Понедельник, 23 сентября 2019

Пружанский район занял второе место в областном соревновании на уборке зерновых и зернобобовых культур!

595

Здаецца, зусім нядаўна сельскія працаўнікі раёна завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур. Але клопатаў у аграрыяў шмат, і часам нават няма калі азірацца на дзень мінулы. Так што не толькі пра вынікі жніва вялася традыцыйная перадсвяточная гутарка з выконваючай абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Т.А.Вараб’ёвай.


— Таццяна Анатольеўна, давайце спачатку пагаворым пра ўклад сельскіх працаўнікоў Пружаншчыны ў агульны каравай вобласці.
— Веснавую сяўбу аграрыі раёна правялі ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны з захаваннем тэхналогіі. Планы на ўраджай былі аптымістычныя. Але, на жаль, майска-чэрвеньская засуха аказала негатыўны ўплыў на рост і развіццё сельгаскультур, пазней свае карэктывы ўнеслі ліпеньскія дажджы… Але нягледзячы на ўсе кліматычныя выпрабаванні, мы атрымалі неблагі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур.


Валавы збор збожжа склаў 119 тысяч тон пры ўраджайнасці 38,4 ц/га. Найбольшая ўраджайнасць атрымана ў ААТ «Агра-Калядзічы» — 53,7 ц/га, ААТ «Мурава» — 51 ц/га, ААТ «Жураўлінае» — 48,2 ц/га. Самы вялікі каравай сярод гаспадарак — больш за 25 тысяч тон пры ўраджайнасці 43,1 ц/га — атрыманы ў ААТ «Ружаны-Агра», што складае 21% ад валавога збору збожжа ў раёне.
— І калі падагульніць гэтыя асобныя дасягненні…
—Атрымліваецца вялікі пружанскі каравай — другі па сваёй велічыні ў вобласці, які складае амаль дзясятую частку агульнага намалоту Брэстчыны.


