Среда, 13 ноября 2019

Фоторепортаж с празднования областного праздника тружеников села «Дожинки-2019»

1 001

Адкрываючы «Дажынкі-2019», старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта А.В.Ліс павіншаваў прысутных з завяршэннем уборачнай кампаніі і адзначыў, што Ружаны сабралі галоўных герояў свята – хлебаробаў.

У іх прысутнасці Анатоль Васільевіч выказаў падзяку за ўвагу да працаўнікоў вёскі Кіраўніку дзяржавы.

Прывітальныя словы і ўдзячнасць сельскім працаўнікам Брэстчыны адрасаваў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь С.М.Румас, які таксама прыняў удзел у абласным фестывалі-кірмашы.
-Пачынаючы традыцыю правядзення «Дажынак» у малых гарадах, мы ставілі задачу не толькі прывесці ў парадак і добраўпарадкаваць іх, але і пашырыць патэнцыял гэтых тэрыторый, у тым ліку турыстычны, — зазначыў губернатар. — Палацавы комплекс Сапегаў, які з’яўляецца сапраўдным упрыгожаннем гарадскога пасёлка, таму пацверджанне.


Старшыня аблвыканкама выказаў асаблівую ўдзячнасць кіраўніцтву Пружанскага раёна, а таксама арганізацыям і прадпрыемствам, жыхарам Ружан, якія прыклалі шмат намаганняў для навядзення тут парадку.


Аднак шчыра працаваць, як было адзначана, умеюць не толькі ў Пружанскім раёне, але і паўсюль на Брэстчыне. І доказам таму — сёлетняя ўборачная кампанія. Хлебаробы не падвялі. Яны зрабілі ўсё магчымае, каб атрымаць багаты ўраджай. На ўборцы збожжавых і зернебабовых культур было задзейнічана амаль паўтары тысячы камбайнаў. Ва ўборцы ўраджаю аказвалі дапамогу работнікі прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый, вучэбных устаноў.


І вобласць пацвердзіла рэпутацыю развітага аграрнага рэгіёна, дзе быў вырашчаны і сабраны добры ўраджай збожжавых. Агульны збор збожжа склаў 1,2 мільёна тон пры сярэдняй ураджайнасці 35,6 цэнтнера з гектара, што значна вышэй за мінулагоднюю. У лідарах па намалотах — Баранавіцкі раён з валавым зборам 152 тысячы тон і Пружанскі, які намалаціў 119 тысяч тон збожжа. Рубеж у 90 тысяч тон збожжа пераадолелі Пінскі, Кобрынскі і Камянецкі раёны. Самая высокая ўраджайнасць – 42,9 цэнтнера з гектара – у Ляхавіцкім раёне. Сярод культур асабліва парадавала пшаніца. У сярэднім з кожнага гектара намалочана амаль 43 цэнтнера.


Таму такія цёплыя словы віншавання гучалі ў адрас пераможцаў бласнога спаборніцтва. Сярод раёнаў вобласці пераможцамі былі прызнаны Іванаўскі, Пружанскі і Бярозаўскі, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў тэмпаў росту валавога збору збожжа (без кукурузы на зерне) да сярэдняга ўзроўню трох папярэдніх гадоў, з улікам вытворчасці збожжа на адзін бала-гектар пасяўной плошчы.
Асаблівыя словы ўдзячнасці губернатар адрасаваў механізатарам, вадзіцелям, аператарам збожжасушыльных комплексаў, якія сумленна выконвалі сваю работу. Як вынік – 313 камбайнавых экіпажаў намалацілі больш чым па тысячы тон збожжа.

Сярод іх былі і пружанскія працаўнікі. Так сярод старшых камбайнераў заслужаную ўзнагароду за другое месца ў абласным спаборніцтве прымаў Пётр Пятровіч Мартынюк з ААТ «Айчына». Сярод звенняў аператараў збожжасушыльных установак таксама другое месца прысуджана Дзмітрыю Міхайлавічу Лазару, Аляксандру Васільевічу Густыру, Андрэю Аляксандравічу Уласенку і Андрэю Пятровічу Юрэні з ААТ «Ружаны-Агра».

Годная ўзнагарода – плазменны тэлевізар і дыплом «Белспажыўсаюза» — знайшла дырэктара ААТ «Велікасельскае Агра» Васіля Лявонцьевіча Севасцьянчыка — за актыўнае супрацоўніцтва па пастаўках сельгаспрадукцыі.


Як адзін з пераможцаў агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў» быў узнагароджаны дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Міхайлавіч Бурдук.


Нагруднага знака «За заслугі» Беларускага прафсаюза работнікаў АПК быў удастоены дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Мікалаевіч Білецкі.


Падзякай міністра адзначана выконваючая абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Пружанскага райвыканкама Таццяна Анатольеўна Вараб’ёва.
Заслужаную ўзнагароду на свяце прымаў і галоўны інжынер ААТ «Ружаны-Агра» Святаслаў Андрэевіч Роўгач, узнагароджаны Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.


Традыцыйна ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу быў прадстаўлены шырокі асартымент як харчовых, так і прамысловых тавараў. У прыватнасці, на «Дажынках» працавала больш за 100 арганізацый гандлю, грамадскага харчавання, прамысловых прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў Брэстчыны і не толькі. У цэлым гандлёвыя рады працягнуліся больш як на кіламетр і занялі каля 10 тысяч квадратных метраў.
Напрыклад, на пляцоўцы перад палацавым комплексам пра сябе расказвалі ўстановы прафесійнай адукацыі Брэстчыны, якія прыехалі ў Ружаны не з пустымі рукамі: прывезлі духмяныя караваі і творчыя выступленні. Прадстаўнікі некаторых устаноў не проста гандлявалі тым, што вырабляюць у вучэбных майстэрнях, але і дэманстравалі, чаму могуць навучыць.


