Понедельник, 21 октября 2019

С Днем учителя! Молодые специалисты рассказали о работе в Щерчово

741

“Малады — не значыць неспрактыкаваны”, – упэўнена заяўляе дырэктар Шчарчоўскага ВПК Любоў Аляксандраўна Чарнак і з задавальненнем знаёміць з маладымі настаўнікамі, якія ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе ў падначаленай ёй установе найлепшым чынам.


Настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Васільеўна Бугаева два гады таму, пасля заканчэння Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, распачынала свой працоўны шлях у гімназіі г.Пружаны. Маладая настаўніца паспела падрыхтаваць да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе даследчых работ сваю вучаніцу Анастасію Балабушка, якая ў фінале атрымала дыплом II ступені.
Але па ўласным прызнанні, дзяўчына са студэнцкай лавы марыла працаваць… у вёсцы, і яе мары спраўдзіліся. Сёння яна выкладае амаль ва ўсіх класах Шчарчоўскай школы і таксама рыхтуе вучняў да алімпіяд.
— Тут зусім іншыя людзі, чым у горадзе. У вёсцы больш цёплая атмасфера. Калегі дружныя, добразычлівыя, заўсёды імкнуцца дапамагчы не толькі ў працы, але і ў вырашэнні бытавых пытанняў, – кажа Марыя Бугаева.
Цікава, што атрыманая Марыяй спецыяльнасць “Руская філалогія і літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць” дазваляла ўладкавацца на працу і літаратурным супрацоўнікам, аднак дзяўчына вырашыла сваё жыццё звязаць са школай.
— Дзяцей я вельмі люблю. З імі так цікава працаваць, я гатова ў гонар кожнага з іх вершы пісаць, – прызнаецца маладая настаўніца, якая, дарэчы, неаднаразова публікавала свае паэтычныя творы ў розных абласных выданнях.
— Нашу Марыю Васільеўну паважаюць не толькі вучні і калегі. З лёгкасцю давяраюць ёй сваіх дзяцей бацькі, паколькі лічаць, што педагогіка – сапраўды яе прызванне, – канстатуе дырэктар установы.

Настаўнік геаграфіі і біялогіі Мікалай Мікалаевіч Скрабец — таксама выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Адразу пасля яго заканчэння малады чалавек два гады працаваў у Шчарчове, паспеў ажаніцца, а праз месяц пасля вяселля быў… прызваны ў армію. З гэтага навучальнага года ён зноў уступіў у шэрагі шчарчоўскіх педагогаў.
– Працавіты, адказны, добразычлівы, – кажа дырэктар школы. – У Мікалая Мікалаевіча вялікі запас ведаў, ён выкладае свой прадмет проста і даступна. Дзеці яго вельмі паважаюць, тым больш, што ён ніколі не адмаўляе ў дапамозе, на добраахвотнай аснове займаецца з вучнямі. А яшчэ разам з імі бавіць вольны час: гуляе з дзецьмі ў футбол і тэніс.
Мікалай Скрабец з жонкай, якая працуе выхавальніцай у Загорскім дзяцячым садку, жывуць у Пружанах. І кожны дзень зранку спяшаюцца ў розных накірунках на свае працоўныя месцы.
– Як кіраўнік я разумею, што так будзе не заўсёды, – кажа Любоў Чарнак, – прыйдзе час, і Мікалай Мікалаевіч ад нас з’едзе, аднак нават сумна становіцца ад думкі, што мы можам страціць такія кадры.
– Я нікуды не збіраюся ад вас, – з усмешкай супакойвае кіраўніка малады настаўнік, які, дарэчы, усю размову з журналістам правёў на прыгожай беларускай мове. Слухаеш яго — і адчуваеш гонар за чалавека, які добра ведае свае карані.
– Іх у мяне не адняць, – нібы прачытаўшы мае думкі, гаворыць настаўнік.

Нават не з Пружан, а з Брэста другі год прыязджае ў аграгарадок на працу Вікторыя Вадзімаўна Лукашэвіч.
– А што тут складанага? – усміхаецца настаўніца хіміі. – Весела, з вецярком! Заўсёды з добрым настроем імчуся да сваіх дарагіх калег і любімых вучняў!
Брастаўчанка яшчэ ў школе паказвала трывалыя веды па хіміі і біялогіі. Але як фанатка серыяла “Доктар Хаус” увесь час марыла паступіць у медуніверсітэт.
— Паступіла, на жаль, толькі на платнае аддзяленне. А потым прааналізавала ўсе плюсы-мінусы (не хацелася абцяжарваць бацькоў такімі вялікімі фінансавымі выдаткамі), забрала дакументы з медыцынскага і пачала вучыцца на педагога, аб чым ні разу не пашкадавала, – расказвае настаўніца.
– Як нам пашанцавала, што прыйшоў такі таленавіты малады спецыяліст! – падтрымлівае гутарку дырэктар. – Вікторыя Вадзімаўна, акрамя ўрокаў, вядзе падрыхтоўчыя курсы да тэсціравання па хіміі. Дзецям вельмі падабаецца яе методыка выкладання, шмат хто з іх ужо мяркуе сваё жыццё звязаць з хіміяй. А гэта, згадзіцеся, сведчыць пра многае.
– Дзеці ў Шчарчове ўнікальныя: добрыя, душэўныя, старанныя. І з пачуццём гумару ў іх усё ў парадку, – смяецца маладая настаўніца. – Мне здаецца, настаўнікам працаваць значна весялей, чым урачом.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).