Вторник, 12 ноября 2019

Пружанцы вышли на забег и помогли собрать в школу ребят из приюта

795

5 верасня ва ўсім свеце адзначаўся Дзень дабрачыннасці. Не засталіся ў баку ад важнай справы і пружанцы. У райцэнтры ўжо другі раз прайшоў дабрачынны забег “Бягучыя сэрцы”.


Забег сабраў звыш 150 удзельнікаў. Амаль усе яны з устаноў адукацыі і спартыўных школ. Колькасць тых, хто ў выхадны дзень выйшаў на забег, каб далучыцца да дабрачыннай акцыі, выклікае гонар за землякоў. Побач з вучнямі беглі настаўнікі і нават прадстаўнікі адміністрацыі некаторых школ. Мэта сёлетняга забегу – збор сродкаў для дзяцей-сірот.

Для гэтага на ўваходзе ў парк стаяла скарбонка Чырвонага Крыжа, у якую кожны жадаючы мог пакласці грошы.
На жаль, нават не ўсе ўдзельнікі забегу ведалі пра яе, таму, магчыма, і сума збору не ўражвае: 66 рублёў 78 капеек. На гэтыя сродкі набыта 2 школьныя заплечнікі і пеналы, якія перададзены ў сацыяльны прытулак.


Але добрыя справы рабіць ніколі не позна. Скарбонкі для ахвяраванняў стаяць у пакоі раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (будынак Пружанскага сельсавета). Звязацца са старшынёй арганізацыі Людмілай Лелікоўскай можна па нумары: +375-29-208-78-25.


Самымі масавымі сталі забегі сярод малодшых удзельнікаў. Спачатку 400 метраў услед за роставай лялькай — Зайцам беглі дзяўчынкі і хлопчыкі да 7 гадоў. Спрытнейшымі сярод дзяўчынак тут сталі Насця Літвінчук і Аліна Куксюк. У хлопчыкаў першым прыбег Мацвей Бярко, за ім фінішавалі Назар Камінскі і Мікалай Мацаюк.


Дзецям ва ўзроставай катэгорыі ад 8 да 11 гадоў давялося бегчы 800 метраў. Хутчэй за ўсіх сярод дзяўчынак аказалася Люба Лагада, другой і трэцяй прыбеглі Юля Покала і Ганна Лісіцкая.

Сярод хлопчыкаў першым прыбег Захар Дудко. Другое і трэцяе месцы ў Кірыла Адаські і Арсенія Казлоўскага. У двух гэтых забегах пераможцы вызначаліся і сярод дзяўчынак, і сярод хлопчыкаў.

А вось у забегах на “сур’ёзныя” дыстанцыі 2,5 км і 5 км пераможцаў вызначылі незалежна ад узросту і полу.

Нядзіўна, што на п’едэстал уздымаліся толькі прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва (ужо потым было прынята рашэнне ўручыць ганаровыя граматы і дзяўчатам).


На дыстанцыі 2,5 км мацнейшымі аказаліся: Дзмітрый Прымайчук, Максім Лапыка, Іван Бахар, Аліна Тарасава, Анжаліка Падлужная, Марыя Рабкавец.


На “пяцёрцы” лепшымі сталі: Дзмітрый Браздоў, Андрэй Кардзюкоў, Аляксандр Шопік, Таццяна Гардзіеўская, Таццяна Паўлюковіч, Надзея Поўзун.


Усе ўдзельнікі атрымалі сувенірныя медалі, а прызёры — спецыяльна падрыхтаваныя кубкі.


Арганізацыяй забегу займаўся раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Мухавец».
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).