Суббота, 14 декабря 2019

9 кастрычніка — Сусветны дзень пошты

457

АПС Пружаны-1 па сваім сённяшнім адрасе «прапісалася» ў 2012 годзе. З гэтага часу яго нязменным начальнікам з’яўляецца Аксана Велікаселец. Увогуле ў сістэме паштовай сувязі жанчына працуе ўжо дваццаць гадоў: прыйшла на падмену водпускаў спецыялістаў і, дзякуючы сваёй адказнасці і кампетэнтнасці, змагла ўзначаліць адно з гарадскіх паштовых аддзяленняў.


У паштальёна Тамары Суляк адлік стажу на АПС Пружаны-1 ідзе ўсяго толькі з 2016 года, але яе характарызуюць як працавітую, ініцыятыўную і старанную работніцу. За кароткі тэрмін жанчыне ўдалося дабіцца высокіх вытворчых паказчыкаў і па падпісцы, і па тавараабароце і пры гэтым трымаць на належным узроўні якасць аказання паштовых паслуг. Да слова, у зоне абслугоўвання паштальёна больш за тысячу адрасоў.
Аксана Пятроўна падкрэслівае: «Наша работа — з людзьмі, якая патрабуе і ўважлівасці, і засяроджанасці. Разам з тым, з кожным днём спектр паслуг у галіне расце, і нам даво-дзіцца ісці ў нагу з часам, пастаянна самаўдасканальвацца. А як інакш? Ад кампетэнтнасці работніка паштовай сувязі, яго ўмення хутка аказваць паслугі і нават знешняга выгляду залежыць тое, якое ўражанне складзецца ў лю-дзей пра наша прадпрыемства ў цэлым».

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей Талашкевіч (фота).

9 кастрычніка — асаблівы дзень у гісторыі сусветнай пошты: у гэты дзень 145 гадоў таму — у 1874 годзе адбылося ўтварэнне Сусветнага паштовага саюза (СПС). СПС мае статус спецыялізаванай установы сістэмы ААН і ажыццяўляе сваю дзейнасць «у мэтах развіцця сувязяў паміж народамі шляхам найбольш эфектыўнага функцыянавання паштовых службаў і садзейнічання высокім мэтам міжнароднага супрацоўніцтва ў культурным, сацыяльным і эканамічным плане».
Кожны чалавек на гэтай зямлі з‘яўляецца спажыўцом паштовых паслуг на працягу ўсяго жыцця. Таму ўсе паштовыя адміністрацыі ў свеце адзначаюць гэты дзень.
Беларусь з‘яўляецца паўнацэнным членам СПС ужо больш за 70 гадоў і займае годнае месца ў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі. РУП «Белпошта» займае лідзіруючыя пазіцыі на постсавецкай прасторы па развіцці электронных паслуг у галіне паштовай сувязі, падтрыманні якасці аказання паслуг міжнароднай паскоранай пошты, укараненні новых тэхналогій.
У нагу з часам стараецца крочыць і пошта нашага раёна. У галіне паштовай сувязі працуюць адданыя сваёй прафесіі, улюбёныя ў справу людзі. У асноўным, гэта жанчыны, якім прыходзіцца сумяшчаць прафесійную дзейнасць з хатнімі клопатамі. Вялікі ім дзякуй за цярпенне, працавітасць і душэўную цеплыню!
Традыцыйна напярэдадні Сусветнага дня пошты праводзіцца ўзнагароджанне работнікаў паштовай сувязі за прафесійную дзейнасць. У гэтым годзе званне «Ветэран працы РУП «Белпошта» ўдастоены паштальён АПС Пружаны-3 Галіна Бондар і начальнік АПС Пружаны-1 Аксана Велікаселец. Гэтыя работнікі працуюць у галіне сувязі 20 гадоў і больш. Акрамя таго, Аксана Велікаселец узнагароджана Ганаровай граматай Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» за дасягненні ў працы і шматгадовую добрасумленную працу.
Аператару сувязі АПС Лінова Валянціне Аржанавай аб‘яўлена ўдзячнасць генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» за добрасумленную шматгадовую працу і адказныя адносіны да сваіх службовых абавязкаў.
Ганаровай граматы Бярозаўскага РУПС удастоены паштальёны Тамара Суляк (АПС Пружаны-1) і Аліна Ясковіч (АПС Шарашэва).
Усім працаўнікам паштовай сувязі, ветэранам галіны хочацца сказаць словы шчырай удзячнасці за самаадданую працу і пажадаць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, матэрыяльнага дастатку і аптымізму. Няхай у вашыя дамы прыходзяць толькі добрыя весткі!
Таццяна Ільяшэвіч, начальнік Пружанскага УПС.