Среда, 20 ноября 2019

День без автомобиля: ездить или не ездить?

515

За адзін дзень экалогію не «вылечыш», але пачынаць з чагосьці трэба. Таму для таго, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы забруджання паветра выхлапнымі газамі, 22 верасня ў большасці развітых краін свету вось ужо каторы год праходзіць экалагічная акцыя «Дзень без аўтамабіля», з дапамогай якой можна хаця б на суткі скараціць колькасць шкодных выкідаў у атмасферу.
Упершыню акцыя была арганізавана ў Францыі 22 верасня 1997 года, пазней падтрымалі мерапрыемства і ў шэрагу іншых краін Еўропы. У Беларусі такі «разгрузачны дзень» быў ініцыяваны ў 2008 годзе. Першым горадам, дзе падтрымалі акцыю, стаў Мінск.
У некалькіх словах сутнасць акцыі можна апісаць так: 22 верасня аўтааматарам прапануюць добраахвотна адмовіцца ад язды на асабістым транспарце і звярнуцца да «двухколавага сябра» альбо перасесці на грамадскі транспарт, тым больш што ў гэты дзень у многіх гарадах, у тым ліку і ў Пружанах, для вадзіцеляў пры прад’яўленні вадзіцельскага пасведчання праезд бясплатны. Але самая лепшая альтэрнатыва аўто — пешыя прагулкі.
Мы пацікавіліся ў пружанцаў, ці адмовяцца яны ў гэты дзень ад язды на аўтамабілі і якую замену яму выберуць.

Марыя:


— У нашай сям’і ездзяць, бадай, усе, акрамя мяне: я — толькі на пасажырскім сядзенні. Жыву ў Слабудцы, таму грамадскім транспартам карыстаюся часта. Дарэчы, што да прыгарадных аўтобусаў, іх раскладам руху і маршрутам я не зусім задаволена: хацелася б, каб яны часцей заходзілі ў нашу вёску.
За членаў маёй сям’і дакладна не скажу, але раней яны наўрад ці адмаўляліся ад аўтамабіляў. Напрыклад, сын з нявесткай жывуць у Брэсце. Раніцай ім трэба паспець адно дзіця ў садок адвезці, другое — у школу, а яшчэ на работу не спазніцца. Маючы ўласны аўтамабіль, зрабіць гэта намнога хутчэй.

Віталій:


— Лічу, што Дзень без аўтамабіля — цудоўная ініцыятыва, але далучыцца да яе, павінен прызнацца, не змагу: работа не дазваляе. Я, так сказаць, аўтамабілезалежны чалавек: як правіла, у маім штодзённым маршруце нямала адрасоў, куды трэба своечасова дабрацца, зрабіць гэта без аўтамабіля складана. Акрамя таго, я працую ў сталіцы, а жыву за 30 кіламетраў ад яе: на веласіпедзе на работу, згадзіцеся, не наез-дзішся, а залежаць ад грамадскага транспарту не хачу.
Тым не менш, веласіпед у мяне ёсць. На яго я перасядаю ў выхадныя ці калі трэба з’ездзіць у магазін.

Наталля:


— Увогуле, для мяне не прынцыпова, на чым дабірацца 22 верасня на работу: я езджу як за рулём, так і на аўтобусе… А часцей за ўсё на веласіпедзе: для здароўя гэты транспартны сродак самы карысны. Гарадскім транспартам карыстаюся рэдка — расклад руху не задавальняе: раніцай аўтобусы, як правіла, прыходзяць на некалькі хвілін са спазненнем — у выніку не паспяваеш своечасова прыйсці на работу.
Сёлета я дакладна ў гэты дзень адмоўлюся ад аўтамабіля: пасля юбілею калегі не рызыкну сесці за руль…

Дзмітрый:


— Пра Дзень без аўтамабіля чую ўпершыню: толькі нядаўна набыў уласнае аўто, таму падобнымі акцыямі не цікавіўся. Хаця, павінен сказаць, што яе ініцыятары маюць рацыю. У гэты дзень абавязкова пакіну машыну ў гаражы і перасяду на веласіпед — звыклы для сельскага жыхара транспарт.
Але калі раптам з‘явіцца неабходнасць выехаць з нашых Клепачоў, магу сутыкнуцца з праблемай. У нас з аўтобусамі праблематычна: яшчэ днём у райцэнтр і назад дабярэшся, а вось вечарам бяда — хоць ты пешшу ідзі.

Уладзімір:


— Наконт гэтага дня не хвалююся: я аднолькава карыстаюся як машынай, так і веласіпедам. Калі падлічыць кіламетраж, напэўна, раўнацэнная адлегласць выйдзе. Магчыма, па гэтай прычыне ніколі і не зацыкліваўся з-за Дня без аўтамабіля. А карыстацца грамадскім транспартам у гэты дзень наўрад ці буду: я з тых, хто ў такіх выпадках аддае перавагу пешым прагулкам.

Таццяна:


— А мне падабаецца гэтая ініцыятыва: і паветра стане чысцейшым, і для здароўя карысней. Хаця павінна прызнацца, што сама да нядаўняга часу ніколі не задумвалася над тым, як добра часам адмаўляцца ад машыны. Пакуль не заўважыла, што за тры апошнія гады «наездзіла» дзесяць лішніх кілаграмаў. Таму цяпер устройваю сабе Дзень без аўтамабіля рэгулярна, а не толькі 22 верасня.

Сяргей:


— Шчыра кажучы, ведаў, што ёсць такі дзень, але ў чым яго сутнасць пачуў, напэўна, ад вас упершыню.
Што магу сказаць? Вельмі прыемна, што ў Пружанах у якасці альтэрнатывы вадзіцелю, які падтрымлівае ініцыятыву, прапануецца бясплатны праезд у гарадскім транспарце.
У прынцыпе, гэта правільна і лагічна праводзіць такое мерапрыемства хаця б раз на год, каб аўтааматары задумаліся, наколькі выхлапныя газы забруджваюць паветра. Асабіста я часта езджу і на веласіпедзе, калі надвор’е дазваляе.
Думкамі цікавіліся Марына Вакульская і Сяргей Талашкевіч (фота).