Среда, 20 ноября 2019

10 вопросов про перепись населения

113

У Беларусі набліжаецца чарговы, трэці па ліку ў суверэннай дзяржаве, перапіс насельніцтва. Апошняе шырокамаштабнае мерапрыемства такога роду праходзіла дзесяць гадоў таму, у 2009 годзе. Зразумела, што даныя таго перапісу ўстарэлі. Як выглядае калектыўны партрэт беларусаў і іншаземцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, якая колькасць насельніцтва, нацыянальны склад, сацыяльная структура і ўмовы жыцця, пакажа новае ўсеагульнае апытанне насельніцтва, якое будзе праходзіць з 4 па 30 кастрычніка бягучага года. У гэтым артыкуле мы пастараемся адказаць на 10 пытанняў, якія найбольш цікавяць грамадскасць.


Што такое перапіс насельніцтва і навошта ён патрэбен?
Перапіс насельніцтва — спецыяльна арганізаванае, сістэматычнае, суцэльнае дзяржаўнае статыстычнае назіранне, мэтай якога з’яўляецца атрыманне актуальных даных аб колькасці і складзе насельніцтва. Праводзіцца адначасова на тэрыторыі ўсёй краіны на аснове адзінай праграмы і метадаў. Перапіс насельніцтва — па-дзея дзяржаўнай важнасці, на падрыхтоўку якой неабходна некалькі гадоў. Рашэнне аб правядзенні перапісу прымаецца Кіраўніком дзяржавы, аб чым і засведчвае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 384 ад 24 кастрычніка 2016 года.
Перапіс насельніцтва нельга замяніць данымі з месцаў рэгістрацыі насельніцтва, напрыклад, з «пашпартных сталоў», органаў ЗАГСа і іншых арганізацый. Па-першае, перапіс улічвае не зарэ-гістраванае, а пастаяннае насельництва, якое рэальна пражывае на канкрэтнай тэрыторыі. Па-другое, перапіс дае ўнікальную магчымасць сабраць усе звесткі аб кожным чалавеку, і, тым самым, атрымаць камбінацыю ўсіх улічаных праграмай прыкмет. У гэтым галоўная перавага перапісу перад іншымі крыніцамі даных аб насельніцтве, што робіць яго незаменным.
На аснове атрыманай інфармацыі будуць будавацца ўсе прагнозы развіцця, пачынаючы ад сацыяльна-эканамічнага, дэмаграфічнага да фарміравання бюджэтаў у канкрэтных абласцях, раёнах. Ад гэтага залежыць, колькі і дзе будзе пабудавана новых школ, дзіцячых садкоў, бальніц, дзе пройдуць новыя маршруты транспарту. На ўсе гэтыя важныя пытанні дасць адказ перапіс насельніцтва.

Колькі ў Беларусі было перапісаў?
Гісторыя правядзення перапісаў у Беларусі самым цесным чынам звязана з правядзеннем першага і адзінага Усеагульнага перапісу ў 1897 годзе насельніцтва Расійскай імперыі, у склад якой уваходзіла Беларусь. З таго часу на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь перапіс насельніцтва праводзіўся 10 разоў: у 1897, 1920, 1926, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989, 1999 і 2009 гадах. Ініцыятарам правядзення перапісу насельніцтва быў вядомы рускі географ, геолаг і статыстык П. П. Сямёнаў-Цян-Шанскі. У аснову перапісу былі закладзены навуковыя прынцыпы: ён праводзіўся па адзінай праграме і адзінай інструкцыі, улічваў наяўнае і пастаяннае насельніцтва на адну і тую ж дату, а атрыманыя вынікі прадстаўлялі сабой адзіную кры-ніцу параўнальных даных аб колькасці і складзе насельніцтва Ра-сійскай імперыі ў канцы ХІХ ст.
Па даных першага Усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у яе сучасных межах пражывала 6673 тысячы чалавек, з іх — 5774 тысячы сельскага (87 %) і 899 тысяч гарадскога насельніцтва (13%). Дарэчы, колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь на пачатак 2019 года — 9 475 тысяч чалавек, частка гарадскога насельніцтва склала 78 %, сельскага — 22 %.

