Среда, 13 ноября 2019

Ружанская средняя школа начала учебный год с новой спортивной площадкой и обновленными классами

972

Другога верасня па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя лінейкі, і пасля доўгага адпачынку школьнікі селі за парты. У кожнай школе летам кіпіць работа, настаўніцкія калектывы і бацькі прыкладаюць усе намаганні, каб вучні прыйшлі ва ўтульныя класы. Сёлета асабліва пашанцавала Ружанскай сярэдняй школе: падрыхтоўка пасёлка да абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі не абмінула і навучальную ўстанову.

Ружанскіх вучняў зачакаліся не толькі абноўленыя класы, але і выдатная спартыўная пляцоўка, на якой можна займацца рознымі відамі спорту.

У Дзень ведаў завіталі ў Ружанскую школу і госці. Старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю. Бісун павіншаваў усіх прысутных з пачаткам новага навучальнага года. Юрый Юр’евіч падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што мы жывём у век тэхналогій, ніякі гаджэт не заменіць умення думаць. А менавіта гэтаму павінны навучыць маладое пакаленне бацькі і настаўнікі.

Каб выхаваць усебакова развітую асобу, патрэбны ўмовы не толькі для вучобы, але і для адпачынку. Таму школа стала шчаслівай уладальніцай сертыфіката на пакупку спартыўнага інвентару. Яшчэ адным падарункам, каб падтрымліваць прыгажосць вакол школы, стала газонакасілка.


Дырэктар школы А.В. Шамяцюк упэўнены, што ўсе вучні за лета набраліся сіл і цяпер справяцца з усімі задачамі і абавязкова дасягнуць поспехаў па ўсіх накірунках.


Знайшліся цёплыя словы для вучняў і ў намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце 210-га авіяцыйнага палігона Я.В. Вальчэўскага, які нагадаў, што добрая вучоба — гэта і ёсць першае служэнне Радзіме.


Безумоўна, героямі мерапрыемства сталі першакласнікі. Сёлета школа папоўнілася ажно трыма першымі класамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу далучыліся да школьнага жыцця і смела дэкламавалі вершы.


Яшчэ адны героі – выпускнікі. Толькі для іх агульнае свята ўсё ж такі крышачку сумнае. У гэты дзень для іх апошні раз прагучаў першы званок. Гонар абвясціць усіх аб пачатку новага навучальнага года выпаў адзінаццацікласніку Ягору Кагану і першакласніцы Валерыі Шыманчык.


Асобныя віншаванні прагучалі і ў адрас новых настаўнікаў: штат школы папоўніўся і маладымі спецыялістамі, і вопытнымі педагогамі.


Наогул школа нагадала вялікую і дружную сям’ю, галоўная мэта якой – выхаваць асобу. Верыцца, што намаганні настаўнікаў і бацькоў знойдуць водгук у вучнёўскіх сэрцах.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).