Четверг, 18 апреля 2024

Гаражные массивы: место, где заканчивается благоустройство

838

Можна доўга спрачацца наконт прыгажосці нашага райцэнтра, але ні адзін жыхар горада або яго госць не скажуць, што добраўпарадкаванне ў Пружанах не вядзецца. Штогод упрыгожваюцца цэнтр і мікрараёны, узводзяцца новыя жылыя дамы, высаджваюцца кветкі і дэкаратыўныя расліны. Але ёсць на «целе» Пружан некалькі незагойных язваў, якія не змяняюцца з году ў год, псуючы агульны знешні выгляд.
Маюцца на ўвазе гаражныя масівы.


Днямі прадстаўнікі райвыканкама разам з работнікамі санітарнай службы правялі агляд участкаў гаражнай забудовы, каб на месцы прааналізаваць тыя праблемы, што перашкаджаюць навесці парадак.
Спачатку варта сказаць, што ў нашым райцэнтры для жадаючых пабудаваць свой гараж створаны належныя ўмовы. Па-першае, выдзяленне ўчасткаў працягваецца і зараз, няхай і не паблізу ад дома, але можна ўзвесці для ўласнага аўтамабіля бокс для абароны ад злодзеяў або дрэннага надвор’я. А па-другое, ніякіх строгіх патрабаванняў пры гэтым не прымяняецца: маўляў, забудоўшчык сам вызначае габарыты гаража з улікам плошчы выдзеленага ўчастка. Хаця пры гэтым і рэкамендуецца захоўваць аднолькавасць з суседнімі пабудовамі.


Аднак не ўсе ўладальнікі такой нерухомасці правільна ўспрымаюць дадзеную вольнасць. Некаторыя лічаць, што ўвогуле пазбаўлены ўсялякай адказнасці за ўтрыманне гаража. У чым можна пераканацца ўвачавідкі, калі прайсціся па любым гаражным масіве.

Аглядная група спачатку наведала месца гаражнай забудовы па вуліцы Кастрычніцкай. На першы погляд, ствараецца ўражанне, што тут больш-менш падтрымліваецца парадак. Але пры больш пільным аглядзе адразу «вылазяць» асноўныя хібы. Галоўны з іх — пустазелле, якое пануе каля кожнага чацвёртага бокса.
Каля некаторых варот бачна, што ўладальнік карыстаецца гаражом нячаста, магчыма, пабудова служыць не для аўтамабіля, а ў якасці склепа ці кладоўкі. А пустазелле, якое ў шэрагу месцаў вырасла ў рост чалавека, сведчыць аб тым, што гэтай нерухомасцю наогул ніхто не карыстаецца.

Вельмі прыемна глядзець на гаражы, якімі валодаюць руплівыя гаспадары: тэрыторыя каля іх добраўпарадкавана, вароты свежапафарбаваны і часам нават прыгожа размаляваны. Але побач з імі стаяць пабудовы з іржавымі варотамі, кучамі смецця на ўездзе.
Ды каб толькі смецце.

Гараж №1 у другім радзе наогул развальваецца. Ён не толькі псуе агульны выгляд гаражнай забудовы: размешчана пабудова каля пешаходнай сцежкі, па якой штодня ў школу праходзіць шмат дзяцей. Хто можа гарантаваць, што школьнікам праз разбураны дах не захочацца залезці ўнутр аварыйнай пабудовы?

Тэрыторыі іншых масіваў знаходзяцца на пляцоўках, вынесеных за межы жылой забудовы. Зроблена вакол такіх участкаў і бетонная агароджа (як, напрыклад, па вуліцах Заводскай і Макаранкі). Але агароджа толькі хавае бязладдзе ад старонніх вачэй, а за ёй — такая ж карціна, як і на Кастрычніцкай: каля многіх боксаў расце высокае пустазелле, ёсць і недабудаваныя, і напалову разбураныя пабудовы. Узнікае справядлівае пытанне: чаму не прадаць непатрэбную нерухомасць, тым больш, што попыт на гаражы даволі высокі?

Безумоўна, сярод уладальнікаў такой нерухомасці (а іх у Пружанах больш за тысячу) ёсць і тыя, каго таксама трывожыць сітуацыя. Раз-пораз у рэдакцыю звяртаюцца грамадзяне з просьбай звярнуць увагу ўлады на стан гаражных масіваў.
Аднак хочацца запытацца ў ініцыятыўных грамадзян: а што зроблена ўладальнікамі гаражоў самастойна? Для размовы з гарадскімі ўладамі неабходна, па-першае, сабрацца разам, праявіць згуртаванасць, бо шукаць па адным кожнага з уладальнікаў ніякай службе не па сілах.
Таксама самастойна можна ўстанавіць тых, каму належаць «непатрэбныя» боксы і правесці з імі тлумачальную гутарку з рэкамендацыяй навесці парадак побач або прадаць гараж таму, хто мае ў гэтым патрэбу.
Застаецца толькі спадзявацца, што будуць зроблены патрэбныя крокі для вырашэння «непрыгожай» сітуацыі, найперш, самімі ўладальнікамі гаражоў. І ці не яны самі павінны паклапаціцца пра парадак і прыгажосць каля ўласнай нерухомасці?
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).