Калі будзе праходзіць перапіс насельніцтва Беларусі?
Перапіс насельніцтва пройдзе з 4 па 30 кастрычніка 2019 года па стане на 00 гадзін 4 кастрычніка. Працягнецца перапіс 27 дзён. Усе падзеі, якія адбудуцца пасля моманту падліку насельніцтва, не ўлічваюцца. Так, перапісная дакументацыя запаўняецца на асоб, якія памерлі пасля 4 кастрычніка, і не запаўняецца на дзяцей, якія нарадзіліся пасля пазначанай даты.

Якія галоўныя адрозненні перапісу-2019 ад папярэдніх?
У адрозненне ад папярэдніх перапісаў працэс збору і апрацоўкі атрыманых даных будзе поўнасцю аўтаматызаваны. Так, вуснае апытанне будзе праводзіцца перапісчыкамі з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў, што дазволіць паскорыць працэс уводу даных і забяспечыць высокую якасць запаўнення перапісных лістоў за кошт падключэння сістэмы кантролю.
Падчас цяперашняга перапісу жыхарам Беларусі будзе дадзена магчымасць выбраць для сябе адзін з трох спосабаў адказаць на пытанні перапіснога ліста: сама-стойна праз інтэрнэт, на стацыянарным участку або на даму.
Памяняўся і пералік пытанняў, якія будуць зададзены насельніцтву. У праграму перапісу 2019 года ўключана 49 пытанняў, тады як 10 гадоў таму іх было 37. Акрамя традыцыйных, якія датычацца інфармацыі аб самім рэспандэнце, складзе яго сям’і, жыллёвых умовах, ёсць і новыя. Гэта пытанні, якія адносяцца да міграцыйных працэсаў. Напрыклад, ці плануе рэспандэнт выехаць з Рэспублікі Беларусь і чаму; якая асноўная прычына, па якой рэспандэнт не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства. Таксама спытаюць аб атрыманні дадатковай адукацыі, у жанчын ва ўзросце 18-49 гадоў – аб планаванні нараджэння дзяцей.
Упершыню беларусам у апытальніку прапануюць тэму сельскагаспадарчай дзейнасці. Атрыманыя ад хатніх гаспадарак даныя будуць выкарыстоўвацца для ацэнкі аб’ёмаў прадукцыі, якая імі вырабляецца, і іх укладу ў забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

Хто падлягае перапісу?
Перапісу падлягаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць (знаходзяцца) у краіне, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі рэспублікі, што на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (але іх адсутнасць не павінна перавышаць больш за 1 год).

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва?
Падчас правядзення перапісу апытанне рэспандэнтаў пройдзе ў тры этапы:
з 4 па 18 кастрычніка 2019 года рэспандэнтам даецца магчымасць самастойна запоўніць перапісныя лісты з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў сетцы інтэрнэт ці прыйсці на стацыянарны ўчастак і паведаміць інфармацыю пра сябе;
з 19 па 20 кастрычніка 2019 года праводзіцца маніторынг вынікаў запаўнення рэспандэнтамі перапісных лістоў у сетцы інтэрнэт і работы стацыянарных участкаў для актуалізацыі спіса адрасоў, неабходных перапісчыкам для правядзення апытання, і працягваецца апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках;
з 21 па 30 кастрычніка 2019 года перапісчыкі праводзяць апытанне рэспандэнтаў па месцы жыхарства (знаходжання), а таксама працягваецца апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках.