Варта нагадаць, што нашы сельскія працаўнікі сёлета першымі не толькі ў вобласці, але нават у рэспубліцы дасягнулі намалоту ў 100 тысяч тон збожжа. Калектывы ўсіх гаспадарак заслугоўваюць слоў падзякі за напружаную працу і годны вынік.
Справіліся нашы аграрыі і з пастаўкамі ў поўным аб’ёме хлебапякарнага збожжа для дзяржаўных патрэб.
На зерне ў бягучым годзе пасеяна 1900 гектараў кукурузы, што дасць магчымасць папоўніць запасы збожжа яшчэ прыкладна на 15 тысяч тон. Па вопыце мінулага года мы ведаем, што вырошчванне гэтай культуры мае стабілізуючую ролю ў вытворчасці зернефуражу ва ўмовах засушлівага надвор’я. У гаспадарках раёна атрыманы таксама неблагі ўраджай алейнага насення рапсу. Сабрана яго 13,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 26,7 ц/га.
— Давайце паглядзім у разрэзе збожжавых культур. Якія з іх парадавалі сваім ураджаем больш за іншыя?
— Самай высокаўраджайнай атрымалася пшаніца, якой на круг сабрана па 43,6 ц/га. Ураджайнасць трыцікале атрымалася на ўзроўні 40 ц/га. А ўвогуле ўраджайнасць азімых збожжавых істотна перавышае ўраджайнасць яравых.
—Таццяна Анатольеўна, аснову эканомікі гаспадарак раёна складае жывёлагадоўля, у прыватнасці, вытворчасць малака. Якія задачы стаяць перад корманарыхтоўшчыкамі на сёлетні сезон?
— У сёлетнім сезоне перад аграрыямі раёна пастаўлена задача па нарыхтоўцы не гадавога, а нават паўтарагадавога запасу травяністых кармоў. З першага ўкосу было назапашана 6 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. З другога ўкосу не ўсе гаспадаркі атрымалі запланаваны аб’ём травяністых кармоў. У мэтах папаўнення запасу кармоў вялася работа па сяўбе пажніўных культур.
На бягучы зімова-стойлавы перыяд для патрэб жывёлагадоўлі неабходна нарыхтаваць 200,8 тыс. тон кармавых адзінак, а ў разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы — не менш за 28 цэнтнераў. Пастаўлена задача нарыхтаваць 20,7 тысячы тон сена, 265,5 тысячы тон сенажу, 465,2 тысячы тон сіласу.
— Якая работа вядзецца ў аграрным сектары раёна па павышэнні якасці сельгаспрадукцыі?
— У гаспадарках раёна ў гэтым накірунку праводзіцца бесперапынная работа. Аб гэтым сведчаць наступныя лічбы. За сем месяцаў бягучага года гатункам «экстра» на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці рэалізавана 90,7% малочнай прадукцыі, вышэйшым — 8,5%. Адзначу, што гэта — самы высокі паказчык па Брэсцкай вобласці.
Дасягненне такіх вынікаў стала магчымым, дзякуючы моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базе ў жывёлагадоўлі. На сучасных малочнатаварных комплексах, якія абсталяваны даільнымі заламі з камп’ютарнай сістэмай кіравання статкам, сканцэнтравана 90% жывёлы. У ААТ «Шані-аграпрадукт» і ААТ «Велікасельскае Агра» на малочнатаварных фермах устаноўлены даільныя ўстаноўкі «Delaval» з падвясной транспартнай сістэмай манарэйка, што дазваляе атрымліваць малако гатункам «экстра» ва ўмовах прывязнога ўтрымання дойнага статка.
Таварнасць малака па раёне за сем месяцаў бягучага года склала 90,8%.
На перапрацоўчыя прадпрыемствы гаспадаркі паставілі за сем месяцаў 2019 года 134,6 тысячы тон малака, што складае 104,9% да аналагічнага леташняга перыяду.
— Наколькі нашы сельгаспрадпрыемствы на сённяшні дзень забяспечаны кадрамі?
— Кадравае забеспячэнне —адна з прыярытэтных задач сельскагаспадарчай галіны. У нашым раёне створаны спрыяльныя ўмовы для маладых спецыялістаў. Гаспадаркі вы-дзяляюць ім добраўпарадкаванае жыллё, забяспечваюць годнай заработнай платай. Штогод на сельгаспрадпрыемствы прыбывае больш за 100 маладых спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Аналіз апошніх пяці гадоў паказаў, што пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі застаецца працаваць далей прыкладна палова з іх.
Цяпер у нашым раёне найбольш запатрабаваны спецыялісты, якія маюць заатэхнічную і ветэрынарную адукацыю.
— Таццяна Анатольеўна, але сёння важнае значэнне мае і памер заработнай платы ў аграрнай галіне.
— У аграрным сектары раёна занята 4,4 тысячы чалавек. Сярэднямесячная заработная плата за 7 месяцаў бягучага года склала 839,5 рублёў, што на 89 рублёў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
— А якая роля фермерскіх гаспадарак у вытворчасці сельгас-прадукцыі?
— У раёне працуе 32 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 1,3 тысячы гектараў зямлі. Іх удзельная вага ў агульным аб’ёме сельгасвытворчасці раёна складае пакуль каля 1%. Валаўтваральнымі фермерскімі гаспадаркамі з’яўляюцца «Бардо», «Тукана», «Тытул-Агра», «ТЭК», «Барычэўскі П.І», «Бокша».
—Таццяна Анатольеўна, на парозе восень. А гэта значыць, што клопатаў у сельскіх працаўнікоў стане яшчэ больш.
— Клопаты традыцыйныя. З сяўбой азімага рапсу на плошчы 5750 гектараў мы ўжо справіліся. Рыхтуемся да сяўбы азімых збожжавых, якія неабходна пасеяць на плошчы 20,9 тысячы гектараў. Пачалі ўборку кукурузы на сілас. Неабходна яшчэ ўбраць бульбу, цукровыя буракі, садавіну і агародніну.

Гутарыў Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.