Среда, 20 ноября 2019

Подполковник в отставке Александр Голубев рассказал, как с помощью лопаты помог задержать преступника с топором

440

Крыху менш як месяц таму ў Слабудцы здарылася гісторыя, якую можна было б выкарыстаць у сюжэце крымінальнага тэлесерыяла. На шчасце, у жыцці, як і ў кіно, дабро перамагло зло, а героя знайшла заслужаная ўзнагарода.
Але пра ўсё па парадку… На нумар «102» патэлефанавала жыхарка вёскі, якая прасіла дапамогі: сужыцель пагражаў жанчыне сякерай. Праваахоўнікі выехалі тэрмінова…
Калі мужчына ўбачыў міліцыянераў, то пераключыўся са сваёй ахвяры на людзей у форме і накіраваўся ў іх бок. На загад пакласці сваю «халодную зброю» ён ніяк не рэагаваў. Ацвераджальны эфект мелі толькі папераджальныя стрэлы з пісталета ў паветра: дэбашыр кінуўся наўцёк.
Пенсіянер Аляксандр Голубеў, які якраз ехаў на веласіпедзе ў гараж, не мог уцяміць, што адбываецца ў іх ціхай вёсцы — былым ваенным гарадку.
— Стральба, міліцыя… Думаў, што ловяць нейкага рэцыдывіста, — успамінае Аляксандр Дзмітрыевіч. — Усё адбывалася ў нейкія секунды, і часу разбірацца не было. Чую, мне крычаць: «Хавайцеся! Гэта небяспечна!».


Але хіба трэба ваеннаму пенсіянеру, былому намесніку камандзіра палка расказваць пра небяспеку?! Сёння падпалкоўнік у адстаўцы каментуе свой учынак так:
— Я не ведаў, што здарылася, але быў перакананы: калі крычаць пра небяспеку, значыць, яна сапраўды ёсць. І занепакоіўся за дзяцей, якія гулялі непадалёк: падумаў, каб злачынца не ўзяў каго ў заложнікі.
Пенсіянер паспеў схапіць у гаражы лапату і выскачыць насустрач узброенаму сякерай хулігану…
Аляксандр Дзмітрыевіч скруціў уцекача і аддаў сякеру міліцыянерам, і толькі пасля гэтага даведаўся, што адбывалася на самой справе. Сёння сціплы пенсіянер запэўнівае:
— Ды няма ў маім учынку нічога гераічнага, каб надаваць яму такую ўвагу. Гэта звычайная мужчынская справа, а ніякі не подзвіг…
Ва ўпраўленні ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама з жыхаром Слабудкі не згодны: кіраўніцтва ведамства вырашыла адзначыць мужчыну.

У мінулую пятніцу намеснік начальніка УУС аблвыканкама Віталь Тужыкаў уручыў Аляксандру Голубеву падзяку і грашовую прэмію, якая яе дапоўніла, — за актыўную жыццёвую пазіцыю.
— У тым ліку і дзякуючы такім, як вы, на нашых вуліцах ціха і спакойна, — падкрэсліў В.А.Тужыкаў падчас уручэння ўзнагароды пенсіянеру.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.