Понедельник, 23 сентября 2019

Заместитель премьер-министра посетил ОАО «Пружанский льнозавод»

623

У чацвер ААТ «Пружанскі льнозавод» наведаў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.А.Дворнік. Уладзімір Андрэеевіч цікавіўся станам спраў на нашым перапрацоўчым прадпрыемстве.


Знаёмства з заводам у суправаджэнні старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуна і дырэктара льнозавода М.С.Жогала намеснік кіраўніка ўрада пачаў з агляду прадукцыі, якая тут вырабляецца. У прыватнасці, гэта доўгае і кароткае валакно. Дарэчы, пружанскі льнозавод — адно з нямногіх прадпрыемстваў аналагічнага профілю ў рэспубліцы, якое выпускае доўгае валакно ў рулонах. Звяртаў увагу У.А.Дворнік і на выкананне паставак ільновалакна ў лік дзяржзаказу на Аршанскі льнокамбінат.


Потым госць наведаў новы цэх прадпрыемства, дзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне вядомай бельгійскай фірмы «Depoortere» па выпуску доўгага і кароткага валакна. Яго цікавілі тэхналагічны працэс і ўмовы працы работнікаў цэха.

Уражанне на намесніка Прэм’ер-міністра зрабіў склад насення, якое захоўваецца ў кантэйнерах. Штогод завод нарыхтоўвае каля 700 тон насення, а з яго падрыхтоўкай да пасяўных кандыцый спраўляецца па сутнасці адзін чалавек. Без увагі У.А.Дворніка не засталося пытанне і тэхнічнай аснашчанасці прадпрыемства. У прыватнасці, закраналася пытанне работы самаходных церабілак замежнай і айчыннай вытворчасці. Як растлумачыў дырэктар завода М.С.Жогал, сучасныя церабілкі фірмы «Depoortere» аснашчаны плюшчылкамі, што садзейнічае лепшай вылежцы трасты. А вось успушвацелі трасты, якія выпускае Калінкавіцкі рамонтны завод, зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку.


Намеснік Прэм’ер-міністра не пакінуў па-за ўвагай і стан эканомікі завода на сённяшні дзень. Як патлумачыў кіраўнік прадпрыемства, сёлетні год больш паспяховы, чым мінулы, калі льнотрасту даводзілася завозіць з Віцебскай вобласці. І гэта нягледзячы нават на тое, што з пасеяных вясной 2890 гектараў лёну 440 гектараў было знішчана ў выніку прыродных катаклізмаў. На прадпрыемстве нарыхтавана на сёлетні перапрацоўчы сезон 12,5 тысячы тон ільнотрасты, што дастаткова, каб загрузіць вытворчыя магутнасці.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).