж было боязна. Рызыкнуць В.М.Севасцьянчык вырашыла пасля таго, як агучыла сваю мару ў коле сваякоў і… атрымала гарачую падтрымку: маўляў, не вагайся, адкрывай уласнае кафэ, а мы дапаможам. Падтрымалі і раённыя ўлады, з дапамогай якіх напачатку жніўня і запрацавала новае кафэ ў Лядовым.
Але трэба сказаць, што раней тут таксама некалькі разоў спрабавалі наладзіць работу кафэ, аднак няўдала. Дык чаму Вольга Міхайлаўна лічыць, што яе спроба будзе паспяховай?
— Спадзяюся, што мне ўдасца змяніць сітуацыю,— разважае прадпрымальніца.— Тым больш, што вырашыла падысці да справы нестандартна. У гэтай сферы грамадскага харчавання звычайна пануюць тры правілы: рабіць упор на абслугоўванне карпаратыўных кліентаў, гатаваць з танных паўфабрыкатаў, каб эканоміць на кухні і абавязкова прапаноўваць наведвальнікам спіртное. І ўсе гэтыя правілы В.М.Севасцьянчык вырашыла парушыць. Хаця і не адмовіцца ад іх поўнасцю. Напрыклад, карпаратывы, няхай і невялікія, да 25 чалавек, у «Овертайме» таксама можна ладзіць, але ўладальніца больш разлічвае на індывідуальнага кліента.
— Напрыклад, у нас могуць харчавацца юныя спартсмены Лядовага, каго прывозяць ці адпраўляюць сюды бацькі: сок з бутэрбродам або гамбургерам, якія падабаюцца сучаснай моладзі, каштуюць у кафэ нядорага. Ёсць у меню і комплексныя абеды, якія паспелі паспытаць работнікі навакольных прадпрыемстваў і ўстаноў.
Другое правіла Вольга Міхайлаўна парушыла больш рашуча: прафесійны кулінар з вялікім вопытам работы ў сферы грамадскага харчавання поўнасцю адмовілася ад паўфабрыкатаў, гатуючы толькі свежыя стравы. У кафэ праводзяцца «дзень дранікаў», «дзень галубцоў», гатуюць смачную салянку і грыбны суп, як хіт сезона. А яшчэ тут прапануюць свежую выпечку — торцікі і пірожныя.
Так жа рашуча ўладальніца кафэ парушыла трэцяе пра-віла, поўнасцю адмовіўшыся гандляваць спіртным. За сталом «Овертайма» нават кампаній з півам не сустрэць, што прыцягвае сюды жадаючых арганізаваць сямейную вячэру або дзіцячае свята.
Зразумела, што пакуль мінула мала часу, каб сцвярджаць, што палітыка выбрана прадпрымальніцай пра-вільна. Але хочацца спадзявацца, што кафэ наканаваны ўдалы лёс. Дарэчы, тут створаны тры новыя працоўныя месцы.
А чаму «Овертайм»?,— пытаюся ва ўладальніцы кафэ наконт выбару такой назвы для ўстановы.
— У спорце так называецца дадатковы час на вызначэнне пераможцы. І мы можам зрабіць яго вельмі прыемным і карысным для аматараў актыўнага і здаровага ладу жыцця. А калі пашанцуе, то і трапіць у лік прызёраў,— смяецца В.М.Севасцьянчык.
Ва ўсялякім выпадку яна разлічвае на такі працяг, будуе планы больш «тэматычнага» ўладкавання залы, мяркуе абнавіць інтэр’ер. А летам — яшчэ і адкрытую пляцоўку арганізаваць побач са спартыўнай установай.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.