На падворку Пінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа ашынабудавання, напрыклад, прыцягвалі ўвагу вырабы з металу, аздобленыя дэкаратыўнай коўкай, драўляныя вырабы. Тут жа дэманстравалася, якую прыгажосць можна стварыць за лічаныя мінуты з металу, праводзіўся майстар-клас па вырабе посуду з гліны.
Выязныя кафэ былі гатовы ўмясціць больш за дзве тысячы чалавек. Прычым асобная ўвага надавалася афармленню. Кожнае кафэ пад адкрытым небам: і Пружанскага райспажыўтаварыства, і Бярозаўскага, і Івацэвіцкага — былі прыгажэйшымі адно за другое.

Тэматычна аформленыя куточкі збіралі нямала жадаючых сфатаграфавацца на іх фоне: дрэвы з абаранкаў і булак, млын і хатка з караваяў… Чаго толькі не прыдумвалі!


Увогуле многія з тых, хто вырабляе харчовыя тавары, запрашалі прадэгуставаць сваю прадукцыю. Шэф-повар з ААТ «Брэсцкі мясакамбінат» вучыў гатаваць італьянскія і французскія стравы, якія, вядома, можна было пакаштаваць. А са сцэнічнай пляцоўкі прахожых забаўляў сам Яўген Булка, вядомы беларускі шоўмен і вядучы.


Прадстаўнікі кампаніі «Санта-Брэмар» не толькі гандлявалі: можна сказаць, пераважна раздавалі сваю прадукцыю — самым актыўным у якасці падарункаў за выкананне цікавых заданняў. Акрамя майстар-класа па галандскіх танцах, тут можна было памаляваць, пафатаграфавацца, за што атрымаць жэтоны і затым абмяняць іх на марожанае.


ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» даваў магчымасць аматарам «паварушыць мазгамі» і выйграць тушонку: для гэтага неабходна было абыграць саперніка ў шашкі, дзе ў якасці фішак былі бляшанкі таго самага прызавога прадукту.


Пружанскія сыраробы праводзілі майстар-клас па вырабе хатняга тварагу.


Заклікалі да сваіх падворкаў і гандлёвых пляцовак і іншымі арыгінальнымі спосабамі.


У рамках фестывалю традыцыйна быў прадстаўлены шырокі асартымент і нехарчовых тавараў айчынных вытворцаў: верхнія швейныя вырабы, трыкатаж, пасцельная і сталовая бялізна і многае іншае.


А чаго толькі не прадавалі рамеснікі і індывідуальныя прадпрымальнікі! Цёплыя вязаныя галаўныя ўборы, шалікі, камізэлькі, шкарпэткі, свістулькі з дрэва, драўляныя лыжкі, імянныя кубкі, магніты, драўляныя масажоры, арыгінальная біжутэрыя, упрыгожанні з камянёў, лялькі, шкатулкі ручной работы, вырабы з саломы, гліны, тканыя рэчы, самабытныя касцюмы ручной работы з вышытымі арнаментамі, лялькі ручной работы — вось далёка не поўны спіс таго, што ў Ружанах можна было купіць.

Прычым многае, бадай, сустрэнеш толькі на падобных кірмашах. Каб зацікавіць патэнцыяльных пакупнікоў, ладзіліся бяспройгрышныя латарэі, майстры паказвалі, як плятуцца кашалі, дэманстравалі, як ткуцца вырабы, як са звычайнай цуркі атрымліваюцца качалкі, расказвалі, якім чынам на гліняных вырабах можна атрымаць непаўторныя арыгінальныя ўзоры…


А вось у дзятвы быў свой эпіцэнтр свята — на гарадскім стадыёне, што побач з палацавым комплексам. Тут размясціліся атракцыёны луна-парка і гульнёвыя пляцоўкі з батутамі, надзіманымі горкамі, ціры, басейны з воднымі шарамі, а таксама палаткі з дзіцячымі цацкамі і шматлікімі ласункамі.

Непадалёку — на школьным стадыёне — маглі забавіць час аматары актыўнага адпачынку: тут праходзілі спартыўныя баталіі. У аматарскіх валейбольных матчах прыняло ўдзел чатыры каманды: з Ружан, Клепачоў і дзве з райцэнтра. Акрамя таго, жадаючыя маглі памерацца сіламі ў армрэстлінгу і гіравым спорце. Што да гіравога спорту, то навучэнкі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Ганна Трацяк і Наталля Канавега змаглі ўразіць цікаўных падчас свайго паказальнага выступлення: уласны рэкорд Ганны па падняцці 8-кілаграмовай гіры — 330 разоў, а Наташа 16-кілаграмовую гіру падымае 86 разоў.


Што да галоўнай сцэны «Дажынак», то працягам афіцыйнай часткі свята сталі канцэрты з удзелам лепшых калектываў і выканаўцаў Брэстчыны і не толькі. У гэты дзень на ружанскай сцэне выступілі і такія знакамітыя выканаўцы і калектывы, як Ларыса Грыбалёва, гурт «Дзядзька Ваня», ансамбль «Гуляй, казак», а таксама арт-гурт «Беларусы».


Так што ўражанняў усім, хто завітаў на «Дажынкі-2019», хапіла не толькі да позняга вечара. Успаміны пра прыгожае свята будуць саграваць душу яшчэ доўга-доўга…
Галіна КАЛЯДА, Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Больш фота тут: https://vk.com/album-23306785_265819700