Понедельник, 23 сентября 2019

Узнали для вас расценки на уборку зерновых на частных участках в разных хозяйствах района

349

Ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што за апошнія гады колькасць асабістых падсобных гаспадарак у сельскай мясцовасці значна зменшылася. У асобных вёсках на падворках не засталося ніводнай каровы. Але нават наяўнасць у асабістай гаспадарцы свіней і курэй — гэта стымул для вясковага жыхара, каб пасеяць на прысядзібным участку збожжавыя культуры і мець уласнае збожжа на корм.
З уборкай збожжавых на прысядзібных участках апошнім часам праблем не ўзнікае. Сельгаставарыствы гатовы аказаць вясковым жыхарам такую паслугу. Але расцэнкі ў кожнай гаспадарцы свае. І, як бачна са зваротаў у рэдакцыю, не заўсёды яны задавальняюць карыстальнікаў. Што ж, кожны ўстанаўлівае свае «правілы гульні», зыходзячы з уласных эканамічных магчымасцяў.


Ёсць гаспадаркі, дзе за работу камбайна прызначаецца пагадзінная аплата. Як аказалася, у раёне самая высокая яна ў ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» — камбайн можна выпісаць не менш чым на гадзіну работы, а кожная гадзіна ўборкі збожжавых на прысядзібным участку каштуе 92 рублі. (Зразумела, рашэнне законнае, але нам здаецца, гэта не надта справядлівы падыход: што рабіць тым, хто, напрыклад, пасеяў толькі 10 сотак збожжавых? Камбайн справіцца з імі менш чым за паўгадзіны). У суседнім ААТ «Ліноўскае» падобнае ўлічылі: тут камбайн можна выпісаць і на паўгадзіны. Для сваіх работнікаў гадзіна работы камбайна абыдзецца ў 78 рублёў, а для тых, хто працуе ў іншай арганізацыі, — 99 рублёў.
Але ў большасці гаспадарак аплата бярэцца ў залежнасці ад убранай плошчы. Так у ААТ «Жураўлінае» за сотку неабходна заплаціць 3,09 рубля, у ААТ «Ружаны-Агра» — 3,2, у ААТ «Мурава» — 3,4, у ААТ «Агра-Калядзічы» — 4,5 рубля. Праўда, у шэрагу сельгаставарыстваў існуюць розныя расцэнкі для сваіх работнікаў і старонніх асоб. Так у ААТ «Айчына» сваім работнікам за сотку ўбранай плошчы неабходна заплаціць 4,5 рубля, а астатнім кліентам — ажно 13,5 рубля.
Калі меркаваць, што з 10 сотак можна сабраць 350 кг збожжа, а кілаграм збожжавых культур на рынку каштуе сёлета прыкладна 40 капеек, то пры такім раскладзе вясковец усё роўна застаецца ў пэўнай выгадзе.
Як бы там ні было, кожны ўладальнік прысядзібнага ўчастка вырашае сам — сеяць збожжавыя культуры на сваім участку або набыць гатовае збожжа ў фермерскіх гаспадарках ці ў прыватных асоб. Дарэчы, такія аб’явы з’явіліся ў нашай газеце. Але тут, як кажуць, у кожнага павінна быць свая арыфметыка.
Мікола Архуцік.