Понедельник, 23 сентября 2019

Пресс-конференция губернатора области: неравнодушно о наболевшем

521

Як ужо паведамляла наша газета, на мінулым тыдні прэс-канферэнцыю для журналістаў правёў старшыня аблвыканкама А.В.Ліс. Яго пасыл з нагоды таго, што маўчаць па найбольш значных праблемах органы ўлады не павінны, адразу падхапілі журналісты і акрэслілі асноўныя тэмы для размовы.


Інфармацыйнае суправаджэнне
Аднак спачатку Анатоль Васільевіч акрэсліў важныя для інфармацыйнага суправаджэння падзеі. А таксама падзякаваў усім за актыўнае асвятленне ўборачнай кампаніі і за годныя матэрыялы аб героях жніва.
Найперш, што адзначыў для асвятлення ў сродках масавай інфармацыі старшыня аблвыканкама, гэта абласное свята “Дажынкі-2019”, якое ўжо ў гэтую суботу пройдзе ў Ружанах. Грандыёзным павінна атрымацца свята Брэста, тысячагоддзе якога жыхары і госці абласнога цэнтра будуць адзначаць з 6 па 8 верасня. Таксама важнай падзеяй будзе перапіс насельніцтва, які будзе праводзіцца з 4 па 30 кастрычніка. Як вядома, апошні перапіс адбыўся ў 2010 годзе. Зараз вядзецца актыўная падрыхтоўка да яго арганізацыі. А ў лістападзе адбудуцца парламенцкія выбары. 7 лістапада – выбары членаў Савета Рэспублікі, 17 лістапада – выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
—Традыцыйна выбарныя кампаніі суправаджаюцца павышэннем актыўнасці інфармацыйнага поля, — сказаў А.В.Ліс. – І вельмі спадзяюся, што ў нашай вобласці асвятленне такой кампаніі будзе праходзіць цывілізавана і аб’ектыўна.

Завод з парушэннямі ўведзены не будзе


Нагадаем, што адпаведным распараджэннем старшыні аблвыканкама будаўніцтва акумулятарнага завода прыпынена да ўхілення недахопаў. Вытворчую дзейнасць, звязаную з выпускам прадукцыі, ТАА “Ай-Паўэр” не ажыццяўляе.
На сённяшні дзень завершаны ўсе будаўніча-мантажныя работы, зроблены канчатковы разлік з генпадраднай арганізацыяй. Спецыяльна створаная рабочая камісія правяла прыёмку ўсяго тэхналагічнага абсталявання, якое прадугледжана праектнай дакументацыяй і ўстаноўлена на прадпрыемстве. Праведзены адпаведныя пусканаладачныя работы. Абсталяванне гатова да выпуску прадукцыі.
Атрыманы заключэнні Брэсцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, абласнога ўпраўлення МНС, Дзяржэнерганагляду па Брэсцкай вобласці, абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду, ДАІ ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Пакуль не атрыманы заключэнні Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і абласнога ўпраўлення Дзяржбуднагляду.
—Завод з парушэннямі экалагічных і іншых нормаў, якія існуюць у Рэспубліцы Беларусь, уведзены ў эксплуатацыю не будзе, — акцэнтаваў увагу старшыня аблвыканкама. – І пра гэта я не раз гаварыў.
Таксама А.В.Ліс расказаў, што, згодна з умовамі дагавора, заключанага з “АйПаўэр” на вы-дзяленне сродкаў інавацыйнага фонда аблвыканкама па рэалізацыі і фінансаванні дадзенага інавацыйнага праекта, “АйПаўэр” павінен быў ажыццявіць увод завода ў эксплуатацыю да 31 ліпеня 2019 года. Інакш сума сродкаў, выкарыстаных арганізацыяй па дагаворы, павінна быць вернута ў інавацыйны фонд аблвыканкама. Паколькі на гэтую дату кампанія не выканала свае абавязацельствы, то аблвыканкам адмовіўся ад выканання сваіх, паведаміў “АйПаўэр” аб спыненні дагавора і патрабаваў вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку.

Важна не толькі вырасціць, але і прадаць
На пытанне пра закупкі плодаагародніннай прадукцыі ў насельніцтва А.В.Ліс адказаў, што гэтай работай займаюцца нарыхтоўчыя арганізацыі розных формаў уласнасці. Пры гэтым большая частка прадукцыі закупляецца арганізацыямі Белкаапсаюза. Цэны на такую сельгаспрадукцыю ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад яе якасці і кан’юнктуры рынку. Таму дыктаваць умовы вытворца прадукцыі не можа. Ён павінен лічыцца з рыначнай сітуацыяй. Калі ўпала цана, то па ёй і будуць праводзіцца закупкі.
Таксама старшыня аблвыканкама засяродзіў увагу на недапушчэнні гандлю “з зямлі”. Такі гандаль з’яўляецца не толькі небяспечным, ён стварае беспарадак на вуліцах і скрыжаваннях. Таму яго трэба выкараняць, гандаль павінен быць цывілізаваны. І для гэтага ёсць спецыяльна абсталяваныя месцы.

