Понедельник, 21 октября 2019

Арт-прастора «Птах» арганізавала на Пружаншчыне першы міжнародны керамічны пленэр

409

З 3 па 12 верасня ў вёсцы Залессе, якая надзейна схавалася сярод запаветных балот і лясоў, на базе гасціннай арт-прасторы “Птах” адбыўся першы міжнародны керамічны пленэр.


На яго з’ехаліся майстры з Беларусі, Польшчы (Вроцлаўская акадэмія прыгожых мастацтваў) і нават Бельгіі (Каралеўская акадэмія). Пад чулым кіраўніцтвам гаспадыні арт-рэзідэнцыі Наталлі Грыцко – натхніцеля і галоўнага арганізатара кампаніі – маладыя люді выраблялі малыя скульптурныя формы па ўнікальнай тэхналогіі “чорназадымленай керамікі”.

Вынікі сваёй плённай працы яны прадэманстравалі ў сераду ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.


У нашым залесскім павільёне праца кіпела з вялікай хуткасцю, – сказала на адкрыцці выставы Наталля Грыцко. – Гэта было сапраўднае царства галоўных зямных стыхій – гліны-зямлі, вады, паветра і агню. Агню як у прамым, так і ў пераносным сэнсе: неверагодная харызма і душэўная прыгажосць удзельнікаў пленэра дапамаглі дасягнуць тых высокіх вынікаў, якія вы бачыце перад сабой. І што адметна, нашы госці не проста працягнулі традыцыю знакамітага ганчара Антона Такарэўскага, а адлюстравалі яе ў асаблівых мастацкіх формах. Дапамаглі ім на самым складаным этапе – абпале – пружанскія майстры Віталь Раманоўскі і Генадзь Міранюк.


Пасля падрабязнага экскурса ў “чорназадымленую” справу з раскрыццём мясцовых ганчарных сакрэтаў, удзельнікаў мерапрыемства віталі дырэктар музея і саарганізатар пленэра кіраўнік раённага экалагічнага грамадскага аб’яднання “Агратур” А.М.Ляўчук. Жанчына падзякавала керамістам за актыўны ўдзел і крэатыў і ўзнагародзіла іх дыпломамі і памятнымі сувенірамі.


Свае музычныя падарункі “паднеслі” гасцям вядомыя артысты гарадскога Палаца культуры – Кацярына Цяжолава і Іван Гвоздзік, які з такім імпэтам акампанаваў спявачцы, што замежныя госці не ўтрымаліся і пачалі танцаваць. Гэтая нечаканая імправізацыя з іх боку ўнесла ў цёплую атмасферу свята яшчэ больш пазітыўных нотак. Скончылася імпрэза чаяпіццем з традыцыйным беларускім караваем.
Алеся Смайлік.
Фота Сяргея Талашкевіча.