Пятница, 29 марта 2024

Рэцэпты на Біс: дранікі «Сяброўскія»

812

Рэцэпт ад адказнага сакратара газеты «Раённыя будні» Ірыны СЯДОВАЙ.


У адрозненне ад некаторых маіх калег і сябровак, я не люблю завіхацца на кухні. І хаця навучыцца гатаваць давялося самыя разнастайныя стравы, перавагу аддаю тым, якія не патрабуюць доўгага стаяння каля пліты. Заўсёды лічыла, што лепшы памочнік повара — гэта голад. Галодны самую простую страву з‘есць з апетытам, а сытага не задаволіш і вытанчаным рэстаранным меню.
Дарэчы, пра меню. З кожным годам усё больш іншамоўнымі становяцца назвы прапануемых установамі грамадскага харчавання страў: бургеры і нагетсы, паста і піца, шаўрма і сушы… На іх фоне «беднымі родзічамі» часам выглядаюць нашы дранікі і бабкі.
Не ведаю, як вам, але мне за дранікі крыўдна. Таму сёння ўзгадаю рэцэпт, які «падарыла» мне сяброўка Алена. Проста, хутка, танна. І вельмі смачна.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
бульба — па колькасці галодных едакоў,
часнок, соль, мука,
яйка,
алей для смажання,
смятана.
ПРЫГАТАВАННЕ
Бульбу нацерці на буйной агародніннай тарцы, выціснуць часнок — на смак, але не шкадуйце, дадаць яйка, 1-2 сталовыя лыжкі мукі, пасаліць, перамяшаць. Выкладваць лыжкай на добра разагрэтую патэльню. У адрозненне ад звычайных дранікаў, блінцы атрымліваюцца «растрапаныя», за кошт гэтага лепш прасмажваюцца да хрусткай скарыначкі.
Падаваць з пылу-жару, са смятанай. Абавязкова — пад добрую ўсмешку і шчырую размову.
Смачна есці!