Понедельник, 23 сентября 2019

Рэцэпты на Біс: пасціла «Ягадная»

363

Працягваем нашу святочную рубрыку і знаёмім з калектывам рэдакцыі. Рэцэпт ад карэспандэнта Алены Зялевіч.


Перафразуючы вядомы лозунг нямецкіх жанчын, сваю жыццёвую пазіцыю коратка акрэслю чатырма «К» – Kinder, Kirche, Korrespondenz, Küche.
Дзе першае — «дзеці» – гэта трое маіх дзяцей: два сыны і дачка, якія з’явіліся на свет, каб, прыносіць, спадзяюся, толькі радасць людзям. Другое – праваслаўная царква, у якую я імкнуся хадзіць з сям’ёй, каб аддзячыць Богу за ўсё добрае, што Ён паслаў на нашым жыццёвым шляху, і папрасіць прабачэння за ўсё дрэннае, што зрабілі самі. Трэцяе — мая праца, вынік стасункаў з самымі лепшымі і найцікавейшымі жыхарамі раёна, з якімі пашчасціла пазнаёміцца падчас працы ў газеце.
І, нарэшце, апошняе —«кухня» – месца, дзе, зразумела, як шматдзетная маці і сумленная жонка праводжу значную частку свайго часу. Таму сёння хачу падзяліцца не адным, а адразу двума арыгінальнымі рэцэптамі, якія я запазычыла ў сваёй любай мамы, а тая – у маёй даражэнькай бабулі.

Рэцэпт першы: бяром звычайны дзень і добра чысцім яго ад зайздрасці, эгаізму і абыякавасці. Дадаём поўную лыжку аптымізму, вялікую жменю веры, цярпення, некалькі зерняў памяркоўнасці і ветлівасці. Атрыманую сумесь заліваем зверху любоўю і ўпрыгожваем пялёсткамі дабрыні і ўвагі. Падаём штодня з гарнірам з цёплых слоў і шчырых усмешак.
А на дэсерт – рэцэпт другі, ягадная пасціла. Смачна і карысна!

Інгрэдыенты:
ягады (маліна, суніцы ці парэчкі) свежыя ці замарожаныя – 1кг,
цукар – 8-10 ст. лыжак,
жэлацін – 50 г,
вада – 100 г.

Прыгатаванне:

  1. Ягады працерці праз сіта, дадаць цукар і давесці да кіпення.
  2. Жэлацін заліць ахалоджанай кіпячонай вадой і растварыць на вадзяной лазні да жэлейнага стану, працадзіць праз сіта і дадаць у ягадную сумесь. Паставіць у халадзільнік на 1 гадзіну (за гэты час сумесь павінна крыху застыць).
  3. Ахалоджаную ягадную сумесь узбіваць міксерам не менш за 10 мінут – яна пасвятлее і пераўтворыцца ў пышную масу. Раскласці па формачках, накрыць зверху харчовай плёнкай і зноў паставіць у халадзільнік да поўнага застывання.
  4. Перад падачай пасцілу можна парэзаць на кавалачкі, зверху пасыпаць цукровай пудрай.

Смачна есці!