Суббота, 14 декабря 2019

Наш опрос: вы участвуете в благотворительности?

642

5 верасня ва ўсім свеце адзначаўся Дзень дабрачыннасці. Ён быў вызначаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН у 2013 годзе і прымеркаваны да гадавіны смерці лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, славутай каталіцкай манахіні, заснавальніцы шматлікіх дабрачынных місій маці Тэрэзы, якая даказала, што “ген міласэрнасці” ёсць амаль у кожнага чалавека, яго трэба толькі абудзіць.
У гэты дзень мы спыталі ў прахожых на вуліцах горада: “Калі ў вас была б магчымасць змяніць гэты свет у лепшы бок, што бы зрабілі?”


Станіслаў:


– Я б уклаў дабрачынныя інвестыцыі ў братоў нашых меншых. Сабраў бы ўсіх бяздомных сабак і катоў, пабудаваў бы для іх прытулак альбо знайшоў бы гаспадароў. Арганізаваў бы штат валанцёраў, якія збіралі корм і медыкаменты для жывёл. А яшчэ садзей-нічаў бы аднаўленню помнікаў гісторыі, аснашчэнню школ і бальніц.

Святлана:


– Без Бога нічога не зробіш: павінен адкрыцца духоўны зрок, каб убачыць усю галечу гэтага свету і палюбіць, як “міласэрны самаранін”, першага няшчаснага. Сёння ў маіх сілах толькі заклікаць людзей быць дабрэйшымі, навучыцца дараваць і заўсёды ставіць сябе на месца іншага чалавека: маеш ежу – азірніся вакол і знайдзі таго, хто хоча есці. Маеш лішнюю кашулю – дай таму, хто распрануты. Не смейся з галечы. Такім чынам, крок за крокам наш свет можа стаць лепшым.

Ілона:


– Я таксама гатова казаць людзям: “Пачніце з сябе”. Можна, напрыклад, пацікавіцца ў кіраўніцтва бліжэйшага дзіцячага садка, чаго не хапае дзецям. Сабраць канцтавары, гігіенічныя сродкі ці проста дапамагчы ў рамонце памяшканняў. А можна ціха, не афішуючы (напэўна, тыя, хто актыўна займаецца дабрачыннасцю, не рэкламуюць сваю дзейнасць) пералічыць сродкі ў дабрачынны фонд ці на спецыяльны рахунак для падтрымкі тых, хто мае ў гэтым патрэбу.

Анастасія:


– Я мару, каб ніколі ў нашай краіне не было кінутых ці недагледжаных дзяцей. У кожнага дзіцяці павінна быць сям’я. Таму, калі б я была алігархам, то ў першую чаргу дапамагала б дзецям з сацыяльных прытулкаў. Фінансава стымулявала б прыёмныя сем’і і апекавала цяжарных жанчын.

Андрэй:


– Каб я быў “султанам” ці ўладальнікам якой нафтавай кампаніі, усім цяжка хворым беларусам дапамог бы прайсці абследаванне ў лепшых медыцынскіх цэнтрах краіны і замежжа, прафінансаваў аперацыі, напрыклад, анкалагічных захворванняў.

Аляксандр:


– Па-першае, у сілах людзей арганізаваць як мага больш дабрачынных фондаў і наладзіць збор сродкаў для іх. Збіраюць жа цэнтралізавана ў “Фонд міру”. Чаму б не падтрымаць той жа Чырвоны Крыж, каб яго валанцёрам было лягчэй працаваць? Лекі, памперсы, каляскі для інвалідаў – гэта ўсё патрабуе вялікіх сродкаў. Дзе іх узяць? У агульным кашальку.

Гутарыла Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.