Понедельник, 21 октября 2019

В Пружанах прошел первый фестиваль клубов пожилых людей

378

У Палацы культуры прайшоў першы фестываль клубаў пажылых людзей Пружаншчыны.

Ініцыятыва арганізаваць падобнае мерапрыемства належала Пружанскаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. На заклік прыняць удзел у конкурснай праграме адгукнуліся ўсе чатыры клубы раёна: «Нам гады — не бяда», які функцыянуе на базе Палаца культуры, «Салавейкі» — пры аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту, а таксама «Досуг» і «Радасць зносін» з Ружан і Шарашэва адпаведна.


Увогуле, як падкрэсліў у той вечар у сваёй прывітальнай прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, сёння мы можам хваліцца тым, што на Пружаншчыне жыве нямала людзей «залатога ўзросту» (проста называць іх пажылымі язык не паварочваецца), якія выклікаюць не проста пачуццё гонару — добрай зайздрасці.

Насуперак лічбам у пашпарце, якія сведчаць пра дасягненне пенсіённага ўзросту, гэтыя людзі з’яўляюцца ўзорам насычанага і актыўнага жыцця, у якім ёсць месца і для валанцёрства, і для заняткаў спортам, і для хобі, і для многіх іншых рэчаў, на якія нават моладзь не заўсёды выдзяляе час. Пасля кампліментаў, сказаных, у першую чаргу, у адрас удзельнікаў фестывалю, канкурсанты, безумоўна, адчулі яшчэ большую ўпэўненасць у правільнасці таго, чым займаюцца ў вольны час.


Але, перш чым прыступіць да конкурснай праграмы, старшыня раённай арганізацыі «Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў» Станіслаў Лаўрыновіч з нагоды свята адзначыў падарункамі і падзякамі лепшых: М.П.Салапуру, які прысвяціў сябе сельскай гаспадарцы, у свой час быў узнагароджаны ордэнам Леніна,

А.А.Астапчык, якая на заслужаным адпачынку знайшла сябе ў якасці спартыўнага трэнера для ветэранаў працы,

а таксама Г.У.Хадаровіч, якая шмат гадоў з’яўлялася летапісцам роднага краю — напісала тысячы артыкулаў і нарысаў у «раёнцы».


На працягу больш як дзвюх гадзін клубы паказвалі падрыхтаваныя імі праграмы. Конкурсаў было чатыры: візітоўка «Будзем знаёмы», конкурс паэзіі, тэатральна-гумарыстычны і музычны. Кожная з каманд старалася паказаць свае лепшыя творчыя здольнасці.

Варта адзначыць, што і пачуцця гумару ўдзельнікам фестывалю не займаць: артысты не раз прымушалі залу залівацца смехам. Адным словам, канкурсанты годна дэманстравалі свае шматгранныя таленты.


Нямала апладысментаў сабралі не толькі ўдзельнікі фестывалю, але і самадзейныя артысты, якія сваімі нумарамі ўпрыгожылі мерапрыемства: салісты Аксана Казлоўская, Ігар Цімановіч, Ірына Шпінёва, Валянціна Кунда, народны хор «Чырвоны гваздзік», узорны ансамбль танца «Круцёлачкі».


Тым часам, пад апошнія акорды фестывальнай праграмы журы падводзіла вынікі. Згодна з выстаўленымі баламі, аказалася, што… перамагло сяброўства: усе клубы набралі аднолькавую колькасць балаў.

Усе каманды атрымалі падарункі ад спонсараў мерапрыемства — раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» і райкама прафсаюза работнікаў АПК.


Што хочацца дадаць? Хоць Дзень пажылых людзей сёлета адзначаўся ў такой форме і ўпершыню, першы блін выйшаў не камяком. Як зазначыла адна з членаў журы, гэта, бадай, лепшае мерапрыемства свайго роду, на якім ёй даводзілася прысутнічаць. Але нагоды для суму няма: фестывалю клубаў пажылых людзей — жыць.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).