Каб пазбегнуць аварый…
Калі ідзе размова пра масты, такое пытанне патрабуе больш сур’ёзнага падыходу. Тым больш што на рэспубліканскіх дарогах налічваецца 418 маставых збудаванняў. З іх толькі 29 не старэй за 25 гадоў. 188 мастоў эксплуатуюцца звыш паўстагоддзя. Па выніках абследавання, як зазначыў А.В.Ліс, неабходна выканаць капітальны рамонт 31 маставога збудавання. На дадзены момант 6 буйных маставых збудаванняў на рэспубліканскіх дарогах патрабуюць тэрміновага рамонту. На мясцовых аўтамабільных дарогах вобласці налічваецца 192 маставыя збудаванні. У 2018-2019 гадах абследавана 85 мастоў. З іх патрабуюць капітальнага рамонту каля дзесяці. У гарадах з найбольш праблемных вызначаны масты ў Кобрыне і Давыд-Гарадку, пуцеправоды ў Пінску і Баранавічах. Улічваючы, што рамонтныя работы каштуюць надзвычай дорага, у дадзены момант на ўзроўні ўрада вырашаецца пытанне па выдзяленні крэдыту на іх правядзенне.

“Дажынкі” памяняюць аблічча малых гарадоў


Гэта адзначыў Анатоль Васільевіч, адказваючы на пытанне з нагоды далейшага правядзення абласных святаў-кірмашоў працаўнікоў вёскі. І спыніўся на сёлетнім правядзенні такога мерапрыемства ў Ружанах. У прыватнасці, кіраўнік вобласці адзначыў, што г.п.Ружаны, як і Высокае, дзе фестываль праходзіў летась, змяняецца ў лепшы бок. Было запланавана рэканструяваць і добраўпарадкаваць 130 аб’ектаў. Работы вяліся амаль што на кожнай вуліцы пасёлка. У абноўленым выглядзе ўжо знаходзяцца многія адміністрацыйныя і жылыя будынкі. Так да прыёму гасцей поўнасцю гатовы Цэнтр культуры і адпачынку, аддзелку якога правялі арыгінальна, з элементамі выцінанкі. Завершана добраўпарадкаванне тэрыторыі каля палаца Сапегаў. Дзякуючы спонсарскай дапамозе ААТ “Ружаны-Агра”, прыкметна мяняецца аблічча былога манастыра базыльян, у зборы сродкаў на рамонт якога прымалі ўдзел і мясцовыя жыхары.
—Паступова, на вачах у людзей, вымалёўваюцца контуры сучаснага ўтульнага пасёлка з багатай гісторыяй, — канстатаваў губернатар.

І гэта паўплывае на развіццё турызму


—Найперш варта адзначыць, што Брэсцкую вобласць наведвае ў год звыш 800 тысяч турыстаў, з якіх 280 тысяч — замежныя грамадзяне. Дзякуючы гэтаму, у мінулым годзе вобласць зарабіла на экспарце турыстычных паслуг 14,9 мільёна долараў ЗША. За ўвесь тэрмін дзеяння бязвіза вобласць наведала 38 тысяч турыстаў, даход ад наведвання якіх склаў 2 мільёны долараў ЗША. У першую чаргу, да нас едуць па ўражанні: прыцягваюць народныя святы са стравамі нацыянальнай кухні і рэканструкцыяй звычаяў. Многія прыродныя аб’екты лічацца эксклюзіўнымі ў Еўропе. Гэта і Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, і прырода Прыпяцкага Палесся. Наогул на Брэстчыне больш за пяцьдзясят заказнікаў, якія цікавяць турыстаў.

Самае дарагое – жыццё
Менавіта з такіх слоў старшыня аблвыканкама пачаў адказваць на пытанне з нагоды магчымага ўвядзення больш жорсткай адказнасці за гібель людзей па асабістай бестурботнасці. На яго думку, такі метад сітуацыю не выправіць. Трэба, каб людзі самі добра разумелі наступствы сваёй легкадумнасці. А паўплываць на гэта могуць у тым ліку і сродкі масавай інфармацыі.
Аднак найлепш пра сітуацыю сведчыць статыстыка. І хоць агульная смяротнасць ад знешніх прычын па вобласці за першае паўгоддзе бягучага года знізілася на 7%, сітуацыя не можа не турбаваць: першае месца займаюць выпадковыя атручванні алкаголем – 23%, другое – утапленні (10%), трэцяе – няшчасныя выпадкі на пажарах (9%). Таксама адзначаецца зніжэнне колькасці смерцяў ад знешніх прычын асоб працаздольнага ўзросту, аднак насцярожвае, што ў структуры дадзенай смяротнасці лідзіруюць самагубствы.
І гэта, перш за ўсё, адбываецца з-за безадказнасці, і не толькі самога чалавека, але і тых, хто знаходзіцца побач. Каб людзі не былі такімі раўнадушнымі, менш было б і аварый з удзелам п’яных вадзіцеляў, і трагедый як на вадаёмах, так і на пажарах.
Галіна Каляда.