Понедельник, 21 октября 2019

«Директор» магазина и «администратор» кафе. Знакомьтесь: кот Андрей и кот Степан

760

Кот Стабс ні многа, ні мала, а 20 гадоў займаў пост мэра ў мясцовасці Талкітна на Алясцы. Кот Фрэдзі таксама значыцца мэрам і з’яўляецца талісманам горада Шарон у штаце Вісконсін. У ката Лары пасада больш сціплая – ён выконвае абавязкі галоўнага мышалова ў рэзідэнцыі брытанскіх прэм’ераў на Даўнінг-стрыт, 10. Прыкладна на такой “пасадзе” працуюць у Мірскім замку каты Князь і Граф. А Пружаны ўзімку праславіў рыжы кот, які пераходзіць дарогу згодна з Правіламі дарожнага руху.
Але ёсць у нашым горадзе яшчэ дзве знакамітасці, якім хоць працоўную кніжку выдавай!


Белы кот Андрэй з’явіўся ля магазіна “Заамаркет” больш, за год таму. Худы і брудны, ён не адразу даверыўся гаспадарам, якія яго прыкмецілі і накармілі ўсімі кашачымі далікатэсамі, што ёсць у асартыменце. Але да добрага хутка прывыкаюць і каты. Андрэй стаў усеагульным любімцам і цяпер, калі яго няма на “працоўным месцы”, пастаянныя кліенты заўсёды пытаюць пра яго.
Гаспадары магазіна спачатку хацелі забраць ката дахаты, дзе ўжо жывуць і іншыя гадаванцы, але ў белага прыгажуна вельмі свабодалюбівы характар і праз некалькі гадзін жыцця ў цывілізацыі ён сеў ля дзвярэй і запатрабаваў выпусціць яго на двор. Пасля некалькіх спроб адамашнення яго зноў вярнулі ў магазін, дзе ён адчувае сябе сапраўдным каралём.
Спачатку ў Андрэя было шмат сябровак і ён, па дабрыні душэўнай, прыводзіў іх да дзвярэй магазіна паласавацца. Калі ж гаспадары ўявілі, колькі дзякуючы Андрэю ў акрузе можа з’явіцца кацянят, адвезлі яго на кастрацыю. Сцвярджаюць, што кот не пакрыўдзіўся.


За год Андрэй вельмі змяніўся, цяпер ён важыць амаль сем кілаграмаў, выбірае даражэйшыя кармы, але не адмаўляецца і ад мяса, і нават ад згушчанага малака. Ён стаў спакойна адносіцца да птушак і хамякоў, якія ёсць у магазіне. Іншымі словамі, з пасадай дырэктара магазіна Андрэй спраўляецца на “выдатна”.


У чорнага ката Сцяпана “працоўны стаж” значна меншы. Ён з’явіўся каля гасцінага двара “Праванс”, як толькі там пачаліся рамонтныя работы. Кажуць, у новае памяшканне трэба запусціць чорнага ката, каб разам з ім з’явілася ўдача. Удача, у выглядзе чорнага Сцяпана, прыйшла сама ды яшчэ прывяла за сабой рыжую кошку (аказваецца, рыжы кот “адказвае” за матэрыяльны дастатак). Але пазней Сцяпан нешта не падзяліў з сяброўкай і застаўся аднаасобным гаспадаром.
Кот аблюбаваў сабе месца на тэрасе. Чорны прыгажун асабліва любіць адпачываць ля століка №13. Цяпер ён мае фіялетавы ашыйнік і такую ж міску — у колерах установы. І калі спачатку, каб накарміць ката, гаспадыня і работнікі прыносілі ежу з дому, то цяпер яго кормяць наведвальнікі кафэ. Паўтары (з дзвюма не спраўляецца, а адной мала) порцыі нагетсаў, любімай стравы Сцяпана, — і кот шчаслівы ўвесь дзень.


Па большай частцы Сцяпан жыве сваім жыццём, а ў гасціны двор прыходзіць у 12 гадзін, да адкрыцця, як на працу. Часам затрымліваецца, чым выклікае непакой работнікаў кафэ і наведвальнікаў.
Што рабіць, калі вы ўзялі ката з вуліцы?
Зразумела, кот, якога вы забралі з вуліцы, можа стаць крыніцай не толькі вялікай радасці, але і небяспекі — у плане захворванняў. Што рабіць? Рызыкаваць? Адмовіцца ад падобных учынкаў?
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да ветурача А.М.Астудзінай. Алена Міраславаўна прапануе карыстацца наступным алгарытмам, каб новы сябра прыносіў толькі пазітыўныя эмоцыі.

  1. Падабралі кацяня або шчаня — адразу нясіце яго ў ветэрынарную клініку. Менавіта ў клініцы ёсць прылады для абследавання і неабходныя медыкаменты. Хутчэй за ўсё, доктар выявіць у бяздомнай жывёлы шэраг захворванняў. Паразіты і лішай самыя распаўсюджаныя з іх. Але не трэба палохацца: гэтыя захворванні добра паддаюцца лячэнню.
  2. Не купайце жывёліну перад візітам да ўрача і не апрацоўвайце самастойна ніякімі прэпаратамі. Гэта ўсё ўскладніць дыягностыку. Той жа лішай, або отадэктоз (вушны клешч) пасля вышэй пералічаных працэдур цяжка разгледзець.
  3. Рабіце жывёлам прышчэпкі! Недарагая і простая працэдура абароніць іх ад шаленства, хламідыёзу, кашачай чумы, кальцывірозу, мікраспарыі (лішаю). Памятайце, што некаторыя з “кашачых” хвароб перадаюцца і чалавеку. І наадварот: вы можаце прынесці вірус ці інфекцыю сваёй хатняй кошцы, якая “ніколі не выходзіць з кватэры”.
  4. Калі ў вас ёсць іншыя гадаванцы, то новага сябра лепш патрымаць у каранціне. Напрыклад, ёсць такое захворванне, як FIP. Яно абсалютна бяспечнае для чалавека, але смяротнае для ката. Яно не лечыцца. Таму лепш адразу праверыць новага гадаванца, каб не нашкодзіць тым, хто ўжо жыве ў вас.
  5. Калі хоць нешта ў паводзінах новага (ці старога) чатырохлапага сябра вас насцярожвае, адразу вязіце яго да доктара! Лепш перастрахавацца, чым потым шкадаваць.
  6. Не лячыце жывёлу па парадах у інтэрнеце. Найперш спецыяліст павінен паставіць пра-вільны дыягназ. Толькі пасля гэтага назначаецца лячэнне.
    Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).
    Чакаем вашых прапаноў і цікавых гісторый. Падзяліцца імі можна па нумары 9-15-02 ці напісаць на электронны адрас wee_dew@mail.ru.
    Яшчэ больш цікавага па тэме ў сёняшнім нумары «Рб».