Хто будзе перапісваць насельніцтва?
Перапісваць насельніцтва будзе часова задзейнічаны персанал — перапісчыкі. Гэта могуць быць людзі рознага ўзросту, прафесіі. Абавязковыя ўмовы — праходжанне спецыяльнага навучання і абавязацельства не выдаваць атрыманыя персанальныя даныя. Кіраваць работай перапісчыка будуць загадчык перапіснога ўчастка і яго памочнік.
Усяго ў Брэсцкай вобласці прапануецца задзейнічаць каля 1,8 тыс. чалавек, з іх 1, 6 тыс. — самі перапісчыкі. Гэта будуць студэнты, работнікі дзяржаўных органаў і статыстыкі, а таксама многія іншыя. Разлічваем на актыўны ўдзел у перапісе моладзі, так як з БРСМ дасягнута дамоўленасць аб задзейнічанні іх членаў у якасці часовага перапіснога персаналу.
Перапісчыка можна пазнаць па наяўнасці ў яго партфеля з эмблемай перапісу і планшэта. Перапісчык, які прыйшоў да вас, абавязаны прад’явіць пасведчанне ўдзельніка перапісу.

Ці не будзе парушана канфідэнцыяльнасць атрыманай у выніку перапісу інфармацыі?
Галоўная задача для органаў статыстыкі — забеспячэнне кан-фідэнцыяльнасці атрыманых падчас перапісу персанальных даных. Так, па заканчэнні апытвання даныя, атрыманыя ад рэспандэнта, шыфруюцца і перадаюцца па абароненым канале сувязі на сервер Белстата. Пасля завяршэння перадачы яны аўтаматычна выдаляюцца з планшэта перапісчыка. Пры гэтым у яго няма доступу да зашыфраванай інфармацыі, як і магчымасці яе прагледзець ці рэдагаваць.
Для далейшага выкарыстання ўсе атрыманыя даныя абязлічваюцца.

Калі мы даведаемся аб выніках перапісу?
Папярэднія выніковыя даныя перапісу аб колькасці насельніцтва з размеркаваннем на гарадское і сельскае, па полу, у цэлым па Беларусі, а таксама па абласцях і г. Мінску з’явяцца ў свабодным доступе пасля 3 лютага 2020 года. Асноўныя выніковыя даныя будуць даступны з 1 чэрвеня 2020 года.Аб выніках перапісу сельскагаспадарчай дзейнасці грамадзян можна будзе даведацца пасля 1 ліпеня 2021 года.

Як праходзіць перапіс у іншых краінах?
Перапіс праходзіць практычна ва ўсіх краінах свету. У апошні час у адных краінах, апрача традыцыйнага метаду збору інфармацыі – вуснага апытання насельніцтва, пры правядзенні перапісу ўсё актыўней пачынаюць укараняць альтэрнатыўныя спосабы. Напрыклад, выкарыстоўваюць даныя, якія ўтрымліваюцца ў адміністратыўных крыніцах — рэгістрах, ажыццяўляюць апытанне праз інтэрнэт або рассылаюць рэспандэнтам апытальнікі па пошце для самастойнага іх запаўнення. У іншых — прымяняецца камбінаваны метад правядзення перапісу: вуснае апытанне насельніцтва разам з адным з альтэрнатыўных, як правіла, інтэрнэт-апытаннем. У некаторых краінах Еўрапейскага саюза бліжэйшы перапіс пройдзе на аснове даных рэгістраў. Аднак выкарыстанне гэтага метаду не дазваляе цалкам скласці партрэт насельніцтва і мяркуе праводзіць дадатковыя абследаванні хатніх гаспадарак, што, безумоўна, вядзе да павелічэння фінансавых расходаў.
Вынікі перапісу-2019 не толькі ўвойдуць у гісторыю нашай краіны, але і стануць састаўной часткай сусветнага перапісу насельніцтва, які праводзіцца ў рамках Сусветнай праграмы перапісу насельніцтва і жыллёвага фонду раўнда 2020 года.

Наталля Тамашова, намеснік начальніка, начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці.