Понедельник, 21 октября 2019

«Магия танца» вновь собрала в Пружанах хореграфов с соседних районов и даже из Польши

582

Прытопы вясёлай “Лявоніхі” і віхура разняволенай сальсы, фантастычныя акрабатычныя трукі брэйк-данса і запальныя рытмы эстрадных кампазіцый… Рэгіянальнае свята-конкурс харэаграфічнага мастацтва “Магія танца” ў чарговы раз сабрала ў гарадскім Палацы культуры шматлікіх аматараў сучаснага танцавальнага руху. Больш за чатыры дзясяткі калектываў, сотні таленавітых хлопцаў і дзяўчат, дзетак з Пружанскага, Ваўкавыскага, Камянецкага, Жабінкаўскага, Баранавіцкага, Кобрынскага раёнаў, а таксама з г.Гайнаўка (Польшча) прадэманстравалі пружанскай публіцы яркія і незабыўныя нумары.

Перш чым кожнага з артыстаў запрасіць на вялікую сцэну, вядучыя з Навазасімавіцкага СДК – Аксана і Паліна Жукоўскія на чале з абаяльным хлопчыкам Матвеем Зубанавым – прадставілі прысутным членаў прафесійнага журы, у склад якога пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І. Панімаша ўвайшлі спецыялісты  раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, Пружанскай і Бярозаўскай ДШМ, а таксама Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

На працягу трох гадзін журы аналізавала выканальніцкае майстэрства, артыстызм і кампазіцыю нумароў, а гледачы, зараджаныя энергіяй і драйвам канкурсантаў, дзякавалі ім за атрыманы пазітыўны настрой нястомнымі апладысментамі.


Багатая танцавальная палітра нумароў, у кожны з якіх была ўкладзена душа і кіраўніка, і выканаўцы, сапраўды ўражвала сваёй разнастайнасцю: здавалася, усяго чатыры намінацыі (народны, эстрадны, сучасны і сольны танец), а ў кожнай – столькі незабыўных вобразаў! Вызначыць лепшых з іх было вельмі складана, але конкурс на тое і ёсць конкурс, каб назваць мацнейшых. І вельмі прыемна, што сярод іх аказаліся і пружанскія артысты, якія гучна заявілі пра сябе ў трох намінацыях з чатырох.

Пачну з “Сучаснай харэаграфіі”, дзе ў сярэдняй узроставай катэгорыі (11-17 гадоў) дыпломам II ступені быў адзначаны ўзорны ансамбль эстраднага танца “Рубікон” пад кіраўніцтвам Святланы Салавей, якая, дарэчы, падрыхтавала да фестывалю ажно чатыры саставы калектыву. Усе танцоры “Рубікона” прадэманстравалі гледачам добрую выпраўку і высокую культуру руху. Уразілі гледачоў і прыгожыя касцюмы, пашытыя агульнымі намаганнямі кіраўніка, дзяцей і бацькоў, і арыгінальныя, “чытаемыя” пастаноўкі.
У наступнай намінацыі “Эстрадны танец” малодшы састаў “Рубікона” (5-10 гадоў) атрымаў дыплом I ступені, падзяліўшы першае месца з бясспрэчным фаварытам мінулагодніх фэстаў – славутым ансамблем “Капрыз” з Камянца. Заслужылі ўвагі і дыпламанты II ступені – маленькія танцоры студыі эстраднага танца Пружанскага ГПК “Амялі” пад кіраўніцтвам Алега Строка. Іх запальны танец “Samba Parti”, з якім яны раней перамаглі на міжнародным конкурсе мастацтваў “Talented Kids”, умомант узняў настрой пружанскай публікі і падняў вялікую хвалю авацый.

Дарэчы, сам кіраўнік у пары з вучаніцай Аляксандрай Шляжко, таксама былі ўзнагароджаны дыпломам II ступені, уразіўшы журы і гледачоў сальсай.


