Пятница, 29 марта 2024

Перепись населения стала основной темой единого дня информирования, который прошел в колледже

692

У рамках адзінага дня інфармавання старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун сустрэўся з калектывам Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. «Перапіс насельніцтва: погляд на цяперашняе — крок у будучыню» — такая тэма была ў цэнтры ўвагі.
Пра асноўныя моманты правядзення мерапрыемства агульнанацыянальнага характару расказаў начальнік аддзела статыстыкі Пружанскага раёна Л.М.Лапыка.


Аўдыторыі нагадалі, што беларусаў перапісвалі ўжо дзесяць разоў, і растлумачылі, для чаго гэта патрэбна. Перапіс — гэта фактычна адзіны спосаб, які дазваляе атрымаць звесткі пра колькасць і структуру насельніцтва краіны, яго сацыяльна-эканамічныя характарыстыкі, нацыянальны і моўны склад, узровень адукацыі, міграцыйную актыўнасць. Атрыманыя даныя дазваляюць правесці аналіз і даць адзнаку выкананню Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, розных дзяржпраграм.
«Перапіс насельніцтва пройдзе з 4 па 30 кастрычніка, — расказаў Леанід Лапыка. — Прыняць у ім удзел на гэты раз можна адным з трох спосабаў: самастойна перапісаць сябе і сваю сям’ю праз інтэрнэт, запоўніўшы спецыяльную форму, — з 4 па 18 кастрычніка, на стацыянарных участках (іх у раёне будзе чатыры) — з 4 па 30 кастрычніка, па месцы жыхарства — з 21 па 30 кастрычніка». Падчас выступлення Леанід Мікалаевіч адказваў і на пытанні: у прыватнасці, растлумачыў, як правільна ўдзельнічаць у перапісе навучэнцам, якія часова зарэгістраваны ў інтэрнаце каледжа.
Па тэме прыродакарыстання выступіла з дакладам начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.М.Дрозд. Яна расказала не толькі пра прыродныя багацці Брэстчыны ў цэлым і канкрэтна нашага раёна, але і падрабязней спынілася на парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства, адказнасці за яго парушэнне.
Аб тым, з якімі вынікамі Пружанскі рэгіён набліжаецца да канца года, расказаў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. На жаль, не ўсе паказчыкі, згодна з якімі ацэньваецца эфектыўнасць работы раёна, на сённяшні дзень выкананы. Але на тое ёсць шэраг прычын.

Як звычайна, сустрэча з членамі інфармацыйнай групы стала для калектыву каледжа яшчэ і магчымасцю атрымаць адказы на пытанні, якія найбольш непакояць. Так, напрыклад, мужчыну цікавіла забруджанасць паветра ў сувязі са знаходжаннем паблізу ад жылля малочнатаварных комплексаў: непрыемны пах ад іх адчуваецца і ў горадзе. На што Вольга Дрозд запэўніла: «Ніякіх канцэрагенных рэчываў у паветры, якім дыхаюць жыхары раёна, няма, а дапушчальныя нормы канцэнтрацыі рэчываў, якія маюць непрыемны пах, не перавышаны. Асноўная крыніца забруджання паветра, якая і магла б паўплываць на экалагічную абстаноўку ў раёне, — бітумбаза ў Аранчыцах». Што да высечкі лясоў, якой занепакоены калектыў, Вольга Міхайлаўна супакоіла: «Аб’ёмы пасадак лясных насаджэнняў перавышаюць аб’ёмы іх высечкі». Не нашла падтрымкі прапанова вырошчваць хуткарастучыя таполі для патрэб міні-ЦЭЦ: драўніны для работы цеплаэлектрацэнтралі хапае.
Гарачае абмеркаванне атрымала пытанне адказнасці за ўжыванне нецэнзурнай лексікі моладдзю на вуліцы. На заўвагу выкладчыка, на думку якога праваахоўныя органы бяздзейнічаюць у гэтым плане, намеснік начальніка РАУС І.А.Амельянчук растлумачыў: «З-за казусных момантаў, якія раней з’яўляліся падчас разгляду падобных спраў, былі прыняты змяненні ў адміністрацыйным заканадаўстве. І цяпер нецэнзурная лаянка можа быць пакарана толькі папярэджаннем».

Увогуле, пытанняў, якія адрасавалі выкладчыкі каледжа Юрыю Бісуну і членам інфармацыйнай групы, было нямала. Гэта і асфальтаванне гарадскіх вуліц, добраўпарадкаванне гарадскога парка і верагоднасць аднаўлення работы дзіцячых атракцыёнаў, навядзенне парадку на пружанскім возеры, асвятленне некаторых вуліц і іншыя. Кіраўнік раёна не проста даў адказы на ўздымаемыя пытанні, але і шчыра выказаў сваё меркаванне наконт актуальнасці некаторых з іх.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей Талашкевіч (фота).