Понедельник, 23 сентября 2019

Волонтеры из Ирландии помогли дому-интернату в Яновщизне и рассказали о дальнейших планах

368

У панядзелак старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун уручыў Падзячныя пісьмы старшыням дабрачыннай арганізацыі з Ірландыі Майклу О’Хары і Майклу Якабсу.


Справа ў тым, што госці з далёкай Ірландыі разам з Пружанскай раённай дабрачыннай арганізацыяй “Высакароднасць” (кіраўнік С.Б. Грыбоўскі) адрамантавалі сістэму водазабеспячэння, душавыя кабіны ў лазні і цырульны пакой у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў Янаўшчызне.
Ірландцы прывезлі гуманітарны груз, а работы ладзілі, у тым ліку, і сваімі рукамі.
“Munster Chernobyl Aid” хоць і супрацоўнічае з Беларуссю ўжо некалькі гадоў, але такі даволі маштабны праект рэалізавала ўпершыню. У бліжэйшых планах дапамога дзіцячым садкам і пажылым людзям. Старшыня арганізацыі Майкл Якабс запытаў у старшыні райвыканкама, якая дапамога патрэбна навучальным установам для дзяцей.


Юрый Юр’евіч падзякаваў за праяўлены клопат і адзначыў, што мясцовай уладай удзяляецца шмат увагі ўстановам адукацыі і ўсе яны забяспечаны ўсім неабходным. Але, на яго думку, адмаўляцца ад дапамогі было б дачасным, тым больш, што іншы раз карысць можа прынесці і парада.
Госці не толькі паспелі зрабіць добрую справу, але і пазнаёміліся са славутасцямі Пружаншчыны, а таксама трапілі на 1000-годдзе Брэста і наведалі маёнтак Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. З гэтай нагоды намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч заўважыў, што нядрэнна было б супрацоўнічаць не толькі ў сацыяльнай сферы, але і ў культурнай, і нават у спартыўнай. Прапанова адразу знайшла прыхільнікаў сярод ірландцаў. Як высветлілася, у дэлегацыі прысутнічалі прафесійныя музыкі (у тым ліку сяміразовы чэмпіён Ірландыі па ігры на акардэоне), танцоры (чэмпіён свету па ірландскіх танцах) і спартсмены, якія выказалі жаданне паспаборнічаць з беларусамі ў папулярнай на іх радзіме гульні ў кёрлінг.
Гэта задачы на перспектыву, а напярэдадні ад’езду дэлегацыя наведала будынак былой Лыскаўскай школы, які павінен стаць нечым накшталт шпіталя для пажылых людзей. Як толькі будуць прыведзены ў парадак неабходныя дакументы, ірландцы разам з беларусамі прыступяць да работ.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).