Понедельник, 9 декабря 2019

Рэцэпты на Біс: рулька, запечаная ў гарчыцы

398

Рэцэпт ад старшага аператара УРГ «Раённыя будні» Ларысы ОСІПАВАЙ.


Любоў да гатоўкі яшчэ ў дзяцінстве мне прывіла мама. Нават у часы дэфіцыту ў яе атрымлівалася карміць нас смачна. Але ж найбольш мне да спадобы былі тыя стравы, што гатавала бабуля. Цікава, што мае сыны таксама больш любяць бабуліны стравы. Нават і цяпер, калі яны ўжо дарослыя, усё роўна час ад часу забягаюць да бабулі на абед.
А мне, прызнацца, выпала няпростая задача: штодзённа карміць трох мужчын з абсалютна рознымі кулінарнымі прыхільнасцямі. Сёння я падзялюся рэцэптам стравы, якая падабаецца ўсёй маёй сям’і.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
свіная рулька (сырая) —
1 шт.,
часнок — 4-5 зубчыкаў,
гарчыца — каля 100 грамаў (найсмачней атрымліваецца з гарчыцай кобрынскай вытворчасці),
соль, чорны перац, спецыі.

ПРЫГАТАВАННЕ
Рульку памыць, абсушыць, нашпігаваць часнаком: зрабіць праколы нажом і ўставіць туды кавалачкі часнаку. Зверху нацерці соллю, перцам і паловай гарчыцы.
Пакласці рульку ў ёмістасць, накрыць харчовай плёнкай і пакінуць марынавацца на суткі (ці хаця б на ноч). Перыядычна рульку трэба пераварочваць. Перад запяканнем намазаць яе астатняй гарчыцай, загарнуць у фольгу.
Запякаць у духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў прыкладна паўтары гадзіны. Гатоўнасць можна праверыць нажом: калі ён уваходзіць у мяса лёгка, трэба зняць фольгу і патрымаць рульку ў духоўцы да атрымання румянай скарыначкі ўжо пры тэмпературы 200 градусаў.

Смачна есці!