У намінацыі “Народны танец” яшчэ адным дыпломам II ступені быў адзначаны “Рубікон” (катэгорыя 11-17 гадоў), на другім месцы аказаўся народны тэатр танца “Ойра” гарадскога Палаца культуры з цудоўнай класічнай пастаноўкай беларускай “Лявоніхі”. Першае месца сярод “народнікаў” заслужана атрымаў узорны ансамбль танца “Завіруха” Ліноўскай ДШМ (кіраўнік Дзяніс Васілюк). Журы пакарылі глыбіня харэаграфічнай задумы і сучасны стыль выканання танца “Смаленскі гусачок”.
Адметна, што ўпершыню ў конкурсе “Магія танца” прымаў удзел уладальнік трох тытулаў Гран-пры і лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, узорны ансамбль танца “Каруначкі” Жабінкаўскага Дома культуры. У Пружанах артысты ансамбля парушылі шматгадовую “манаполію” на перамогу камянецкіх артыстаў і абсалютна заслужана атрымалі свой чацвёрты тытул уладарнікаў Гран-пры.

Як заўсёды ніводзін з танцавальных калектываў не застаўся без узнагарод і падарункаў. Старшыня журы ўручыў граматы ўсім артыстам і пажадаў ім новых перамог на наступных танцавальных форумах.

Сёлета на фестывалі “Магія танца” журналіст правёў за кулісамі больш часу, чым сярод гледачоў, каб пацікавіцца ўражаннямі і меркаваннямі непасрэдных удзельнікаў танцавальнай імпрэзы. Ірына Рунко, кіраўнік узорнага ансамбля танца “Каруначкі” Жабінкаўскага Дома культуры:


— Вялікі дзякуй арганізатарам за цудоўную арганізацыю свята і цёплы прыём! Таксама мы вельмі ўдзячны і пружанскай публіцы, якая не шкадавала прыезжым артыстам сваіх апладысментаў і сустракала іх таксама шчыра, як і сваіх мясцовых любімчыкаў. Нават той факт, што гледачоў было параўнальна няшмат, нас ніколькі не засмуціў.


Святлана Салавей, кіраўнік узорнага ансамбля эстраднага танца “Рубікон” Пружанскага ГПК:


— Кажаце, што малайцы? Дзякуй! Нам бы яшчэ вырашыць нашу спрадвечную праблему — з касцюмамі і сцэнічным абуткам, тады б і цаны нам не было. Хацелася б, вядома, спонсараў знайсці: усе ж значныя танцавальныя форумы платныя, і мы з бацькамі вымушаны шукаць тыя, дзе танней. На самыя прэстыжныя сцэны, на жаль, сродкаў не хапае. А дзеці мараць у тую ж, напрыклад, Балгарыю на конкурс з’ездзіць. Гэта які быў бы стымул для іх развіцця! Да прыкладу, нядаўна мы выязджалі ў Мінск, дык “рубіконаўцы” там вельмі высокі ўзровень паказалі. Выязныя выступленні стымулююць жаданне дзяцей танцаваць.

Іна Фасевіч, кіраўнік народнага тэатра танца “Ойра” Пружанскага ГПК:


— Вы заўважылі, што мы вымушаны танцаваць “Лявоніху” па дзве дзяўчынкі ў парах? На восем дзяўчат – толькі два хлопцы, і тое адзін з іх перад конкурсам захварэў. Як разнастаіць рэпертуар, калі катастрафічна хлопцаў не хапае? Шчыра запрашаем маладых людзей далучыцца да нашага калектыву. “Ойра” – адзін з творчых брэндаў Пружан. Дапамажыце вярнуць яму былую моц.

Андрэй Халецкі і Ілья Мялешка, танцоры цэнтра маладзёжных ініцыятыў “Ліпень”:


— Вядома, можна бравіраваць і надалей, маўляў, нас мала, але мы ў цяльняшках. Аднак такім чынам наша галоўная праблема – недахоп танцораў – не вырашыцца. Таму запрашаем і хлопцаў, і дзяўчат, хто валодае мінімальнай тэхнікай брэйк-дансу: калі ласка, далучайцеся! І не хвалюйцеся: навучым вас усім акрабатычным трукам, што ўмеем рабіць самі.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).