Среда, 20 ноября 2019

ОАО «Пружанский молочный комбинат»: развитие в модернизации

623

Ці правільны накірунак абрала прадпрыемства? Лепш за ўсё пра гэта гавораць лічбы. Пра эканамічныя паказчыкі і не толькі расказала галоўны эканаміст ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Жанна Каўганка.


— Штодзень на прадпрыемстве перапрацоўваецца каля 280 тон малака базіснай (3,6%) тлустасці. Прычым працуе камбінат на поўную магутнасць: загрузка складае 98%, — кажа Жанна Барысаўна. — Варта адзначыць, што рэканструкцыя сыраробнага цэха дазволіла павялічыць магутнасці. Забягаючы наперад, адзначу, што на стадыі завяршэння знаходзіцца рэканструкцыя і цэха вытворчасці сухіх малочных прадуктаў. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю сушыльнай вежы прадпрыемства зможа значна павялічыць аб’ёмы вытворчасці. Акрамя таго, зможам вырабляць новы прадукт — сухую дэмінералізаваную сыроватку, якой ёсць прымяненне нават у медыцынскай галіне.
Сёння на ўчастку сухіх малочных прадуктаў вырабляецца каля шасці тон прадукцыі за змену. Як мяркуецца, дзякуючы мадэрнізацыі ўдасца давесці аб’ём перапрацоўваемых сухой падсырнай і тварожнай сыроватак амаль да сямі тысяч тон у год.
Літаральна дзесяць гадоў таму была завершана сур’ёзная рэканструкцыя сыраробнай вытворчасці, дзякуючы якой магутнасці цэха павялічыліся прыкладна ў тры разы і на сённяшні дзень дазваляюць выпускаць 11 тон гатовага прадукту ў змену, але працэс дааснашчэння гэтай вытворчасці вядзецца і сёння.
— У першым квартале бягучага года была ўстаноўлена французская лінія IXAPACK GLOBAL па нарэзцы і ўпакоўцы сыроў. А гэта значыць, што павялічыўся тэрмін прыдатнасці нашай прадукцыі, а таксама мы забяспечылі прырост дабаўленай вартасці. Пачалі другі этап мадэрнізацыі цэха: устаноўку тэхналагічнай лініі па пасолцы сычужных сыроў. Лінія будзе інтэгравана ў існуючую і павялічыць магутнасць цэха да 30 тон прадукту ў суткі.
На прадпрыемстве перакананы: набыццё самага сучаснага абсталявання дазваляе сур’ёзна палепшыць якасць прадукцыі, павялічыць магутнасці і панізіць энергазатраты.

Мадэрнізацыя сапраўды дазваляе пружанскім сыраробам знаходзіць новых партнёраў. Адметна, што каля 80% вырабляемай прадукцыі адпраўляецца на экспарт.

Галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Людміла Туціна і інжынер-тэхнолаг Таццяна Шопік.


— Асноўным стратэгічным партнёрам застаецца Расія, — расказвае галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Людміла Туціна. — Там у камбіната ёсць свае дыстрыб’ютары. Дзякуючы ўдзелу ў разнастайных міжнародных выставах і конкурсах спажывецкіх пераваг, мы атрымлі-ваем не толькі дыпломы і статуэткі, але і новых партнёраў. Сёння на карце партнёрскіх сувязяў ёсць шмат краін постсавецкай прасторы: Казахстан, Таджыкістан, Узбекістан, Азербайджан, Туркменістан. Сухія малочныя прадукты адпраўляем у Кітай. Што цікава, у жыхароў розных краін розныя смакавыя перавагі. Напрыклад, узбекі і казахі больш за іншыя сыры любяць нашу «Алісу» — прадукт, які мае смак топленага малака. А вось беларусы ахвотней разбіраюць «Армель» з пажытнікам, дарэчы, адзін з самых тытулаваных нашых сыроў. Ну, а «Расійскі» і «Сметанковы» — класіка жанру, як і салата «Аліўе», якія заўсёды будуць мець сваіх спажыўцоў.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.