Понедельник, 21 октября 2019

Позитивные и активные. Тренажерному залу для людей пожилого возраста исполнился год

339

Падапечныя аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Пружанскага ТЦСАН неаднаразова станавіліся героямі нашых публікацый. Людзі паважанага ўзросту вядуць такое актыўнае жыццё, што аповеды пра іх час ад часу з’яўляюцца на старонках, прысвечаных культуры, спорту, дабрачыннасці.
Літаральна некалькі тыдняў таму яны прынялі ўдзел у сумеснай спартакіядзе з ветэранамі спорту, дзе занялі шэраг прызавых месцаў, з’ездзілі на 1000-годдзе Брэста на фестываль “2 колы”, а цяпер збіраюцца ў Івацэвічы, дзе пройдуць абласныя спаборніцтвы па шашках. Спартыўныя дасягненні сталі магчымы дзякуючы гурткам “Рух у радасць” і “Скандынаўская хада”, якія пачалі працаваць пры аддзяленні ў жніўні мінулага года ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.


Першы дзень нараджэння гэтых гурткоў было вырашана адзначыць ва ўрачыстай абстаноўцы. На мерапрыемства прыйшлі самыя актыўныя ўдзельнікі, а таксама тыя, хто год таму дапамагаў рэалізаваць праект. Вельмі расчуліла ўсіх прысутных віншаванне дырэктара аддзялення М.А. Кавальчук, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Марына Аляксандраўна прызналася, што вельмі сумуе па сваім калектыве, але трымае руку на пульсе і заўсёды ведае ўсе навіны з жыцця аддзялення. З першых дзён рэалізацыі праекта ў курсе ўсіх падзей і намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч. Так супала, што ў той час Руслан Васільевіч якраз уступаў у пасаду, а сёння ён вельмі задаволены тым, што вялікая колькасць людзей знайшла сабе занятак па душы, тым больш, што пасля 60 гадоў — самы час пажыць для сябе.


Многія наведвальнікі спартыўных гурткоў выступалі ў гэты дзень. Усе яны выказвалі словы падзякі людзям, дзякуючы якім існаванне аддзялення ў цэлым, і адзначаных гурткоў у прыватнасці, стала магчымым. Але асабліва шмат добрых слоў прагучала ў адрас А.А. Астапчык, якая і праводзіць заняткі. Аб тым, што Алена Аляксандраўна — прафесіянал сваёй справы, сведчаць і лічбы: са 120 наведвальнікаў аддзялення 89 чалавек хоць некалькі разоў наведалі трэнажорную залу, а 31 чалавек – заняткі па скандынаўскай хадзе, а на пастаяннай аснове ў гуртках займаюцца 58 і 19 чалавек адпаведна.


Самае непрыемнае ў любым узросце — застацца ў адзіноце. Пажылыя людзі лічацца найбольш уразлівай у гэтым плане катэгорыяй: яны больш не запатрабаваны як работнікі, дзеці даўно выраслі і, магчыма, раз’ехаліся ў іншыя гарады, таму і ўнукамі займацца няма магчымасці. А ў аддзяленні можна знайсці не толькі занятак па душы, але і новых сяброў. Дарэчы, усе канцэртныя нумары, якія прагучалі ў той дзень, былі падрыхтаваны ўласнымі сіламі. Спявалі нават на італьянскай мове, якую нядрэнна ведаюць, дзякуючы заняткам. А яшчэ адзін гурток — «У кантакце са светам» — дае магчымасць зносін з роднымі з іншых гарадоў і краін.


У завяршэнні мерапрыемства актывісты аддзялення атрымалі падзячныя лісты, якія ўручыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Н.Г. Педчанка, а самыя-самыя актыўныя — падарункі ад ГА “Белая Русь”.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).