Понедельник, 21 октября 2019

Две пенсионерки из Пружан провели ночь на болоте. И это не первый случай с начала сезона

432

Заблукалі ў лесе…
Напачатку бягучага тыдня на пульт дзяжурнага райаддзела па надзвычайных сітуацыях у 22 гадзіны паступіла трывожнае паведамленне аб тым, што ва ўрочышчы Дзікое ў раёне аг.Клепачы заблукалі дзве жанчыны, якія прыехалі з Пружан для збору журавін. Па словах сведкаў, дзве пенсіянеркі зайшлі ў лес яшчэ раніцай і дагэтуль не вярнуліся. На шчасце, адна з пацярпелых мела пры сабе мабільнік і была на сувязі. Жанчына паведаміла, што дарогу назад яны знайсці не могуць. У пошуку прымалі ўдзел некалькі груп, чатыры адзінкі тэхнікі, якія ахапілі зону мяркуемага знаходжання жанчын. Гукі сігналізацыі і аўтамабільнае асвятленне, якія яны ўбачылі і пачулі на світанку наступнага дня, дапамаглі ім зарыентавацца. Пацярпелым аказана неабходная дапамога.


Трэба сказаць, што гэта не першы выпадак бягучай восенню. У верасні выратавальнікам давялося шукаць сям’ю грыбнікоў, якія «заначавалі» ў лесе. Таксама арганізоўваліся пошукі дзвюх жанчын, якія таксама заблукалі ва ўрочышчы Дзікое, дзе збіралі журавіны. Гэту пару выратавальнікі знайшлі па геалакацыі тэлефоннай сім-карты, якая паказала, што пацярпелыя знаходзяцца каля в.Бакуны (Велікасельскі с/савет). У пошуку нават быў задзейнічаны квадракоптэр, які запусцілі работнікі лясгаса. Але толькі гукі сірэны дапамаглі жанчынам знайсці дарогу. У дзве гадзіны ночы яны выйшлі з лесу. Пры гэтым вёдры з сабранымі ягадамі не кінулі.
Каб не трапіць у такія сітуацыі, неабходна прытрымлівацца наступных рэкамендацый:
— не адпраўляцца ў лес у адзіночку;
— вывучыць карту мясцовасці і асноўныя правілы арыентавання ў лесе;
— паведаміць сваякам або знаёмым аб плануемым маршруце і часе вяртання, своечасова інфармаваць іх, калі планы змяніліся;
— апранаць яркае, зручнае і непрамакальнае адзенне і абутак;
— абавязкова ўзяць з сабой тэлефон і запалкі.
Уваходзячы ў лес зарыентуйцеся па сонцы, якое потым дапаможа правільна выбраць накірунак дарогі назад. Калі ж заблукалі ў лесе, першае, што неабходна, адразу набраць нумар службы выратавання «101» або «112» і паведаміць, з якога населенага пункта ўвайшлі ў лес, апісаць, што бачыце вакол сябе.
Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, неабходна звярнуць
увагу на наступныя арыенціры:
— лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі абавязкова вывядуць да людзей;
— калі на шляху сустрэліся ручай або рэчка, ідзіце ўніз па плыні;
— шум працуючай тэхнікі чутны за 3-4 км, брэх сабакі — за 2-3, цягнік — за 10 км. Ідзіце на гук.
Не варта выбірацца з лесу ўначы: у цемры і павялічваецца рызыка траўміравання. Таму лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Пры гэтым прыміце меры, каб тыя, хто шукае вас, не прайшлі міма: павесьце на кусты кепку, хустку або ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцягнуць увагу.
Праверце свае веды аб дзеяннях, калі заблудзіліся ў лесе, у мабільным дадатку МНС «Дапамога побач».
Вольга Ліпко, старшы інспектар РАНС.